Магія свята
Адкрыццё — самая прыемная і хвалюючая частка форуму. У фае тэатра грыміць музыка, мітусяцца экзальтаваныя камедыянты, задае настрой святочны квартэт — усё кіпіць, зараджае, натхняе. Дастаткова аднойчы стаць удзельнікам гэтага рытуалу, каб зразумець: шляху назад няма. Кожную вясну вас будзе цягнуць сюды, каб зноў трапіць пад чараўніцтва.
Прыемна адчуваць сябе датычным да падзеі. Сядзець у зале і аглядаць яе сціплую па памерах, але ўтульную да апошняга крэсла і ліхтара над сцэнай прастору. Усміхацца такім жа, як сам, аматарам тэатра, дыхаць прасякнутым святам паветрам, адчуваць сябе беспрычынна шчаслівым. З удзячнасцю апладзіраваць арганізатарам ад Міністэрства культуры, Магілёўскага аблвыканкама, заслужанаму калектыву Магілёўскага драмтэатра за тую вялікую работу, якую яны кожны год робяць для гледача і наогул для тэатральнага мастацтва. Заўсёды ўражвае імправізацыя артыстаў, якая абавязкова прысутнічае на адкрыцці. Гэтым разам галоўны рэжысёр драмтэатра Каміля Хусаінава падрыхтавала з калектывам невялікі тэатральны эцюд у суправаджэнні эфектнага лазернага шоу. І вось напал спадае, гасне святло, і пачынаецца той самы кантакт, якога чакалі ўвесь год. І такіх кантактаў будзе сёлета 24. На працягу васьмі дзён, з 20 да 27 сакавіка, адбудуцца паказы спектакляў беларускіх і замежных тэатральных калектываў, майстар-класы, творчыя сустрэчы, выстаўкі...
Афіша на любы густ
Беларусь на тэатральным форуме прадстаўляюць дзевяць тэатральных калектываў: заслужаныя — Магілёўскі абласны драмтэатр, Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы імя Ленінскага камсамола, Гомельскі абласны драмтэатр, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі з Мінска, Нацыянальныя акадэмічныя тэатры з Мінска — імя Я. Купалы і імя М. Горкага, вучэбны тэатр кафедры тэатральнай творчасці Беларускага дзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў з Мінска, а таксама Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча з Бабруйска і Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр.
Больш шырокае прадстаўніцтва тэатраў з Расіі — іх 14. Гэта маскоўскі «Около дома Станиславского», пермскі «У Моста», «Тэатр юных гледачоў імя А. А. Бранцава» і Тэатр-фестываль «Балтыйскі дом» з Санкт-Пецярбурга, Орскі дзяржаўны драмтэатр імя А. С. Пушкіна, Разанскі дзяржаўны ордэна «Знак Пашаны» абласны тэатр драмы, драматычны тэатр «Тэатральны Каўчэг у Дубраве» з Сергіева Пасада, Луганскі акадэмічны музычна-драматычны тэатр імя М. Галубовіча, «Камерны драмтэатр» з Волагды, «Новы мастацкі тэатр» з Чэлябінска, Ульянаўскі маладзёжны тэатр імя Б. У. Аляксандрава, Бранскі абласны ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга тэатр драмы імя А. К. Талстога, Арлоўскі дзяржтэатр для дзяцей і моладзі «Свабодная прастора» і незалежная тэатральная антрэпрыза «Багаж» з Масквы.
Упершыню на фестываль прыязджае Азербайджанскі дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр імя С. Вургуна, як і тэатры з Орска, Разані, Сергіева Пасада, Луганска, Волагды і Ульянаўска.
Спецпраграма
Яна не менш насычаная і разнастайная, чым асноўная. Гэта творчыя сустрэчы і майстар-класы педагогаў, драматургаў, вядомых рэжысёраў, акцёраў з маладымі артыстамі Магілёўскага драмтэатра і навучэнцамі тэатральнага аддзялення Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.
Упершыню ў рамках форуму Магілёўскі аблдрамтэатр рэалізуе сумесна з мастацкім музеем імя П. В. Масленікава і Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы і балета Рэспублікі Беларусь выставачны праект «Павел Масленікаў. Тэатр вачыма мастака». Менавіта з тэатра пачаў свой творчы шлях будучы народны мастак Беларусі. У 1938 годзе ён працаваў мастаком-дэкаратарам Дзяржаўнага тэатра оперы і балета, афармляў шматлікія спектаклі не толькі гэтага тэатра, але і іншых сталічных. Выставачны праект будзе прадстаўлены ў сценах мастацкага музея і ў драмтэатры. Наведвальнікі змогуць убачыць эскізы дэкарацый і касцюмаў Паўла Масленікава ў розных тэхніках з архіваў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета і фондаў мастацкага музея, тэатральныя касцюмы Магілёўскага абласнога драмтэатра, а таксама архіўныя фота.
Тым, хто цікавіцца гісторыяй маладзёжнага тэатральнага форуму, будзе цікава наведаць выстаўку Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна, якая арганізуе ў тэатры экспазіцыю «Па старонках «М.@rt. кантакта».
У прадчуванні адкрыццяў
Традыцыйнымі застаюцца абмеркаванні спектакляў пасля іх прагляду тэатразнаўцамі з удзелам тэатральных калектываў. Экспертны савет узначаліць старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў, доктар мастацтвазнаўства, загадчык аддзела тэатральнага мастацтва Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вераніка Ермалінская.
— Для мяне вялікі гонар узначальваць экспертнае журы «М.@rt. кантакта», — паведаміла яна карэспандэнту «ЛіМа». — Ад форуму ў першую чаргу чакаю адкрыцця новых імён у рэжысуры і сярод артыстаў. Вельмі радуе, што ў ім удзельнічае вялікая колькасць тэатраў з расійскіх рэгіёнаў. Цудоўна і тое, што беларуская праграма не менш насычаная. Наогул, і сам форум, і Магілёўскі абласны драматычны тэатр, які прымае яго, выклікаюць цікавасць у міжнароднай тэатральнай супольнасці. Магілёўскі тэатр — адзін з найстаражытнейшых у краіне, заснаваны ў 1888 годзе. Тут закладзены добрыя традыцыі, якія захоўваюцца да цяперашняга часу. І сюды заўсёды едуць з цікавасцю.
Маладзёжнае журы будзе прадстаўлена выпускнікамі Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва. Яго ўзначальвае тэатразнавец, тэатральны крытык, студэнтка магістратуры тэатразнаўчага факультэта Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва Лізавета Баравікова. — Летась я таксама была ў складзе маладзёжнага журы, але ў нас тады не было старшыні, — кажа яна. — Цяпер мне даручылі гэтую місію. Сёлета будзем працаваць утраіх, разам са студэнтамі трэцяга курса тэатразнаўчага факультэта. Форум цікавы магчымасцю паглядзець спектаклі тэатральных калектываў розных краін, нам як маладым крытыкам карысна будзе пазнаёміцца з беларускімі спектаклямі і абмеркаваць іх. Мы з калегамі досыць шмат ездзім па розных фестывалях. Нешта ўжо бачылі, але не ўсё. Будзем арыентавацца на свае адчуванні. Яны не падводзяць, тым больш, што мы ўжо прафесійныя гледачы, маем інструментарый для ацэнкі, разбору. А яшчэ будзем арыентавацца на прафесійны складнік калектываў — акцёраў, рэжысёра. Спадзяёмся, што выбар зробім аб’ектыўны.
Праграма, на думку экспертаў, сёлета вельмі грунтоўная і насычаная. 24 спектаклі для тэатральнага фестывалю — гэта шмат. Штодзень будзе ісці па 3-4 пастаноўкі. Затое кожны глядач можа выбраць нешта па душы — ёсць драмы, камедыі, музычныя пастаноўкі, класічныя, сучасныя, «густанаселеныя спектаклі», дзе шмат артыстаў, а таксама монаспектаклі. Апошні жанр наогул спецыфічны, знаўцы кажуць, што ён не вельмі часта прысутнічае на фестывалях. Але магілёўскі асаблівы. На гэтым форуме іх будзе ажно пяць — «Любоўная водпаведзь мужчыну, які сядзіць у крэсле» ад Азербайджанскага дзяржаўнага акадэмічнага рускага драмтэатра, «Гэта я — Эдыт Піяф» камернага драмтэатра з Волагды, «Апошняя стужка Крэпа» Бранскага абласнога ордэна Працоўнага Чырвонага сцяга тэатра драмы імя
А. Талстога, «Выратаваць камер-юнкера Пушкіна» Луганскага акадэмічнага музычна-драматычнага тэатра імя М. Га-
лубовіча, антрэпрыза «Адкрыццё Бернандайн».
А што пад маскай?
Традыцыйныя сімвалы «М.@rt.кантакта» — срэбная і залатая маскі. Срэбныя дораць усім калектывам — удзельнікам фестывалю, а залатымі адзначаюць тры найлепшыя пастаноўкі па меркаваннях прафесійнага і асобна маладзёжнага журы, а таксама па выніках галасавання гледачоў. Гэтыя сімвалічныя статуэткі ў тэатральным асяроддзі ўжо называюць магілёўскім «Оскарам». Цікава, што іх на працягу болей чым 10 гадоў вырабляе начальнік мастацкага бутафорскага цэха Магілёўскага абласнога драмтэатра Алег Печанко. У якасці матэрыялу ён выкарыстоўвае мармур, дрэва, гіпс, метал, розныя ўстаўкі.
— Эскіз статуэткі калісьці распрацаваў віцебскі мастак Сяргей Сотнікаў, а я яго дапрацаваў і надаў індывідуальнасці, — удакладніў суразмоўнік. — Левы бок маскі з каронай сімвалізуе мінулае, правы — моладзь, парасткі зверху — гэта нашы нашчадкі. Вось такая сімвалічная пераемнасць«. Гэтым разам зроблены 24 «срэбныя» маскі і тры «залатыя». Спатрэбілася каля месяца, каб давесці іх да кандыцыі. Але гэта работа творчая і прыемная. «М.@rt. кантакт» — заўсёды натхненне.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва тэатра