Для мастачкі, кніжнага ілюстратара Надзеі Барай, якая ў галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі нядаўна прадставіла экспазіцыю «Трэба дома бываць часцей», дом — гэта і родная старонка, і ментальная прастора, што захоўвае асабістыя ўспаміны, і памяць аб сваім родзе. Сама мастачка — з вёскі Хадынічы, што на Кобрыншчыне (Брэсцкая вобласць). У многіх творах на выстаўцы, справаздачы аўтара да свайго 65-годдзя, адлюстраваны бацькоўская хата, родныя мясціны, дзіцячыя ўспаміны... Ствараецца ідылічны сусвет, дзе матыў ціхамірнага шчасця пераважае, выклікаючы ў наведвальніка пачуццё хвалявання і замілавання.

«Сонца ўзышло», 2024 г.
Невыпадкова для назвы выстаўкі быў выбраны знакаміты радок з верша Рыгора Барадуліна. Наказам класіка Надзея Барай карыстаецца і з той мэтай, каб прынамсі ў думках дапамагчы гледачу вярнуцца дадому, пабыць побач з блізкімі. Гэтыя словы — быццам дэвіз для мастачкі, якая на працягу ўсёй сваёй творчасці, у тым ліку ў якасці ілюстратара ў выдавецтвах «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», «Беларусь», «Мастацкая літаратура» (тут Надзея Барай сёння працуе мастацкім рэдактарам), распрацоўвае адметную прастору з адпаведнымі сюжэтамі і сістэмай вобразаў.
— Надзея Васільеўна блізкая для мяне і тым, што абедзьве мы родам з Берасцейшчыны. У Беларусі зямляцтва — вялікая сіла, — лічыць Аксана Спрынчан, паэт, вядучы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». — На адлюстраванае і ўкладзенае ў творы мастачкай я гляджу быццам на сваё... Мая мара аб’ехаць усе вёсачкі нашай краіны быццам яднаецца з гэтай выстаўкай. Ва ўсіх работах Надзеі Васільеўны бачна прага жыцця: нават калі гаворка ідзе пра закінутую вёску, сама мясціна застаецца — не знікаюць памяць і любоў.
У экспазіцыі «Трэба дома бываць часцей» ёсць не толькі пейзажы і сюжэтныя кампазіцыі, але і нацюрморты, партрэты. Яны і ўзбагачаюць, і ўдасканальваюць канцэпцыю выстаўкі, і сведчаць пра творчыя магчымасці Надзеі Барай, якая хоць і аддае перавагу акварэлі, аднак шмат працуе ў змешанай тэхніцы. Дэманструецца больш за сем дзясяткаў твораў, а таксама кніжныя выданні і арыгіналы ілюстрацый да іх.
— Вельмі рада, што выстаўка «Трэба дома бываць часцей» адбываецца менавіта ў Нацыянальнай бібліятэцы і ў гэты час, — падзялілася ўражаннямі Надзея Барай. — Я чалавек нерашучы, крыху інертны, не люблю вялікіх перамен у жыцці. І калі змены павінны прыйсці, то лёс ставіць у такія ўмовы, калі проста даводзіцца рабіць крок наперад... Такіх момантаў у мяне было шмат, арганізацыя гэтай выстаўкі — у тым ліку.

«Аўтапартрэт», 1984 г.
Але ўсё рабілася хутка, для галерэі «Лабірынт» патрабавалася вялікая колькасць твораў — не было нават часу аналізаваць, ці хопіць сіл, здароўя... Але ўсё атрымалася, і я дзякую супрацоўнікам бібліятэкі за намаганні і вялікую працу.
Пазнаёміцца з выстаўкай Надзеі Барай «Трэба дома бываць часцей» можна да 5 кастрычніка.
Яўгенія ШЫЦЬКА