Top.Mail.Ru

Сяброўства ў рытме «мяў»

Аўтар: Лізавета Крупянькова
02.12.2025 | 17:19
Выданне пра клопат і любоў да жывёл

Кожны дзіцячы пісьменнік ставіць перад сабой задачу — навучыць маленькіх чытачоў дабрыні, павазе да навакольнага асяроддзя і любові да роднага краю. Аўтары выкарыстоўваюць для гэтага розныя сродкі: хтосьці звяртаецца да тэмы сяброўства, некаторыя канцэнтруюцца на гісторыях пра супрацьстаянне дабра і зла, а іншыя праз адлюстраванне штодзённай рэчаіснасці спрабуюць данесці да дзяцей важнасць простых чалавечых каштоўнасцей. Іна Фралова таксама выбрала распаўсюджаны, але ад гэтага не менш эфектыўны спосаб навучыць дзяцей адказнасці і добразычлівасці. Яе памагатыя — сябры нашы меншыя.

Кніга пісьменніцы «До-рэ-мі-фа-соль-ля-мяў» убачыла свет сёлета ў Выдавецкім доме «Звязда». Выданне арыентавана на дзяцей дашкольнага ўзросту і добра падыходзіць для калектыўнага чытання ў дзіцячым садку ці ў сямейным коле. Праз цесныя ўзаемаадносіны дзяцей і хатніх любімцаў Іна Фралова паказвае шматграннасць чалавечых стасункаў і ролю дабрыні ў фарміраванні асобы. Гісторыі пра сяброўства з жывёламі вучаць дзяцей адказнасці, спагадзе, уменню дзяліцца і клапаціцца пра слабых. Праз цікавыя прыгоды, шчырыя перажыванні і эмацыянальную глыбіню кніга выхоўвае ў юных чытачоў эмпатыю, уменне прыслухоўвацца да патрэб блізкіх і будаваць гарманічныя адносіны з навакольным светам.

У выданне ўвайшлі паэтычныя і празаічныя творы пісьменніцы, галоўнымі героямі якіх з’яўляюцца добра знаёмыя вусатыя-паласатыя сябры — каты. Вобразы гэтых незалежных і ў той жа час вельмі пяшчотных жывёл дазваляюць аўтару рэалізаваць свой творчы патэнцыял на поўную моц. Першую частку кнігі склала паэзія Іны Фраловай: кароткія, але дынамічныя вершы стылістыкай нагадваюць творчасць самага вядомага дзіцячага пісьменніка Савецкага Саюза — Карнея Чукоўскага. Жанравая разнастайнасць твораў таксама ўражвае: невялічкае выданне змяшчае лічылкі, песенькі, жартоўныя вершы і цэлыя паэтычныя гісторыі. У кароткіх рыфмаваных радках пісьменніца закранае важныя сацыяльныя і маральныя праблемы: цяжкі лёс бяздомных жывёл, жорсткае абыходжанне людзей з братамі нашымі меншымі і іншыя. Канешне, выданне прызначана для самых маленькіх чытачоў, таму падобныя злабадзённыя пытанні пісьменніца выказвае ў гумарыстычнай форме, пры дапамозе якой закладвае ў падсвядомасць дзяцей правільныя маральныя арыенціры. Праз лёгкую іронію і ў гульнявой форме малыя не толькі атрымліваюць задавальненне ад чытання, але і паступова ўсведамляюць, што свет патрабуе клопату і ўвагі да ўсіх яго жыхароў. Такім чынам, кніга становіцца своеасаблівым мостам паміж дзіцячай забавай і сур’ёзнымі жыццёвымі каштоўнасцямі, якія будуць суправаджаць чалавека ў дарослым жыцці.

Проза прадстаўлена апавяданнямі «Ганарлівая асоба», «Бухгалтэрыя не супраць» і «Па-сяброўску». Першы твор расказвае пра бяздомную котку Весялуху, якая знайшла прытулак у кватэры Веранічкі. У апавяданні паказваецца паступовае развіццё ўзаемаадносін паміж дзяўчынкай і коткай: ад напружана-варожых да амаль сямейных. Твор вучыць дзяцей разуменню і прыняццю чужых жаданняў, уменню знаходзіць падыход да кожнага і клапаціцца пра слабейшых. Апавяданне «Бухгалтэрыя не супраць» напоўнена лёгкім гумарам, шчырымі дыялогамі і ўтульнай вясковай атмасферай. Чытач пазнаёміцца з гісторыяй аднаго ката, якому пашчасціла выратавацца ад смерці і знайсці дом у добрых людзей. Пра першае пяшчотнае сяброўства паміж дзіцем і хатнім гадаванцам расказвае апавяданне «Па-сяброўску». Гісторыя, напоўненая даверам і шчырасцю, пераносіць юнага чытача ў свет, дзе галоўнымі каштоўнасцямі становяцца адкрытасць сэрца і ўзаемная падтрымка.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю