Але яе подзвіг уражвае і прымушае паверыць: няма межаў сіле чалавечага духу.
Фота гэтай дзяўчыны з доўгімі чорнымі косамі ў экспазіцыі Барысаўскага аб’яднанага музея затрымлівае позірк. У 1942-м дваццацігадовая камсамолка прыйшла ў ваенкамат Арэнбургскай вобласці. Прасілася на фронт. Мы можам толькі здагадвацца, якія словы падабрала Надзея, каб запэўніць у сваім гарачым жаданні змагацца з ворагам. Яе пачулі — накіравалі ў Маскву вучыцца на радыстку.
Па словах старшага навуковага супрацоўніка Барысаўскага аб’яднанага музея Алены ШЫЛАВАЙ, пасля заканчэння спецшколы ў жніўні 1942 года Надзею закінулі ў тыл ворага — у акупаваную Беларусь. Дзяўчына апынулася ў складзе легендарнай партызанскай брыгады «Дзядзькі Колі», камандаваў якой Пётр Рыгоравіч Лапацін.
У атрадзе Надзея была не толькі радысткай, але і байцом, і падрыўніком. Беларусь славілася рэйкавай вайной. Вялікая колькасць пуцей на чыгунцы была выведзена са строю патрыётамі з брыгады Лапаціна. Надзея падарвала некалькі варожых эшалонаў, перабіла дзясяткі рэек. Пад адхон ішлі платформы з танкамі, вагоны з боепрыпасамі і жывой сілай...
- Раз’юшаныя ворагі рабілі ўсё, каб знішчыць народных мсціўцаў. Атрад вытрымаў некалькі блакад. Самай кровапралітнай была апошняя, улетку 1944-га. Савецкая Армія імкліва набліжалася, фашысты лютавалі. Надзея разам з таварышамі апынулася ў цісках акружэння. Яны абаранялі востраў на Паліцкім балоце, дзе знайшлі прытулак жанчыны і дзеці з найбліжэйшых вёсак. У жорсткім баі партызаны неслі вялікія страты. Надзея была цяжка параненая. Выклікаўшы падмацаванне, вораг прарваўся на востраў. Сабраўшы апошнія сілы, Надзея кінула перад сабой гранату, адправіўшы ў пекла некалькіх карнікаў. Сама ж, сцякаючы крывёю, засталася ляжаць на зямлі. У лютасці нямецкі афіцэр расстраляў параненую дзяўчыну ва ўпор са свайго пісталета.
Яна выжыла — усім смярцям назло. Калі яе знайшлі, на целе дзяўчыны не было жывога месца. 18 кулявых і асколачных раненняў. А далей — шпіталі, аперацыі... І велізарнае жаданне жыць, барацьба за кожны ўздых і кожны крок. І слёзы шчасця, калі прыйшла доўгачаканая Перамога!
За той бой Надзея Іосіфаўна Качарга была ўзнагароджана медалём «Партызану Айчыннай вайны» I ступені, ордэнам Айчыннай вайны I ступені. Пасля неверагоднай перамогі над смерцю хіба магла яна не пражыць доўгае, шчаслівае жыццё? Так і сталася. Пасля вайны яна вярнулася ў Арэнбургскую вобласць, працавала ў мясцовым лясгасе. Выйшла замуж, нарадзіла трох дачок, дачакалася ўнукаў. Прыязджала ў Беларусь на сустрэчы з былымі паплечнікамі па партызанскай барацьбе.
— Людзі такой нязломнай сілы духу не маглі не перамагчы. Яны верылі: Перамога будзе за намі, і набліжалі яе, як маглі, — рэзюмавала прадстаўнік музея.
Алена Валер’ева
Фота аўтара