Top.Mail.Ru

Тканыя гісторыі пра Беларусь

Аўтар: Лізавета Крупянькова
18.03.2025 | 07:00

Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае на мастацка-дакументальную выстаўку «Старая спадчына». У экспазіцыі — прыклады ткацтва з фондаў Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея і Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.




Выставачны праект накіраваны на ўмацаванне сувязей паміж музеямі, пашырэнне цікавасці да гісторыі роднага краю і захаванне памяці пра таленавітых даследчыкаў. Вялікую павагу ў галіне краязнаўства заслужылі стваральнікі Гудзевіцкага музея — Алесь Мікалаевіч і Вера Ігнатаўна Белакозы.

У 1968 годзе Алесь Белакоз ініцыяваў адкрыццё на базе кабінета беларускай мовы і літаратуры літаратурна-краязнаўчага музея. Ён складаўся з літаратурнага і этнаграфічнага аддзелаў, аддзела гісторыі Гудзевіцкай школы, а таксама аддзелаў гісторыі Беларускай сялянска-работніцкай грамады і Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. З 1990 года Гудзевіцкі літаратурна-этнаграфічны музей набыў статус дзяржаўнага. Музей налічвае больш за 12 тысяч экспанатаў, сабраных Алесем Мікалаевічам Белакозам разам з вучнямі. Настаўнік распрацаваў спецыяльную методыку далучэння дзяцей да літаратурна-краязнаўчага пошуку, музейнай справы, а праз гэта — і да каштоўнасцей беларускай гісторыі і культуры.

Пашаны заслугоўвае і Вера Ігнатаўна Белакоз, якая, акрамя музейнай краязнаўчай працы, спрычынілася да аднаўлення ўнікальнай ткацкай тэхналогіі падвойных дываноў. Яшчэ ў 1970 годзе, працуючы ў школе, яна стварыла ткацкі гурток для дзяцей. Там вучні асвойвалі тэхніку ткацтва паяскоў і закладак на маленькіх ручных кроснах. Сама Вера Ігнатаўна засвоіла гэтае майстэрства ад вядомага беларускага бібліёграфа, зямлячкі Юліі Язэпаўны Бібіла. За гэты час сотні дзяцей навучыліся ткаць паяскі і закладкі. Гурток дзейнічае і сёння.


У 1991 годзе ў зале практычнага ткацтва музея быў вытканы першы падвойны дыванок. Гэтую рэдкую і складаную тэхніку Вера Ігнатаўна засвоіла ад жыхаркі вёскі Адэльск Ядвігі Аўгустаўны Райскай. Сёння ў фондах літаратурна-краязнаўчага музея захоўваецца 14 падвойных дываноў, вытканых Верай Ігнатаўнай Белакоз. Таксама яе работы знаходзяцца ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі і Мастоўскім музеі «Лес і чалавек». Яны неаднаразова дэманстраваліся на розных выстаўках. У 2011 годзе традыцыйная тэхналогія ткацтва падвойных дываноў вёскі Гудзевічы была занесена ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспубікі Беларусь. 

Вялікую работу па наладжванні сувязей паміж Літаратурным музеем Максіма Багдановіча і Гудзевіцкім дзяржаўным літаратурна-краязнаўчым музеем вяла пісьменніца і мемуарыстка Людвіка Сівіцкая (Зоська Верас). У пэўнай ступені гэты экспазіцыйны праект можна лічыць рэалізацыяй яе мар па наладжванні сувязей паміж дзвюма ўстановамі культуры.

На выстаўцы «Старая спадчына» прадстаўлены прыклады ткацтва з фондаў Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея і Літаратурнага музея Максіма Багдановіча — посцілкі і дываны (прыклады шматнітовага двухуточнага ткацтва), а таксама дыванкі ў тэхніцы двухбаковага ткацтва, якія стварылі майстрыхі Леаніда Бусловіч, Марыя Мінец і Вера Белакоз. Некаторыя матэрыялы з’яўляюцца ўнікальнымі і маюць непасрэднае дачыненне да дзейнасці самага маладога класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча.

Асобна прадстаўлены матэрыялы, прысвечаныя Людвіцы Сівіцкай і яе рабоце з музеямі: лісты, паштоўкі, фотаздымкі і тканы паясок, які належаў пісьменніцы.


Літаратурны складнік Гудзевіцкага музея заслугоўвае ўвагі і вывучэння. 

А этнаграфічныя матэрыялы ўстановы — адметная з’ява беларускай культуры, якая сведчыць пра майстэрства беларускіх ткачых і багатую спадчыну нашага народа.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю