Валянціна Васільеўна працуе ў сярэдняй школе № 3 імя Героя Савецкага Саюза К. А. Шабана ў Мінску педагогам дадатковай адукацыі. Вучыць дзяцей саломапляценню. А нарадзілася яна ў палескай вёсцы, у сям’і працавітых людзей. У бацькі была асобная невялікая будыніна, якую называлі майстэрняй. Там ён заўсёды працаваў з дрэвам: рабіў бочкі, дзежкі. Маці была выдатнай ткачыхай.
— Да нас часта прыходзілі жанчыны на вячоркі, рукадзельнічалі, і я назірала за іхняй працай. Маці старалася мяне ўсяму навучыць — ткаць, вышываць. Вельмі рана я пачала вязаць спіцамі, потым і кручком, — з цеплынёй успамінае Валянціна Пазднякова.
Плесці лапці навучыла маці
У студэнцкія гады яна з захапленнем вязала — летнія сукенкі, цёплыя світары і кофты. Валянціна Васільеўна ўзгадвае, што асартымент адзення ў магазінах быў тады зусім неразнастайны, а нітак было шмат — якіх хочаш.
— Аднак па парадзе ўрачоў давялося змяніць сферу дзейнасці. Дрэнны зрок не дазваляў займацца вязаннем і вышыўкай. Наведвала розныя курсы, майстар-класы і знайшла той від рукадзелля, якім можна займацца амаль навобмацак — саломапляценне.
Новы занятак захапіў жанчыну цалкам, калі выйшла кніга Вольгі Лабачэўскай і Ніны Кузняцовай «Возьми простую соломку». Па ёй і пачала вучыцца. Акрамя гэтага, займалася ў розных майстроў, часта наведвала майстар-класы.
— Калі пачала асвойваць саломапляценне, была ўжо дарослым чалавекам. І давалася гэта няпроста. Аднойчы папрасіла маці навучыць мяне плесці лапці. Памятаю, яна расказвала, што за вечар на танцах дзяўчаты і хлопцы маглі стаптаць лапці, так скакалі! Сапраўдным цудам здавалася, калі ў мяне пачалі атрымлівацца першыя вырабы.
Творчасць — няспынны пошук
Пад кіраўніцтвам народнага майстара на базе школы № 3 працуе студыя «Добры настрой». У кабінеце педагога — сапраўдная выстаўка: падвешаныя на столі саламяныя павукі, птушкі, коні, кветкі і яшчэ шмат прыгожых вырабаў.
Валянціна Васільеўна ганарыцца творчымі поспехамі выхаванцаў. І яны не забываюць педагога — віншуюць са святамі, прывозяць у падарунак свае работы.
— Некаторыя мае вучні сталі членамі Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Больш за 10 чалавек — удзельнікі конкурсу «Маладыя таленты сталіцы». А хтосьці займаецца саломапляценнем выключна для душы. Цудоўна, што ўсе яны не кінулі гэтую справу і рэалізуюць сябе, — расказвае Валянціна Пазднякова.
Мая гераіня ўпэўненая: у кожнага майстра ёсць свае таямніцы і знаходкі, кожны — у няспынным пошуку. Яна і цяпер працягвае наведваць розныя курсы і майстар-класы. Нават у дзяцей знаходзіць, чаму павучыцца. Зараз у саломапляценне прыходзяць новыя тэхнікі, у тым ліку з іншых сфер рукадзелля. Так што варыянтаў стварыць прыгожы выраб — безліч.
— Аднак у кожнага майстра ёсць любімыя тэхнікі, якімі ён карыстаецца пастаянна. Мне, напрыклад, цікавыя традыцыйныя варыянты пляцення. І менавіта з імі хочацца прыдумляць штосьці незвычайнае. Так з’яўляецца адметны стыль аўтара. На выстаўках лёгка зразумець, чые працы перад табой, бо пазнаеш почырк майстроў.
Збожжа — па пошце
Ствараць саламяную прыгажосць — самае прыемнае, а вось падрыхтоўка да гэтага — нялёгкая праца. Асабліва складаны працэс нарыхтоўкі саломы. Ён цалкам ляжыць на плячах педагога.
— Не ўсякая салома падыдзе для пляцення, — дзеліцца Валянціна Пазднякова. — Таму майстры часта самі вырошчваюць патрэбны від збожжа, а потым дзеляцца насеннем з калегамі. Раней нават па пошце адзін аднаму перасылалі.
Штогод на лецішчы альбо ў вёсцы Валянціна Васільеўна сее жыта.
— Як узыдзе, збіраемся ўсёй сям’ёй, каб паспець у добрае надвор’е зрэзаць салому. Быў час, нарыхтоўвала каля 100 снапоў! Зараз ужо крыху менш — 40-60. Лічу, калі майстар сам ад пачатку да канца прайшоў усе этапы, якія папярэднічаюць творчасці, яго працы ад гэтага становяцца яшчэ больш каштоўнымі.
Анёл у падарунак
Кожны выраб па-свойму дарагі для Валянціны Васільеўны. Аднак майстар лічыць, што з імі трэба ўмець расставацца: няхай радуюць людзей. Нядаўна яна падарыла павукоў, якіх пляла разам з вучнямі, дзіцячым садкам і вясковай школе. Вырабы народнага майстра ёсць у розных краінах свету.
— Памятаю, быў у мяне цудоўны невялічкі анёл, якога прыдумала сама, выкарыстоўвала спецыяльную ячменную салому. І шчыра дарыла выраб людзям. Потым некалькі гадоў не рабіла такіх анёлаў — і забылася, як іх плесці. Не засталося нават фотаздымка, аб чым цяпер шкадую. Аднак шчаслівая, што мае анёлы ў добрых руках!
А яшчэ Валянціне Васільеўне вельмі падабаецца ствараць саламяных птушак. Аднойчы разам з дзецьмі майстар спляла больш за 40 такіх вырабаў — так з’явілася выстаўка «Каб вярталіся птушкі дамоў».
— У роднай вёсцы насупраць нашага двара стаяла старая бяроза, на якой была буслянка, — успамінае мая гераіня. — Лета праходзіла пад бусліны клёкат. Разам з татам назіралі, як маленькія бусляняты вучыліся лятаць. Гэтыя птушкі, што адлятаюць, а потым зноў вяртаюцца ў бацькоўскае гняздо, засталіся ў душы як сімвал. Людзям таксама не варта забывацца на свае карані, культуру, мову і традыцыі.
Памятаць пра карані
Валянціна Васільеўна стараецца растлумачыць вучням, наколькі важна берагчы сваё, роднае. І замест «лаўца сноў» прапануе павесіць дома традыцыйнага саламянага павука. У нашых продкаў павук знаходзіўся ў чырвоным куце, пад ім за сталом збіралася ўся сям’я, абмяркоўваліся важныя пытанні. У хаце, дзе прайшло дзяцінства Валянціны Паздняковай, таксама вісеў такі павук.
— Старэйшыя браты прыязджалі з горада, прывозілі новыя, сучасныя рэчы і заклікалі прыбраць «старамодныя». А для таты і маці каштоўнай была традыцыйная прыгажосць. Я гэтага спачатку не разумела. У студэнцкія гады нават крыху саромелася, што ў аднагрупніц дома — сучасныя інтэр’еры, а ў нас — тканыя посцілкі, ручнікі, абразы. А дарэмна! Мне пашанцавала жыць у асяродку, дзе беларускія народныя традыцыі былі будзённасцю. У галаву не прыходзіла, што ўсе трэба запісваць. Цяпер беражліва захоўваю маміны тканыя посцілкі, ручнікі, некаторыя татавы вырабы.
Валянціна Васільеўна правяла ўжо не адзін майстар-клас, і не толькі ў Беларусі. Быў выпадак, калі чалавек прыехаў з-за мяжы, праз Беларускі саюз майстроў народнай творчасці знайшоў яе і вельмі прасіў навучыць плесці нашага традыцыйнага павука.
— Аднойчы была ў невялічкім гарадку Расіі, і на выстаўцы да мяне падышла зусім маладая пара. Ім спадабалася маё пано, і яны прасілі прадаць: «Мы будуем дом і хочам павесіць яго там!» Як можна было адмовіць? Так цудоўна, калі твае вырабы радуюць людзей.
Беларускія краявіды натхняюць
Штогод Валянціна Васільеўна ўдзельнічае ў выстаўках Беларускага саюза майстроў народнай творчасці: у справаздачнай выстаўцы «Калядныя ўзоры», некалькі разоў — у рэспубліканскім фестывалі «Вясновы букет». Было нават некалькі невялічкіх персанальных выставак.
— Мела гонар прадстаўляць нашу сталіцу на Днях горада Мінска на Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве ў гэтым годзе. Шчаслівая, што патрапіла туды: здзейснілася дзіцячая мара! Шмат расіян цікавіліся саломапляценнем, прасілі паразмаўляць з імі на беларускай мове, расказаць пра народную творчасць. Мая калега нават спявала беларускія песні. «У беларускі павільён хочацца вяртацца зноў і зноў», — казалі нам.
А яшчэ майстра захапляюць вандроўкі.
— Люблю падарожнічаць у самыя розныя мясціны, толькі не па папулярных маршрутах. Некалькі разоў была ў паломніцкіх паездках. Люблю прасёлкавыя дарогі, старыя беларускія вёсачкі. Памятаю, ехалі аднойчы ў Баркалабава. І вадзіцель павёз нас праз восеньскі сасновы лес. Душа адпачывае, калі глядзіш на прыгожыя куткі нашай Беларусі. Гэта натхняе на стварэнне новых творчых вырабаў.
Юлія РАМАНЬКОВА
Фота аўтара