Top.Mail.Ru

Святлана Бахнова — аўтар, для якога дзіцячая літаратура з’яўляецца не проста жанрам, а формай жывых зносін з дзецьмі

02.08.2026 | 16:22
Прастора эмацыянальнага спакою

Кніга «Добрые истории о дружбе Зайки и Медвежонка», якая выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда», адгукаецца на запыт як дзяцей, так і дарослых, што пацвярджаецца жывой чытацкай цікавасцю і шматлікімі сустрэчамі аўтара з юнай аўдыторыяй. Перад намі зборнік з пяці казак — «Не заменят край любимый никакие чудеса!», «Как стать настоящим волшебником», «Как улетают неприятности», «Почему Зайка полюбил зиму?» і «Зайкина Звёздочка», — аб’яднаных агульнымі героямі, Зайкам і Медзведзянём, а таксама скразной тэмай дружбы, клопату і ўнутранага сталення. Кожная гісторыя самастойная і завершаная, аднак у сукупнасці яны фарміруюць цэльны мастацкі свет, у якім цуд выяўляецца не ў эфектных падзеях, а ў паўсядзённых, амаль непрыкметных жэстах увагі і ўдзелу.

Угэтых казках закранаюцца блізкія дзіцяці і адначасова філасофска значныя пытанні: што значыць любіць свой дом і цаніць родны край; як адрозніць праўду ад прыгожага, але пустога абяцання; чаму цярпенне і праца важнейшыя за імгненны вынік; як спраўляцца з крыўдамі і страхамі; чаму дабрыня з’яўляецца формай унутранай сілы. Характэрна, што аўтар не фармулюе адказы ў выглядзе прамых павучанняў, а падводзіць да іх праз жыццёвыя сітуацыі і дыялогі персанажаў. Паказальныя, напрыклад, словы Медзведзяняці пра тое, што «настоящее волшебство рядом с нами», або думка Зайкі, што «друзей в беде не бросают» — гэтыя фразы гучаць як натуральнае асэнсаванне пражытага досведу, а не як навязаная мараль.

Святлана Бахнова выбудоўвае апавяданне мякка і даверліва: сэнс нараджаецца не з падзейнай насычанасці, а з эмацыянальнага пражывання моманту. Менавіта таму кніга ўспрымаецца не як набор павучальных гісторый, а як спакойная размова з дзіцем пра важныя рэчы. Калі чытаеш гэтыя тэксты, узнікае адчуванне вяртання да стану, у якім свет яшчэ не здаецца рэзкім і складаным, а адказы на сур’ёзныя пытанні знаходзяцца побач — у клапатлівым слове, у падтрымцы блізкага, ва ўменні быць уважлівым да іншага.

Адной з галоўных вартасцей кнігі Святланы Бахновай з’яўляецца выразна выбудаваная і пры гэтым ненавязлівая сістэма каштоўнасцей. Так, у казцы «Не заменят край любимый никакие чудеса!» тэма любові да роднага дому і адказнасці за свой выбар увасабляецца ў супрацьстаянні Медзведзяняці і Папугая, які пахваляецца. Калі той абяцае звярам «Афрыку» з цудамі і багаццем, Медзведзяня спакойна і ўпэўнена вяртае размову ў рэчышча здаровага сэнсу, вымаўляючы ключавую для ўсёй кнігі думку: «Много прекрасных мест есть на свете! И ананасы там растут, и апельсины, но не заменят край любимый никакие чудеса! Гэтая фраза гучыць як вынік не толькі канкрэтнай казкі, але і ўсёй філасофіі зборніка: каштоўнасць свайго, роднага аказваецца вышэйшай за знешнюю прывабнасць чужога і невядомага.

Асаблівае месца ў кнізе займае вобраз Медзведзяняці — носьбіта жыццёвай мудрасці і маральнага досведу. Яно выступае не ў ролі строгага настаўніка, а як уважлівы дарослы, які ўмее тлумачыць складаныя рэчы простай мовай і паважае ўнутраны свет дзіцяці. Медзведзяня ніколі не прыгнятае Зайку аўтарытэтам, наадварот — вядзе яго да разумення праз сумесны досвед. У казцы «Как стать настоящим волшебником» Медзведзяня разбурае наіўнае ўяўленне пра цуд як пра імгненны вынік і прапаноўвае іншы шлях: «Настоящее волшебство требует времени. А ещё тепла и заботы». У гэтай фразе закладзена важная педагагічная думка: цуд — гэта працэс, праца і адказнасць. 

Мова кнігі адрозніваецца прастатой і яснасцю, аднак яны па-мастацку апраўданы. Сінтаксіс пераважна кароткі, дыялагічны, дзякуючы чаму тэкст лёгка ўспрымаецца дашкольнікамі і малодшымі школьнікамі. Пры гэтым дыялогі жывыя, інтанацыйна выразныя і дакладна перадаюць характары персанажаў. Напрыклад, рэплікі Зайкі часта напоўнены сумненнямі і эмоцыямі («А вдруг он не придёт?», «Я совсем не готов!»), у той час як мова Медзведзяняці спакойная і ўпэўненая. Такая маўленчая арганізацыя не толькі ўтрымлівае ўвагу дзіцяці, але і дапамагае яму інтуітыўна адрозніваць пазіцыі герояў.

Гаворачы пра недахопы кнігі, важна падкрэсліць, што яны звязаны не з якасцю пісьма, а з асэнсаваным выбарам аўтарам мяккай, бяспечнай і светлай мадэлі свету. У большасці казак канфлікт развіваецца спакойна і вырашаецца даволі хутка, без сур’ёзнага ўнутранага напружання, а вобраз Медзведзяняці як мудрага настаўніка часам падаецца ідэалізаваным: ён заўсёды ведае правільны адказ і не сумняваецца. Другарадныя персанажы, як правіла, выконваюць функцыянальную ролю і служаць ілюстрацыяй пэўных ідэй, а маральныя высновы ў фінале фармулююцца адкрыта і прама, без складанага падтэксту. Для дзіцячага ўспрымання такая шчырасць, безумоўна, апраўданая: дзіцяці важна адчуваць стабільнасць, абароненасць і ясныя арыенціры. Святлана Бахнова не імкнецца ўскладняць рэальнасць або траўміраваць чытача; яе задача іншая — паказаць дзіцяці, што свет можа быць надзейным, а дарослы побач — тым, хто падтрымае, а часам і самому даросламу карысна дазволіць сабе паверыць у гэтую светлую карціну свету.

У свеце, дзе дзеці ўсё часцей сутыкаюцца з хуткімі, гучнымі і візуальна насычанымі вобразамі, такія ціхія, цёплыя і цэласна аформленыя кнігі становяцца асабліва неабходнымі. Яны ствараюць прастору эмацыянальнага спакою, вучаць запавольвацца і ўслухоўвацца — у тэкст, у іншага чалавека, у самога сябе. «Добрые истории о дружбе Зайки и Медвежонка» ўспрымаюцца не проста як удалае дзіцячае літаратурнае выданне, але як важны педагагічны і эстэтычны досвед, да якога хочацца вяртацца і які хочацца рэкамендаваць як дзецям, так і дарослым.

Дар’я РУКАВІШНІКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю