Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі назваў падпісанне пагаднення гістарычнай падзеяй і новай эпохай ва ўзаемадзеянні двух брацкіх народаў. «Як чалавек, які любіць сваю краіну, заўважу, што ў нас наперадзе новыя дасягненні, але важна глядзець у адным напрамку. Трэба ўвесці штогадовую фінансавую падтрымку пад эгідай Саюзнай дзяржавы з фарміраваннем бюджэту і плана», — заявіў міністр культуры Беларусі. Народны артыст Расійскай Федэрацыі, старшыня Саюза тэатральных дзеячаў Расіі Уладзімір Машкоў выказаў меркаванне, што гэта будзе ўмацоўваць нашы адносіны і нагадаў пра сумесны фільм «У спісах не значыўся» па аднайменнай кнізе Барыса Васільева, дзе распавядаецца пра подзвіг абаронцы Брэсцкай крэпасці. «Прэм’ера чакаецца ў маі 2025 года. Гэта была вялікая супольная праца з беларускімі кінематаграфістамі. Разам мы зможам і надалей пераадольваць усе цяжкасці. Спадзяюся на далейшае супрацоўніцтва з беларускімі творчымі саюзамі», — падкрэсліў Уладзімір Машкоў.
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Веніямін заўважыў, што толькі стварэнне высокамаральных пастановак у тэатры і кіно спрыяе таму, каб людзі ўдасканальваліся як асобы, бо сапраўднае мастацтва робіць іх лепшымі, дазваляе зазірнуць у душы герояў, каб вучыцца жыць на іх памылках.
Намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Дзяніс Язерскі акцэнтаваў увагу на важнасці абароны нацыянальных інтарэсаў на кнігавыдавецкім рынку і ўзважанага выбару герояў для кіно і тэатра ў сацыяльна значнай літаратуры. Як прыклад ён прывёў творы Быкава і Адамовіча і заявіў, што ваенная тэма для беларускага мастацтва невычэрпная. Доктар гістарычных навук, прафесар, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк нагадаў пра культурныя наратывы брацкіх народаў і тое, што ў савецкі час уся высокая літаратурная класіка экранізавалася.
Народны пісьменнік Беларусі, ганаровы старшыня СПБ Мікалай Чаргінец расказаў пра работу Савета па маральнасці і прапанаваў унесці ў назву наступнага круглага стала слова «літаратура», бо гэта — важны складнік агульнага культурнага кода Беларусі і Расіі. Мікалай Іванавіч таксама падарыў Уладзіміру Машкову і Руслану Чарнецкаму сваю кнігу «Аперацыя „Кроў“». Дарэчы, гэты твор плануецца экранізаваць у найбліжэйшыя гады, што яшчэ раз сведчыць пра сувязь літаратуры і кіно.
Фота Лізаветы ГОЛАД