Новы кароль анімалістычных прынтоў
Узор, які імітуе шкуру леапарда, даўно зацвердзіўся ў свеце моды, заваяваўшы подыўмы і вуліцы. Але цяпер на змену «драпежніку» прыходзіць новы прынт: каровін. Ён заваёўвае ўсё новыя тэрыторыі моды: ад штаноў і куртак да чахлоў для тэлефонаў.
Упершыню прынт заявіў пра сябе ў 90-я гады, у эпоху гранжа і смелых эксперыментаў са стылем. Але тады быў толькі далікатным «шэптам» на фоне яркага леапардавага «крыку». Сёння ж каровін прынт вярнуўся з новымі амбіцыямі — заваяваць свет моды і заняць сваё месца ў гардэробе кожнай стыльнай асобы.
Універсальнасць гэтага прынта — яго галоўная зброя. Міленіялы і пакаленне Z з аднолькавым захапленнем сустракаюць яго як у якасці элегантнага дадатку да мінімалістычных вобразаў, так і ў ролі галоўнага акцэнту ў яркіх total look.
Каровін прынт прыўносіць у вобраз нотку кемпа і гуллівасці. Ён адрозніваецца ад іншых анімалістычных узораў сваёй непрадказальнасцю і здольнасцю стварыць як паўсядзённы, так і элегантны вобраз.
Многія трэнды моды цыклічныя і сыходзяць у забыццё са з’яўленнем новых, але папулярнасць гэтага прынта сведчыць пра тое, што свет моды гатовы да новай эры. У бліжэйшы год будуць мяняцца колер, памер і тэкстура актуальных рэчаў, але адно застанецца нязменным: каровін прынт прыйшоў, каб застацца, і магчыма, нават скінуць леапарда з яго подыўмнага пастамента.
Палоска: ад класікі да авангарда
Вечная класіка сёлета выходзіць за звыклыя рамкі і прапануе неверагодны патэнцыял для стварэння ўнікальнага стылю. Вертыкальная палоска, вядомая сваёй здольнасцю візуальна выцягваць сілуэт, з’яўляецца незаменным інструментам для стварэння элегантных вобразаў.
Забудзьцеся пра дакучлівыя марскія матывы! Дызайнеры прапануюць велізарную разнастайнасць фасонаў з паласатым прынтам — ад оверсайз кашуль, якія ідэальна спалучаюцца з джынсамі або штанамі, да строгіх касцюмаў, што дадаюць вобразу ўпэўненасці і элегантнасці. Для летняга сезону ідэальна падыдуць лёгкія ільняныя шорты ці штаны ў палоску — камфортны і стыльны выбар для гарачага надвор’я.
Правільна падабраная шырокая гарызантальная палоска не толькі не паўніць, але і ўмела падкрэслівае талію і сцёгны, ствараючы гарманічны і выцягнуты сілуэт. Эксперыментуйце з колерам: яркія, насычаныя адценні надаюць вобразу жвавасць і індывідуальнасць.
Але палоска не абмяжоўваецца адзеннем. Актуальныя будуць таксама яркія паласатыя аксесуары: шкарпэткі, шалікі, сумкі. Нават невялікая паласатая дэталь здольная ажывіць самы стрыманы вобраз. Смела спалучайце паласатыя шкарпэткі з розным абуткам — ад класічных лофераў да спартыўных красовак.
Подыўмы апошніх тыдняў моды прадставілі асіметрычную палоску ў самых непрадказальных і смелых варыяцыях. Камбінацыі з іншымі прынтамі, нестандартныя геаметрычныя рашэнні — усё гэта ўжо не эксперымент, а паўнавартасны трэнд, які дазваляе ствараць сапраўды ўнікальныя вобразы.
І, нарэшце, класіка вяртаецца: кашулі ў стылі рэгбі з шырокай палоскай зноў на піку папулярнасці. Іх вядомы сілуэт і вінтажны шарм робяць іх ідэальным выбарам для тых, хто шануе якасць і пазачасавую стылістыку.
Індывідуальнасць і пошук у вядомым
Клетка паспела ўжо заваяваць сэрцы дызайнераў, ператварыўшыся з класічнага прынта ў сімвал свабоды і індывідуальнасці.
Кветкавы прынт традыцыйна асацыюецца з вясной і адыходзіць на другі план, саступаючы месца клетцы, якая ўпрыгожвае цёплую вопратку — курткі, паліто, жакеты — і прыўносіць у гардэроб ноткі смеласці і стылю.
Дызайнеры эксперыментуюць з клеткай больш свабодна, чым раней, заахвочваючы кожнага выказваць сваю індывідуальнасць праз моду. Клетка пераасэнсоўваецца: ад традыцыйных класічных варыянтаў да авангардных і мудрагелістых мадэляў, ад мінімалістычных да яркіх і смелых камбінацый колераў і форм.
У калекцыях вясна-лета 2025 гэты прынт прадстаўлены ў розных вобразах: ад топаў, якія ідэальна спалучаюцца з гарнітурнымі штанамі, да спадніц мідзі і стыльных жакетаў, што іграюць ролю верхняга адзення. Асаблівае месца ў трэндзе займаюць камбінезоны — яны сталі выдатнай альтэрнатывай сукенцы, абяцаючы камфорт і стыль у адным вобразе.
Незалежна ад вашай манеры апранацца, тры названыя прынты прапануюць вам шырокі выбар для стварэння як паўсядзённых, так і вячэрніх вобразаў. Эксперыментуйце і будзьце непаўторнай!
Марыя АСМАЛОЎСКАЯ
Фота з адкрытых крыніц