Top.Mail.Ru

Сярод навінак Выдавецкага дома «Звязда» — паэтычны зборнік Наталлі Святловай

Аўтар: Алесь Марціновіч
04.08.2025 | 07:00

Кніга вершаў Наталлі Святловай «Праз фортку сэрца», што выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда», першая ў яе. Шмат у чым яна напамінае зборнікі паэтаў-дэбютантаў: творы, змешчаныя ў ёй, шматпланавыя. З адной розніцай: больш, чым іншыя, вызначаюцца мастацкім густам, маюць прыстойны прафесійны ўзровень. Гэта не проста «збор» таго, што напісалася, але адбор найлепшага. Пачынаючы з вершаў пра каханне. 


Угэтым сэнсе аўтар мала чым розніцца ад іншых жанчын, якія пачуцці свае выражаюць паэтычнымі радкамі. Адметнасць яе лірычнай гераіні ў тым, што яна на дзіва шчырая, а ў пэўнай ступені і безабаронная. З-за гэтага ў выказванні сваіх пачуццяў можа і паўтарыцца. Бо тое, што не дае спакою, рвецца вонкі. Хоць зразумець яе можна: «Няма нічога больш каштоўнага, // чым імгненне: // дзе я, // дзе ты, // дзе мы, // дзе нашы рукі, // дзе іх цалуеш ты». У такі момант сам час для закаханых страчвае свой звыклы рух. Ён паскараецца. Такі момант дакладна ўлоўлены ў вершы «***Па кахання маршруце...», у якім у мінуце не звычайных шэсцьдзесят секунд, а сто.

І верш «Пялёсткі» таксама сведчыць, што Наталля Святлова не проста піша той ці іншы верш. Яна паэзіяй жыве, якая — пастаянны душэўны стан. Толькі пэўны час знаходзіцца быццам у сабе, чакаючы моманту, калі радкі, неаднойчы асэнсаваныя і пераасэнсаваныя ў думках, папросяцца на паперу:

Пялёсткаў аранжавае ззянне —

Вясны карнавал на паўдня.

Пялёсткаў ружовых — спатканне,

А белых — азарт і гульня.

Малінавых — быццам пакора

Капрызам дзёрзкім маім.

На жоўтых пялёстках да мора

Наяве з табой паляцім.

Палітры шматколернай блёсткі —

Зімой пачуцця хараство.

Хай водар цудоўных пялёсткаў

Наблізіць тваё сватаўство!

Ёсць у кнізе і прысвячэнні. Асабліва шмат маме. Калі паспрабаваць абазначыць іх змест, то ён зводзіцца да таго, што сказана ў вершы «Чаму на сэрцы так спакойна»: «Чаму на сэрцы так спакойна, // Пануюць мір і цішыня // Ды багавінне думак мройных // Благаслаўляе сыход дня? // Таму што пазваніла маме, // І голас светлы азарыў, // І больш я не ў маркотным стане, // Адчуўшы новых сіл прыліў». 

Воблік блізкага чалавека звязаны і з самымі лепшымі спадзяваннямі:

Процьма крыўд, якія носіш, —

гэта тормаз

для хуткаснага цягніка,

які ідзе туды,

дзе сонца не згасне,

мары не ссохнуць,

туманы не зманяць,

зоркі не ўпадуць,

мама не сыдзе,

кветкі не звянуць,

зверы не згінуць

і ты будзеш вечны.

Асобныя радкі нясуць у сабе элементы афарыстычнасці. Гэта яшчэ адно пацвярджэнне, што Наталля Святлова не проста піша вершы, а ў яе паэтычны лад успрымання рэчаіснасці. З’яўляюцца думкі, якія нясуць тую важкасць, што і чытача прымушаюць задумацца над сказаным. Магчыма, прамоўленае лірычнай гераіняй не заўсёды бярэш на паверку, але ў большасці выпадкаў пагаджаешся з ёю. Бо тое, што напісана, перш чым ператварыцца ў твор, не толькі неаднойчы асэнсавана, а і пераасэнсавана. 

Яно жыццём падказана, таму жыццё і адлюстроўвае. Зразумела, не ва ўсіх яго праявах. Найперш тых, што тычыцца душэўнага стану, стасункаў між тымі, у каго нешта не зладзілася, але кожны з гэтых людзей імкнецца да таго, каб згода і паразуменне наступіла. Як у гэтым вершы:

Хто хутчэй даруе —

Той мудрэйшы.

Хто спакой вартуе —

Той смялейшы.

Хто апошні прыйдзе —

Будзе першы.

Хто не скажа ў вочы —

Скажа ў вершы.

Ім кніга завяршаецца. Ён як першы, які адкрывае яе, а таксама вынесены ў назву першага раздзела «Ружаў пяць» (ёсць яшчэ «Пацалунак у вочы» і «Вачніцы святлафораў»). Не ведаю, ці сама Наталля Святлова прыйшла да такой удалай кампазіцыйнай пабудовы, ці дапамог ёй Віктар Шніп — ён укладальнік кнігі «Праз фортку сэрца», як і іншых паэтычных зборнікаў, што выходзяць у Выдавецкім доме «Звязда». Гэтыя вершы тым цікавы, што хочацца іх не толькі чытаць, але і перачытваць.

Словы як быццам і звычайныя, але змест, асабліва ў вершы «Ружаў пяць», закладзены глыбокі. Таму і вынесены яшчэ і на трэцюю старонку вокладкі:

Ружаў пяць:

Чырвоная, рудая,

Белая, ружовая і колер крэм.

Я цябе кахаю, быццам тая,

Што блішчыць каронай дыядэм.

......................................

Ружаў пяць — і дзве завялі:

Колер крэм за белай адышоў.

Тры цяпер гайдаюць нашы шалі,

І каханне споўніцца наноў.

«Ружаў пяць» — гэта і ўдалы паэтычны вобраз. Ён мае на ўвазе і збаўленне ад таго неабавязковага, што сустракаецца на шляху кожнага. Аднак сваім зместам адмаўляючы тое, што забудзецца, згубіцца, але напамінае адно з самых галоўных на зямлі — каханне. Уласна дзеля праслаўлення яго ў розных іпастасях — ад любові да блізкіх людзей да захаплення ўсім тым, што нас атуляе, і пісалася гэтая кніга. А наконт заўваг? 

У такіх выпадках я часта прыгадваю свайго незабыўнага сябра Алеся Пісьмянкова. Калі ён быў галоўным рэдактарам «ЛіМа», завяршаў рэдакцыйныя планёркі — у тыя часы яны праводзіліся рэгулярна — словамі: «Няма мяжы дасканаласці». Як кажуць, трэба не толькі не адступаць ад набытага, але пісаць яшчэ лепш. Такімі словамі хачу завяршыць сваю рэцэнзію і на кнігу Наталлі Святловай «Праз фортку сэрца». 

І пажадаць, каб у яе хутчэй выйшла чарговая. Не толькі такая дасканалая, а такая, што стала б годным яе працягам.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю