Да 8 чэрвеня наведвальнікі НЦСМ змогуць пазнаёміцца з фізічным фарматам праекта і прасачыць складаны шлях нашых продкаў да светлага міру.
Выстаўка падзелена на тры тэматычныя зоны: трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай, пасляваеннае будаўніцтва мірнага жыцця, захаванне міру і дабрабыту пакаленнямі сучаснасці. У экспазіцыі прадстаўлены работы вядомых беларускіх мастакоў — Віктара Грамыкі, Івана Ахрэмчыка, Антона Бархаткова, Натана Воранава, Івана Дмухайлы і іншых.

Павел Масленікаў «Апоўдні», 1989 г.
Асноўнымі акцэнтамі першай залы, прысвечанай супраціўленню беларускага народа нямецка-фашысцкім захопнікам, сталі жывапісныя творы мастакоў — удзельнікаў трагічных падзей вайны. Маштабныя палотны Івана Кліменкі «Лёс. Памяці бацькі» (2009) і Міхаіла Чэпіка «Полымя вайны» (1999) прымушаюць задумацца, якой цаной дасталася нам перамога. На першы погляд творы вельмі розныя: работа Івана Кліменкі спалучае абстракцыянізм і экспрэсіянізм, дзе ўвага нададзена колеравай палітры, а Міхаіл Чэпік працуе ў кірунку экспрэсіянізму, надаючы формам пэўную долю сюррэалізму. Аднак іх аб’ядноўвае адзінае імкненне захаваць памяць гераічнага подзвігу савецкага народа і той вялікай ахвяры, якую прынеслі нашы продкі дзеля мірнага неба. Яркія колеравыя абстракцыі твора «Лёс. Памяці бацькі» становяцца часткай партрэта, які адлюстроўвае доўгі шлях простага салдата да спакойнага жыцця і светлай будучыні. Мастак спалучае элементы мірнага і ваеннага быцця, што надае твору дынамічнасць і выразнасць. Работа «Полымя вайны» транслюе больш трагічны настрой. Перапляценні розных фігур, сімвалаў і абстрактных элементаў, цёмныя адценні чырвонага, карычневага і жоўтага ствараюць трывожную і напружаную атмасферу. Падтрымлівае яе і выбраная мастаком хаатычная кампазіцыя, у якой постаці салдат і мірных жыхароў гараць у смяротным полымі вайны. Дзякуючы каляроваму рашэнню і разнастайнасці мастацкіх вобразаў твор можна разглядаць бясконца і знаходзіць для сябе новыя сэнсы.
Трыпціх Ісака Давідовіча «Апамятайцеся, людзі!» служыць напамінам пра каштоўнасць міру і чалавечага жыцця. Нягледзячы на жудасны сусветны вопыт Другой сусветнай вайны, сёння многія дзяржавы забыліся пра важнасць спакою і дыпламатычнай дамовы, таму грукат гармат і кулямётаў ізноў прарэзвае цішыню, усталяваную нашымі продкамі.
У другой зале размясціліся графічныя работы, прадстаўленыя Таганрогскім мастацкім музеем. Тут можна ўбачыць копіі франтавых малюнкаў народнага мастака РСФСР, прафесара Ленінградскага інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Рэпіна Аляксандра Раманычава і выпускніка знакамітага ВМАТЭЙМАЙСа Канстанціна Малчанава. Графіка расійскіх творцаў прысвечана асабістай трагедыі кожнага чалавека, хто прайшоў праз выпрабаванні вайны. Мастакі закранулі важныя і жудасныя падзеі мінулага, рэха якіх і сёння адгукаецца ў сэрцы народа — гэта Хатынь, пакуты ў шматлікіх фашысцкіх канцлагерах, моцны партызанскі рух на тэрыторыі Беларусі і інш.

Іван Кліменка «Лёс. Памяці бацькі», 2009 г.
Тэма трэцяй «мірнай» залы цалкам адлюстроўвае назву выстаўкі. Тут размешчаны пейзажныя работы беларускіх і расійскіх мастакоў, у якіх паказваюцца прыгажосць і велічнасць міру. Творцы выбралі мяккія адценні і распаўсюджаныя сюжэты палёў і лясоў, чые цішыня і ўрадлівасць адлюстроўваюць дабрабыт народа і росквіт краіны. Здаецца, звычайныя пейзажы не могуць здзівіць гледача, аднак у кантэксце выстаўкі «Напішу неба мірным» яны набываюць асаблівую каштоўнасць.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА