Top.Mail.Ru

Цікава аб Зямлі: незвычайны геалагічны клас адкрылі ў Мінску

Аўтар: Александрына Паршына
04.12.2025 | 09:05

Клас Карпінскага з’явіўся учора ў сталіцы на базе Навукова-вытворчага цэнтра па геалогіі пад эгідай Усерасійскага навукова-даследчага геалагічнага інстытута імя А. П. Карпінскага. Новая асветніцкая пляцоўка стане цэнтрам прыцягнення як для профільных спецыялістаў, так і навучэнцаў, а таксама будзе садзейнічаць беларуска-расійскаму ўзаемадзеянню ў галіне нетракарыстання.


«Клас Карпінскага» — унікальны міжнародны адукацыйны праект, створаны на базе Усерасійскага навукова-даследчага геалагічнага інстытута імя А. П. Карпінскага. Місіяй яго з’яўляецца дасканаленне ведаў прафесійных геолагаў і будучых маладых спецыялаў: студэнтаў профільных ВНУ, юных удзельнікаў геалагічных і экалагічных гурткоў. Тут можна не толькі павысіць сваю кваліфікацыю, але і атрымаць уяўленне аб дасягненнях галіновай навукі, абмяняцца вопытам і найбольш эфектыўнымі практыкамі з калегамі з іншых краін, ініцыяваць сумесныя праекты. Студэнты маюць магчымасць праслухаць курс відэалекцый па навуках аб Зямлі, сустрэцца з мэтрамі геалогіі з Расіі, блізкага і далёкага замежжа. Карыснымі будуць класы Карпінскага і для падлеткаў, якія толькі мараць звязаць свой лёс з гэтай прафесіяй, бо тут можна даведацца аб сучасных метадах пошукавых работ, картаграфіі, даследаванні нетраў і інш.

Усерасійскі навукова-даследчы геалагічны інстытут імя А. П. Карпінскага — вядучая ўстанова Федэральнага агенцтва па нетракарыстанні (Раснедра) у галіне геалагічнага вывучэння нетраў. Асноўная дзейнасць — забеспячэнне і выкананне работ па дзяржаўнаму геалагічнаму картаграфаванню тэрыторыі Расіі і прылеглых да яе акваторый, навукова-тэхнічнае забеспячэнне геолагаразведачных работ.

Па словах намесніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктара ГАЛАНАВА, адкрыццё новай асветніцкай пляцоўкі стала магчымым у рамках рэалізацыі дамоўленасцей, дасягнутых паміж кіраўніцтвам Мінпрыроды Беларусі і Усерасійскага навукова-даследчага геалагічнага інстытута імя А. П. Карпінскага падчас сёлетняга Неўскага міжнароднага экалагічнага кангрэсу.

— На базе класа Карпінскага, я ўпэўнены, будуць узаемадзейнічаць не толькі профільныя спецыялісты. Гэта будзе пляцоўка для працы і атрымання дадатковых ведаў аб Зямлі, а таксама ўзаемадзеяння нашай моладзі і аксакалаў у вобласці геалогіі. Гэта трэба не проста падтрымліваць, а развіваць, таму што толькі пераемнасць традыцый можа даць задзел для будучых вынікаў у геалагічнай галіне, — адзначыў намеснік міністра.

— Ключавым рэсурсам з’яўляюцца людзі. Яны — аснова, падмурак усёй геалогіі. Клас будзе напоўнены як лекцыямі, так і практычнымі семінарамі. Прадугледжаны розныя напрамкі, праграмы да якіх будуць узгоднены асобна, — падзяліўся кіраўнік Усерасійскага навукова-даследчага геалагічнага інстытута імя А. П. Карпінскага Павел ХІМЧАНКА і падкрэсліў, што сёння гэта навуковая ўстанова па шэрагу напрамкаў з’яўляецца лідэрамі галіны не толькі ў Расіі, але і ў свеце. — Уся гэтая геалагічная моц будзе аб’яднана ў практычным і фундаментальным рэчышчы для рэалізацыі сумесных мэтаў.

Як паведамілі ў НВЦ па геалогіі, у рамках «Класаў Карпінскага» будуць ладзіцца выстаўкі, кінапаказы, тэматычныя лекцыі і іншыя мерапрыемствы. Напрыклад, семінар па інклюзіўнай геалогіі. 

— Чалавек створаны спазнаваць свет і пастаянна рабіць яго лепш. Гэта сэнс жыцця, мусіць, кожнага. Наша задача, адкрываючы гэты клас, зрабіць так, каб ён захаваўся праз гады і ўмацоўваў сяброўства паміж нашымі дзяржавамі, — рэзюмаваў генеральны дырэктар Навукова-вытворчага цэнтра Уладзімір МЕЛЬНІКАЎ.

Падчас ўрачыстага мерапрыемства было падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Усерасійскім навукова-даследчым геалагічным інстытутам імя А. П. Карпінскага і НВЦ па геалогіі. Дакумент закліканы рэгуляваць сумесную дзейнасць па стварэнні і рабоце асветніцкай пляцоўкі «Клас Карпінскага».

Да таго ж для ўдзельнікаў імпрэзы была падрыхтавана планшэтная выстава «Каменная палітра» (выкарыстанне пігментаў і мінералаў у мастацтве на працягу стагоддзяў — ад наскальных выяў старажытнага чалавека да шэдэўраў сучаснасці і прыродных скарбаў), біяграфічная вастаўка «Натхнёны Зямлёй: гісторыя бацькі расійскай геалогіі» (аб савецкім і расійскім вучоным А. П. Карпінскім), выстаўка фотаздымкаў з геалагічных экспедыцый і інш.

Александрына ПАРШЫНА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю