Калі гісторыя ўжо шырока вядомая, то вастрыня інтрыгі страчваецца, і рэжысёру трэба дадаткова нечым зацікавіць мяне як гледача. Гэта можа быць адмысловая канцэпцыя ці сцэнаграфічнае рашэнне альбо выдатная акцёрская гульня, якой і патрабуе п’еса Аляксандра Вампілава «Старэйшы сын» і на што быў зроблены разлік у вядомым савецкім фільме 1975 года з Яўгенам Ляонавым, Мікалаем Карачанцавым і Міхаілам Баярскім. Але розныя тэатры і пасля кіно звярталіся да гэтага матэрыялу, напэўна, менавіта таму, што ў ім ёсць што іграць — як з пункту гледжання зместу, так і з пункту гледжання характараў персанажаў. А рэжысёр-пастаноўшчык Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра Таццяна Аксёнкіна разлічыла, што ёй ёсць з кім працаваць над увасабленнем дзіўнай гісторыі, якая магла здарыцца насамрэч.
...Два кавалеры — студэнт-медык Уладзімір Бусыгін і гандлёвы агент па мянушчы Сільва — позна ўвечары вырашылі правесці дзяўчат у прыгарад. У госці іх не запрасілі, а вярнуцца назад ужо не было магчымасці. На начлег на месцы разлічваць не выпадала. Тады ў маладых людзей, якія сталі таварышамі па няшчасці, з’явілася спантаннае рашэнне — пастукаць у дзверы кватэры, дзе яшчэ не спалі. Тым больш, яны толькі што назіралі сцэну, калі немалады мужчына з гэтай кватэры на ноч гледзячы завітаў да маладой суседкі... Студэнт-медык Уладзімір Бусыгін тут жа вырашыў пакараць дзядзьку за «амаралку», разыграўшы авантуру: хлопцу, які адчыніў дзверы, ён прадставіўся яго... старэйшым братам. Той здзіўлены, але прымае гасцей. На дзіва, і яго тата, Андрэй Сарафанаў, вярнуўшыся, пагаджаецца: так, у яго мог быць такі сын. Падобна, ён нават чапляецца за Бусыгіна як за новага члена сям’і, які можа паўплываць на малодшага Васю, бо той збіраецца збегчы з дому з-за няшчаснага кахання да дзяўчыны, якую тата толькі што прасіў аб прыхільнасці да юнака. Начлег для двух авантурыстаў павярнуўся рэальным уцягненем у жыццё гэтай сям’і, з размовамі па душах і нечаканым адкрыццём: «тата» — вельмі добры чалавек, які сам гадаваў двух дзяцей. І раніцой госці не з’ехалі: увечары дачка Сарафанава Ніна павінна была прывесці ў дом свайго жаніха-вайскоўца, як жа старэйшы брат мог гэта прапусціць? Тым больш, што дзяўчына прывабная.
І Бусыгіну сімпатызуе, шкада толькі, што ён «старэйшы брат»...
Вядома, падман павінен раскрыцца. Але цана — магчымы крах веры ў людзей і яшчэ больш глыбокі крызіс для Сарафанава, які падаецца няўдачнікам. Але ці так гэта, калі ўзяць да ведама, што для гэтага чалавека любоў да дзяцей на першым месцы?..
Да тых дзяцей, якіх ён прыняў у сваё сэрца.
Каб увасобіць вампілаўскія вобразы, патрэбны акцёры пэўнага ўзроўню. Гэта спектакль з акцэнтам на тонкую акцёрскую гульню. І варта парадавацца за Юрыя Шэланкова, які бліскуча сыграў Сарафанава-бацьку. Нібыта на яго пісалася і ставілася! (Хоць у маладзёжным тэатры ёсць яшчэ адзін выканаўца гэтай ролі — Сяргей Шаранговіч, артыст зусім з іншым тэмпераментам, таму, відаць, гэта будзе іншы варыянт пастаноўкі). Для больш дакладнай перадачы сэнсу мае вялікае значэнне дуэт таты-Шэланкова і яго наваяўленага сына — падчас прэм’еры яго іграў Аляксей Вінаградаў, — які адчувае: перад ім добры чалавек у няпростых абставінах. Харызматычны гандлёвы агент Сямён-Сільва ў выкананні Уладзіміра Бажкова, які ходзіць з гітарай і спявае. Наогул, песенныя эпізоды, якіх у спектаклі некалькі, ажыўляюць дзею, дадаюць ёй дынамікі, хоць і робяць спектакль крыху больш працяглым. Пра музычнае афармленне паклапаціўся Міхаіл Коранеў. Нібыта з нейкага далёкага жыцця прыйшла песня Акуджавы «Дзяжурны па красавіку», якую спявае Вася Сарафанаў (на яго ролю прызначаны маладыя артысты Дзмітрый Стасюк і Дзяніс Нейра-Любецкі). Безумоўна, яе пазнае частка публікі, а моладзь можа і пацікавіцца, што за музыка гучала раней. Яна пасуе антуражу, які мы бачым на сцэне — а гэта то далёкі прыгарад з ліхтарамі, шпакоўнямі ды паштовымі скрынямі, то кватэра Сарафанавых, дзе ўсё вельмі сціпла: мэбля з розных камплектаў, «парадная» частка з партрэтамі кампазітараў і палічкай для кларнета, на якім іграе тата. Сцэнічная прастора хутка і лёгка трансфармуецца дзякуючы рашэнню мастака-пастаноўшчыка Таццяны Мацэвіч. Мастак па касюмах Лідзія Малашэнка апранула герояў у строі, якія не прывязаны да часу: то-бок, падобная гісторыя магла здарыцца калі заўгодна, таму што для людзей важная любоў — менавіта яе шукаюць героі, кожны па-свойму. А ў таты яе — на ўсіх з лішкам. На ўсіх дзяцей гэтага свету!
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота з сайта bgmteatr.by