8 верасня адзіны ў Беларусі Музей беларускага кнігадрукавання ў Полацку адсвяткаваў сваё 35-годдзе. За гады існавання тут прайшло шмат цікавых мерапрыемстваў, сустрэч і свят. Музей беларускага кнігадрукавання быў адкрыты да 500-гадовага юбілею беларускага першадрукара, палачаніна Францыска Скарыны. На свяце адкрыцця прысутнічаў яго магчымы нашчадак у 14 пакаленні — Стэнлі Скарына, які прыязджаў з Канады.
Установа можа пахваліцца правядзеннем цікавых мерапрыемстваў і сустрэч. Сярод іх — штогадовая Міжнародная акцыя «Ноч музеяў», удзел у Днях беларускага пісьменства, дзе паказваецца багацце калекцый фондаў.
У 15 залах экспазіцыі прадстаўлена каля паўтары тысячы прадметаў. Яны час ад часу змяняюцца. Напрыклад, кожны год дэманструюцца розныя кнігі-лаўрэаты Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі», выданні, адзначаныя дыпломамі трох ступеняў у самых розных намінацыях за найлепшае мастацкае афармленне і паліграфічнае выкананне. Гэтыя кнігі ў музей перадае Міністэрства інфармацыі.
Перыядычна змяняецца часовая экспазіцыя. Праводзяцца выстаўкі, прысвечаныя беларускім аўтарам, мастакам, кнігадрукарам, выданням, святам. Да 80-годовага юбілею вызвалення тэрыторыі Беларусі ад нямецка-фашыцкіх захопнікаў праходзіў праект, які расказваў пра вызваліцеляў, жыхароў Полацка. З 23 жніўня да 10 лістапада ў Музеі беларускага кнігадрукавання працуе выстаўка «Выданні летапісаў і хронік XII–XVIII стст.» з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.
Для больш дэталёвага знаёмства з гісторыяй музея можна наведаць сайт і старонку ў Instagram.
Ганна МАТРУНЕНКАВА
Фота даслана аўтарам