Top.Mail.Ru

Ці можна вырвацца з клеткі залатой?

11.12.2025 | 16:03
Аб поспеху «Рымскіх канікул» на сцэне Беларускага музычнага тэатра

У апошнія дні восені на сцэне Беларускага музычнага тэатра адбылася прэм’ера мюзікла «Рымскія канікулы» расійскага кампазітара Андрэя Кротава. Гэты твор ён пісаў па заказе Новасібірскага музычнага тэатра, з якім паспяхова супрацоўнічае многія гады. Мюзікл створаны па матывах аднайменнай культавай кінастужкі 1953 года, якая ўнесена ў амерыканскі Нацыянальны рэестр фільмаў, што маюць асаблівую культурную, гістарычную і эстэтычную значнасць. Адзначым, што і спектакль Новасібірскага тэатра стаў уладальнікам вышэйшай расійскай тэатральнай прэміі «Залатая маска» ў дзвюх намінацыях: «Лепшы спектакль у аперэце/мюзікле» і «Лепшая работа рэжысёра».

Поспех «Рымскіх канікул» у многім залежыць і ад якасці лібрэта, аўтарам якога з’яўляецца Нона Кротава. Па-першае, вельмі трапнай аказалася перапрацоўка кінасцэнарыя ў фармат тэатральнага лібрэта, і па-другое, мастацкай вартасцю вызначаюцца тэксты вершаў музычных нумароў. А пастаноўшчыкі нашага спектакля адзначаюць яшчэ і выдатную зладжанасць музычнага і літаратурнага матэрыялаў, што вельмі спрыяе выразнасці і логіцы сцэнічнага дзеяння. Рэжысёр Валерыя Чыгілейчык беражліва аднеслася да аўтарскай задумкі і тэксту лібрэта, а калі і ўносіла свае нязначныя карэктывы, то абавязкова ўзгадняла іх з аўтарам. У сваю чаргу дырыжор-пастаноўшчык Мікалай Макарэвіч адзначыў, што музычная драматургія твора вызначаецца дакладнасцю і выразнасцю, запамінальныя лейттэмы спрыяюць раскрыццю задумы кампазітара і ўспрыманню музычнай мовы сцэнічнага дзейства ў цэлым. Гледачы падчас спектакля змогуць адрозніць матывы амерыканскага і заходнееўрапейскага мюзікла, нават пачуюць італьянскае бельканта. Але пры гэтым у музычным матэрыяле няма ніякіх цытат, пераймання ці імітацыі. Усё зроблена арыгінальна і ва ўласнай аркестроўцы. 

І сама пастаноўка выглядае збалансаванай: у ёй ёсць арыі і дуэты галоўных герояў, яркія ансамблевыя нумары, і практычна ўсё дзейства пранізана харэаграфіяй. Балетмайстар-пастаноўшчык Аляксандр Філіпаў адзначае, што ён не ствараў танец дзеля танца, яго харэаграфія падпарадкоўваецца зместу і сэнсу музычнай драматургіі твора. Яркую відовішчнасць масавым сцэнам надаюць і прадуманыя касцюмы. Мастак па касцюмах Ілья Падкапаеў удумліва распрацоўваў вобразы ўсіх персанажаў, падкрэсліваючы іх характарнасць. І канешне, акцэнт рабіўся на эпоху — перыяд моды Dior.

Дзеянне ў мюзікле, як і ў фільме, адбываецца ў Рыме, куды ў рамках дыпламатычнага турнэ прыбывае Ганна — юная прынцэса неназванай еўрапейскай манархіі. Штодзённыя афіцыйныя цырымоніі і прыёмы, распісаны па хвілінах графік мерапрыемстваў вельмі напружваюць яе і даводзяць да нервовага зрыву. Перад сном прыдворны доктар робіць Ганне ўкол новага седатыўнага і снатворнага прэпарата і запэўнівае, што заўтра раніцай яна прачнецца здаровай, ураўнаважанай і будзе спакойна працягваць сваю місію. Але прынцэса не можа змірыцца з думкай, што заўтра ўсё паўторыцца зноў і, праявіўшы вынаходлівасць, уцякае з-пад кантролю. 

Аказаўшыся ў цэнтры Рыма ноччу адна, без аховы, яна ўпіваецца нязведаным пачуццём свабоды. Але паступова пад уздзеяннем уколу яе пачынае неадольна хіліць да сну. І хутка прынцэса моцна засынае на парапеце фантана ў людным месцы. Тут яе выпадкова знаходзіць рэпарцёр Амерыканскага агенцтва навін Джо Брэдлі. Асцерагаючыся, што гэтую безабаронную дзяўчыну могуць забраць у паліцэйскі ўчастак, ён збіраецца адвезці яе дамоў на таксі, але ніяк не можа дазнацца, дзе яна жыве. У рэшце рэшт прыводзіць яе ў сваю маленькую халасцяцкую кватэрку. А назаўтра пачынаецца ўсё самае неверагоднае... 

Упрэм’ерным спектаклі ролі Ганны і Джо выконвалі Ілона Казакевіч і Ілья Саванеўскі. Сцэна іх дзіўнага знаёмства — адна з нямногіх размоўных, дзе закладваюцца пачаткі псіхалагізму іх будучых узаемаадносін. 

А ў наступнай размоўнай сцэне Джо дэманструе ўжо сваю прафесійную прыналежнасць: спазніўшыся на працу, ён апраўдваецца перад шэфам, што быў на прэс-канферэнцыі з удзелам прынцэсы. У ролі шэф-рэдактара выступіў Аляксандр Асіпец — выдатны драматычны акцёр, які з пачуццём непрыхаванага задавальнення віртуозна выводзіў свайго падшэфнага на чыстую ваду. Толькі ўволю паздзекаваўшыся з Джо, шэф прад’явіў неаспрэчны доказ яго маны — ранішнюю газету з паведамленнем аб адмене прэс-канферэнцыі і партрэтам прынцэсы! Інтрыга імгненна набыла новы кірунак — зразумеўшы, хто спіць у яго кватэры, Джо адразу вырашае зрабіць на гэтым сенсацыйны матэрыял. І тут ужо пачаўся цынічны торг за ганарар!.. Экспрэсіўны музычны ансамблевы нумар з удзелам шэф-рэдактара, дзе ён горда называе сябе кітом медыябізнесу і акулай пяра, ярка падкрэслівае яго характарнасць.

Між тым Джо вяртаецца да сябе на кватэру, як нічога не было міла гутарыць з Ганнай, і яна, доўга не затрымліваючыся, адпраўляецца нібыта дамоў, папярэдне пазычыўшы ў яго невялікую суму, бо яна ніколі не носіць грошы з сабой... Пакінуўшы свой начны прытулак, прынцэса акунаецца ў вір гарадскога жыцця, потым заходзіць у цырульню, адкуль выходзіць з моднай кароткай стрыжкай. Цырульнік Марыа, ролю якога выконвае Дзмітрый Маціеўскі, зачараваны прыгажосцю новай кліенткі, запрашае яе прыйці вечарам на танцпляцоўку, якая размешчана на набярэжнай Тыбра. І тут гучыць самы лірычны нумар мюзікла — Марыа ў чыста італьянскай манеры спявае баладу «Ах, какие у вас глаза!..»

Увесь гэты час Джо непрыкметна сочыць за Ганнай і нарэшце нібыта выпадкова сутыкаецца з ёю. Папярэдне ён дамовіўся з фотакарэспандэнтам Ірвінам разам зрабіць сенсацыйны матэрыял. І той сфатаграфаваў Джо з Ганнай у вулічным кафэ і іншых месцах горада, а вечарам — на танцпляцоўцы, дзе яна танцавала то з Джо, то з цырульнікам... У гэтай характарнай ролі выступіў Сяргей Жараў, на долю якога выпалі і экспрэсіўныя музычныя нумары. 

Дзень быў насычаны прыгодамі: Ганна каталася з Джо на чужым матаролеры і нават удзельнічала ў бойцы тайных агентаў бяспекі з Джо і цырульнікам на танцпляцоўцы. Для сенсацыйнага матэрыялу фактаў і фотаздымкаў было больш чым дастаткова, і шэф-рэдактар ужо смакаваў сваю перамогу над канкурэнтамі. Але матэрыял ад Джо ён так і не атрымаў. І Ірвін, зразумеўшы, што не будзе абяцанага ганарару, у час прэс-канферэнцыі, якая адбылася на наступны дзень, перадаў прынцэсе фотаздымкі, якія яе кампраметуюць. А шэф-рэдактар атрымаў яшчэ адно моцнае ўзрушэнне: пасля слоў прынцэсы, што ёй вельмі падабаюцца італьянскія песні, яго лепшы рэпарцёр, сапраўдны амерыканец Джо Брэдлі, заспяваў тую самую баладу: «Ах, какие у вас глаза!..»

У гэтым мюзікле ёсць яшчэ адна дзеючая асоба — горад Рым! Яму прысвечана нават асобная музычная тэма. У фільме лёгка было паказаць усе архітэктурныя помнікі Вечнага горада, а як зрабіць гэта ў спектаклі? І мастак-пастаноўшчык Андрэй Меранкоў прыдумаў арыгінальны ход. На кулісах мы бачым стылізаваныя выявы рымскай архітэктуры, а ў цэнтры сцэны размешчана кампазіцыя з абрысамі самага вядомага і самага вялікага ў Рыме фантана Трэві са статуяй Нептуна. Пры дапамозе панарамнай відэапраекцыі на заднім плане ўзнікае фасад велічнага палаца, да якога прымыкае канструкцыя фантана. Відэапраекцыя рухаецца, і мы бачым галоўныя архітэктурныя дамінанты Рыма: Калізей, Форум, Арку Ціта... 

Зоя МАТУСЕВІЧ

Фота Сяргея ЧЫГІРА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю