Нябачная сіла Перамогі
Звычайна гасцей вітаюць з караваем, а тут — такія напоўненыя ваеннай гісторыяй «Хлеб ленінградскі», «Хлеб блакадны» і г. д. На выстаўцы «Хлеб — нябачная сіла Перамогі» было прадстаўлена пяць відаў прадукцыі. Вядома, у вайну выкарыстоўваліся інгрэдыенты, якія людзі тады маглі знайсці, а цяпер такое нават цяжка ўявіць у хлебе: лебяда, лузга, шатраваная мука, бульбяныя ачысткі і іншае...
«Хлеб „са смакам ваеннага часу“ як сімвал нашай Вялікай Перамогі прадстаўляем так маштабна ўпершыню, — прызнаецца Ганна Каралевіч, намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце і кадрах КУП „Мінскхлебпрам“. — Асноўная мэта экспазіцыі — паказаць, што хлеб іграў важную ролю ў здабыванні перамогі, бо хлебазаводы не спынялі сваю работу нават у той час. Пасля вызвалення Мінска хлебазавод „Аўтамат“ пачаў набіраць абароты ўжо на трэція суткі, нягледзячы на тое што быў часткова разбураны і горад патрабаваў каласальных сіл для ўзнаўлення.
У сваёй экспазіцыі мы імкнуліся паказаць розніцу паміж той беднай рэцэптурай, якая была ў ваенныя гады, і тым багаццем відаў хлябоў, якое існуе сёння. Дзякуючы сіле духу і намаганням нашых продкаў цяпер мы можам есці смачны хлеб самай найлепшай якасці
з вялікай разнастайнасцю рэцэптур».
Сведкі гавораць з кніжных старонак
Нацыянальная бібліятэка Беларусі падрыхтавала выстаўку «Генацыд: дакументы і відавочцы сведчаць».
Гэта не проста больш чым 50 дакументаў з фондаў галоўнай кніжніцы краіны, а даніна павагі ўсім, хто бязвінна загінуў у Вялікую Айчынную вайну. Тут прадстаўлены самыя свежыя навуковыя, навукова-папулярныя, масава-палітычныя выданні, сярод іх зборнікі архіўных дакументаў, якія пачалі публікавацца у тым ліку пасля ўзбуджэння крымінальнай справы Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь.
«Акрамя архіўных дакументаў, прадстаўлены выданні з успамінамі відавочцаў усяго таго, што адбывалася ў гады Вялікай Айчыннай вайны. І гэта сапраўдная каштоўнасць, бо сведкі тых падзей застаюцца ў мінулым, але дзякуючы іх успамінам у кнігах, памяць жыве і цяпер. Сярод такіх выданняў — „Архівы. Нічога, акрамя праўды“, „Апошнія сведкі“ і іншыя», — распавядае Святлана Кажамяка, загадчык сектара аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
На выстаўцы «Генацыд: дакументы і відавочцы сведчаць»
Важна звярнуць увагу на выданні Генеральнай пракуратуры — агульны інфармацыйны зборнік «Лагеры смерці» і выданне «Карныя аперацыі» ў дзвюх кнігах. Маштаб трагедыі адлюстроўваюць плакаты з камплекту «Генацыд беларускага народа» (выдавецтва «Беларусь»), паглядзеўшы якія, можна зразумець, як цяпер вядуцца раскопкі, знаходзяцца новыя месцы пахаванняў.
Вылучаецца сярод іншых і кніга «Тэрміну даўнасці не маюць...» з серыі «Бібліятэка Саюзнай дзяржавы». Звяртае на сябе ўвагу і выданне «Гістарычная памяць. Вялікая Перамога, здабытая адзінствам» — зборнік парламенцкай канферэнцыі, выдадзены ў 2024 годзе. Важна адзначыць і сумеснае беларуска-расійскае выданне «Краіна ў агні», прысвечанае ўсім этапам Вялікай Айчыннай вайны.
«У нашай экспазіцыі таксама раскрываюцца сутнасць і змест розных формаў генацыду, — тлумачыць Святлана Кажамяка. — Гэта нацысцкія лагеры, спаленыя вёскі, карныя аперацыі, халакост, выкарыстанне прымусовай працы нашага насельніцтва».
З асабліва шчымлівымі пачуццямі гартаеш старонкі выданняў, прысвечаных дзецям вайны. Кранае і частка экспазіцыі, якая стала так званым мосцікам да суседняй выстаўкі, прысвечанай хлебу. Супрацоўнікі бібліятэкі спецыяльна падабралі дакументы, што датычацца ўвядзення картачнай сістэмы на хлеб: якія нормы і санітарныя правілы для хлебапякарняў сістэмы патрэбкааперацыі існавалі на той час. Сімвалічна, што побач з імі ляжыць той самы каштоўны паёк і размешчаны ўрывак са знакамітай «Ленінградскай паэмы» Вольгі Бяргольц пра 125 грамаў хлеба, якія выдаваліся жыхарам блакаднага Ленінграда.
Пераасэнсаваць вайну ў мастацтве
Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны паказаў падзеі таго часу на тэрыторыі Беларусі праз больш чым 90 разнастайных экспанатаў (карціны, археалогія, ваенная амуніцыя, фотадакументальныя матэрыялы і г. д.). Многія знаходзяцца ў музейных фондах, таму наведвальнікам Палаца Рэспублікі выпала ўнікальная магчымасць пабачыць іх на свае вочы.
Уладзімір Міхайлоўскі «Перамога», 1988 г.
«Прадстаўленыя карціны напісаны мастакамі, якія ваявалі ці перажылі вайну ў дзяцінстве. Работа „Вечны агонь“, напісана Ісакам Давідовічам, які быў камандзірам стралковага ўзвода і ўдзельнічаў у вызваленні Польшчы, вельмі сугучная з канцэртам-рэквіемам, бо Вечны агонь — сімвал памяці аб усіх ахвярах гэтай страшэннай вайны, — праводзіць экскурсію Святлана Прыбыш, намеснік галоўнага захавальніка фондаў музея. — Анатоль Шыбнёў у ваенны час знаходзіўся ў Брэсце, дзе і перажыў акупацыю. Яго карціна „Вызваленне Мінска“ — цэнтральная ў нашай экспазіцыі. Яшчэ адна яго работа — „Вярнуліся“ — напісана ў іншай танальнасці, бо мы бачым людзей, якія выжылі ў акупацыі, але яны знаходзяцца ў разбураным горадзе. Усе прадстаўленыя на выстаўцы палотны распавядаюць праўду аб вайне. Важна звярнуць увагу і на работы народнага мастака СССР, Героя Беларусі Міхаіла Савіцкага. Яго „Агрэсія“ паказвае сапраўдны твар фашызму. Мастак асабіста перажыў жахі лагера „Бухенвальд“, таму здолеў пераасэнсаваць свае ўспаміны і перадаць іх праз мастацтва. Завяршае экспазіцыю карціна-сімвал нашай Перамогі Уладзіміра Міхайлоўскага з аднайменнай назвай, на якой савецкія воіны паказаны ў час, калі яны даведаліся пра капітуляцыю Германіі. На іх тварах — радасць і шчасце».
Сярод прадметаў ёсць тыя, што былі прывезены з Брэсцкай крэпасці ў 40–50-я гады мінулага стагоддзя: рэшткі зброі, корпусы бомбаў, цэгла, і ўсё гэта распавядае пра мужнасць герояў, якія першымі прынялі ўдар ворага. Прадстаўлены і рэшткі сельскагаспадарчых прылад з Хатыні. Ёсць у экспазіцыі і матэрыялы, прысвечаныя барацьбе падпольшчыкаў і партызан. Сярод іх — пішучая машынка, на якой у вайну мінскія падпольшчыкі друкавалі свае баявыя лістоўкі.
Ліст як рэліквія
Шчымлівай аказалася фотавыстаўка «Лёсы, складзеныя ў трохвугольнікі». Сёння радкі, якія падчас вайны пісалі салдаты дадому, вельмі ўражваюць. «Лісты-трохвугольнікі захоўваліся дома дзесяцігоддзямі як рэліквіі, бо кожны з іх азначаў — чалавек жывы. Такія лісты чытаць вельмі няпроста, але яны сапраўды напаўняюць вялікім пачуццём гонару за нашых продкаў. За кожным трохвугольнікам — свая гісторыя. Ёсць лісты вядомых людзей, такіх як Леў Даватар, Барыс Коўзан і іншыя. Іх вера ў нашу перамогу яшчэ задоўга да яе натхняе. Мы можам ацаніць іх моцны ўнутраны стрыжань праз 80 гадоў пасля перамогі і зноў згадаць герояў вайны», — дзеліцца ўражаннямі першы намеснік генеральнага дырэктара БелТА Васіль Матвееў.
Побач з лістамі франтавікоў прадстаўлены праект «ажыўлення» карцін з дапамогай дадатковай рэальнасці «За дзень наступны ўсяе зямлі» РВУ «Культура і мастацтва». Ён кантрастуе з іншымі, быццам паказвае, наколькі вялікі скачок зрабілі беларусы дзякуючы развіццю сучасных тэхналогій. Відэакантэнт да карцін з фонду Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны стварылі студэнты кафедры тэорыі і практыкі камунікатыўнага дызайну БДАМ.
Адшукаць сваіх гераічных продкаў
Выстаўка «Подзвігі і лёсы партызан у дакументах» ярка прагучала ў рамках «Марафону адзінства». Цяпер, напярэдадні 80-годдзя Перамогі, яна асабліва актуальная. Выстаўка заснавана на матэрыялах унікальнага інтэрнэт-праекта ВД «Беларусь сегодня» і Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Дзякуючы інтэрактыўнаму стэнду ўсе ахвотныя мелі магчымасць адшукаць інфармацыю аб лёсах сваіх гераічных продкаў і землякоў, а яшчэ пабачыць унікальныя фатаграфіі, узнагародныя лісты і баявыя характарыстыкі многіх вядомых камбрыгаў, герояў, байцоў партызанскіх атрадаў.
«У Нацыянальным архіве Беларусі захоўваецца вялікая колькасць асабістых спраў партызан. Наша задача — алічбаваць іх і выкласці ў шырокі доступ, каб нашчадкі маглі знаёміцца з імі. І ўсе паслугі абсалютна бясплатныя, бо гэта вельмі важна для захавання памяці. Наша работа бесперапынная, пастаянна дабаўляюцца новыя звесткі і дакументы, — распавядае Віталь Гарматны, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі акадэміі навук, вядучы архівіст Нацыянальнага архіва. — Важна, што ў гэтай экспазіцыі прадстаўлены дакументы, якія сведчаць: у радах партызан змагаліся не толькі беларусы, але і прадстаўнікі вялікай колькасці нацыянальнасцей».
Ірына ПРЫМАК
Фота Лізаветы ГОЛАД