Top.Mail.Ru

Светлы колер ценю

12.03.2025 | 07:00

Адзіную сваю паэтычную кнігу назваў проста — «Жыццё». Тады я, працуючы на Рэспубліканскім радыё, рыхтуючы перадачу па ёй, нібыта і папракнуў аўтара: «Надта ж неяк нечакана ды і празаічна. Можна было б і даўжэй, але больш паэтычна». Ён не пакрыўдзіўся. Быў не з крыўдлівых. Не надта быў і пешчаны чыёйсьці пахвалой, якую любяць людзі творчыя. 




«А што тут думаць, — сказаў крыху пазней, — я пішу жыццё, і думкі мае хай чытач шукае ў маіх вершах, а не ў іх назвах». 

Сказаў так ці прыкладна так. 

А потым мы ўжо разам з ім нават пасмяяліся з тых, хто назвы сваіх кніг шукае ў слоўніках. Ён ведаў такіх, я ведаў таксама. Дый і сам некалі грашыў гэтым. Надта ж хацелася «стрэльнуць» на вокладцы тым самым выключным і нечаканым словам. А сёння перакананы: ніякая назва не выратуе тое, чаго ў цябе няма. Ды і яна павінна сама вынікаць з таго, што пішаш. А гаворку гэтым разам вяду пра аднаго з нястомных працаўнікоў нашай літаратуры, пра якіх зусім неахвотна пісалі і пры іх жыцці, і рэдка згадваюць сёння, калі яны ў спісе адсутных. Цяпер яму, Міхасю Парахневічу, споўнілася б дзевяноста.

Нарадзіўся 20 жніўня 1934 года ў вёсцы Мінкавічы Старадарожскага раёна ў сялянскай сям’і. У 1944 годзе пайшоў у родную Мінкавіцкую школу. Пасля яе — адразу ў Мінск, дзе скончыў школу фабрычна-заводскага навучання. Атрымаў спецыяльнасць электрыка. Працаваў у трэсце «Аўтапрамбуд». Але перш, чым пасмакаваць прафесійнага хлеба (во як дзіўна!), адчуў сябе паэтам. 

Першы яго верш «Голас выбаршчыка» з’явіўся ў 12 нумары часопіса «Бярозка» ў 1950 годзе. А ў 1952-м яго творы друкаваліся ўжо ў газеце «Чырвоная змена». А яшчэ праз год іх змясціў нават часопіс «Полымя». А тым часам прыспела вайсковая павестка. На тры гады расцягнулася яго служба ў Савецкай Арміі. Армейскія будні не зусім зручныя для паэзіі, але не адкладваў убок сваё паэтычнае пяро. Вершы час ад часу з’яўляліся і ў «Чырвонай змене».

Вайсковыя сябры ведалі пра яго захапленне паэзіяй і часта прасілі пачытаць нешта з напісанага, бо здагадваліся, што іх таварыш па службе не забывае ў сваіх радках і пра іх. Таму даводзіцца браць на сябе яшчэ адзін клопат — быць самому сабе і перакладчыкам. Але хіба перакладзеш тое, што адважваўся прачытаць сваім землякам у вольную ад службы хвіліну? Толькі землякі-беларусы могуць зразумець вось гэта:

Адцвілі верасы,
Адгарэлі брусніцы на ўзлессі,
А, здаецца, учора
Бялеў па-над Пціччу твой сад.
І плывуць, і плывуць
Дарагія мясціны Палесся,
Мне лісцём залатым
Засыпае шляхі лістапад.
Ты і мара мая,
І трывога ў цяплушцы-вагоне,
Ты са мною сядзіш
Сярод юных салдат-навічкоў,
І пяе пра цябе,
Заліваецца тульскі гармонік,
Пра каханне гаворыць,
Што вернецца хутка ізноў.

Хіба гэтае лірычнае прызнанне не ўсхвалюе маладога салдата?! Такое не грэх даслаць і ў сваім трапяткім лісце каханай дзяўчыне. У сваёй паэтычнай кнізе, падзяліўшы яе на тры раздзелы, адзін з іх — «Сэрца салдата» — М. Парахневіч прысвяціў армейскай тэматыцы, уключыўшы ў яго свой паэтычны армейскі дзённік. Скажам шчыра, выглядае ён у зборніку па-вучнёўску бездапаможна і патрабуе добрай рэдактарскай рукі, як і шмат чаго іншага на старонках побач. У 1972 годзе, калі выйшла з друку кніга «Жыццё», равеснікі паэта, ды і нават маладзейшыя ад іх, паспелі здзівіць чытача ўжо сапраўднымі ўзорамі лірыкі. Гэта быў час, калі паэзія, апераджаючы той жа спорт, заваёўвала цэлыя вялікія стадыёны. І трэба прызнаць, што назва «Жыццё» не апраўдвала сябе ў самой кнізе. Гэта зразумеў і сам аўтар, які надта добра ведаў тое пасляваеннае жыццё, асабліва што тычылася вёскі, бо сам жыў гэтым жыццём з першых сваіх гадоў. А даросласць там пачыналася не з дзіцячых цацак, а з важкага сялянскага начыння: з плуга і сякеры, з касы і рыдлёўкі, з пастухоўства ды ратайства. Само жыццё і падказала Міхасю Парахневічу, што творча адкрываць і сцвярджаць сябе яму неабходна менавіта ў прозе. Там поле пошуку значна шырэйшае, зусім іншыя магчымасці.

Што тычыцца паэзіі, да яе звярнуўся хутчэй не без удзелу свайго старэйшага аднавяскоўца, вядомага паэта Янкі Непачаловіча. Аднойчы нечакана запытаўся ў мяне, ці чытаў яго. Сказаў, што не толькі ведаў творы, але і быў знаёмы. Не памятаю, з якой нагоды, наведваўся аднойчы на кватэру да Анатоля Вялюгіна. Там і сустрэў Івана Данілавіча, які тварам сваім нават быў у нечым падобны да гаспадара. Вельмі светлы і адкрыты, з глыбокім і праніклівым позіркам, усмешлівы. Добра памятаю і як знаёміліся. Каб не падумаў, што хлушу, працытаваў па памяці яго радкі, якія і сёння не сцерліся з маёй памяці:

З базару людзі валяць валам.
Хто мёд нясе, а хто — касу.
А я — не многа і не мала —
Дзве сотні прымавак нясу.

Яму тое спадабалася. А далей, пад чарку ды жарт, размова паэтычная пайшла і надта весела. Больш, на жаль, не сустракаліся. Потым літаратурны люд скалыхнула вестка пра тое, як раптоўна, трагічна і недарэчна ён загінуў. Куля, якая ўсю вайну адсочвала партызанскага сувязнога, дагнала ў мірны час. І стрэл у спіну па-здрадніцку прагучаў аднойчы ў ліпеньскай начы. Шмат усялякіх чутак хадзіла потым вакол гэтага. 

Згадвалі тое і мы ў нашай размове з Парахневічам. Тут я і даведаўся, што паэт даводзіцца яму родным дзядзькам. Далей было зразумела, што дзядзькаў уплыў на творчасць самога Міхася, вядома ж, адчуваўся. Ёсць у кнізе «Жыццё» і верш «Прычалены паром», прысвечаны памяці Янкі Непачаловіча. Што тычыцца Непачаловіча, дык яму і надта спрыяла шчырае сяброўства з Анатолем Вялюгіным, а гэта значыць, і адчувальная падтрымка «адмірала паэзіі». У Міхася Парахневіча ж ніякай падтрымкі, нават з боку дзядзькі, не было. А яна яму не пашкодзіла б. 


Свой паэтычны зборнік усё ж апярэдзіў кнігай прозы «Грыбны дождж» (1969). І той, хто раней быў знаёмы з яго вершамі, мог заўважыць, як адчувальна адрозніваецца празаік Парахневіч ад Парахневіча-паэта, дзесьці сузіральнага, часта невыразнага ў радку, прыблізнага ў малюнку і слове. Празаікам-пачаткоўцам часта вельмі шкодзіць апісальніцтва, прыблізная дэталізацыя, няўменне карыстацца дыялогам ды і тое ж павярхоўнае веданне самога жыцця. Міхасю Парахневічу ўдалося ўсяго гэтага пазбегнуць. Як здаецца мне, гэтаму дапамагала тое самае добрае веданне жыцця, частыя сустрэчы з людзьмі і тыя здагадлівасць ці дапытлівасць, якія ўласцівы чалавеку, калі ён не абыякавы да ўсяго і ўсіх, з кім і з чым сустракаецца ў жыцці.

Жыццю чалавека вучыць само жыццё. Акрамя ўсяго іншага, скончыў ён завочна філфак Белдзяржуніверсітэта, Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС у Маскве. А гэта для свайго часу — ого як многа! Значыць, думаў і пра кар’ерны рост, пра нейкія чыноўныя пасады. Але кар’ернае, як мне здаецца, было супрацьпаказана яму. Папрацаваўшы нейкі час інструктарам у аддзеле прапаганды і агітацыі ЦК КПБ, падаўся зноў на звыклую журналісцкую працу ў «Вячэрні Мінск», ужо другім заходам. 

Цяпер я зноў, як свайму даўняму знаёмаму, насіў яму новыя вершы. Ён іх ахвотна друкаваў, бо паэзію любіў. Пасада ў яго была — намеснік галоўнага рэдактара. А сам ён ужо стаў перакананым празаікам, які неяк незаўважна выпрацаваў свой стыль мастацкага пераўасаблення жыццёвага матэрыялу, што адпавядаў яго ўласнаму характару. Чытачу нават імпануе тое, як спакваля прадзецца ніць аўтарскай задумы, як спачувальна, нават усхвалявана ён вядзе сваіх герояў ад сумнага, часам трагічнага, да амаль радасна-выратоўнага. І ўсё ў яго аповясцях і апавяданнях нібыта падпарадкавана нейкаму ўнутранаму аўтарскаму суперажыванню, улагоджана самой інтанацыяй, без лішняга перанапружання ды і так званага маралізатарства. 

Да прозы сваёй Міхась Парахневіч падступаўся праз тую ж журналістыку. У біяграфіі яго была і праца ў райгазетах: Старадарожскай, Парыцкай, нават у Ерментаўскай раёнцы Цалінаградскай вобласці. Яго веданне жыцця і адсюль таксама, але ж часам і нейкі непрыхаваны элемент рэпартажнасці. Гэта менш заўважна ў кароткіх апавяданнях-абразках. Я з прыемнасцю перачытваў яго разважлівыя згадкі пра будзённую працу ў ролі работніка ЦК, дзе роздумна і па-мастацку распавядае пра ўзаемадачыненні з рознымі людзьмі. І добра, што тое, над чым задумваецца сам пісьменнік, змушае задумацца і чытача.

Адну са сваіх празаічных кніг ён назваў «Белыя цені бяроз». Змест яе склалі тры аповесці, апавяданні і проста кароткія лірычныя занатоўкі. У іх найбольш ярка акрэсліўся талент Парахневіча-празаіка. Тут вельмі адчувальнае і яго ўменне будаваць сюжэт, добрае веданне сялянскага побыту і сама прастора часу, у якім жывуць яго героі. Аналізуем іх характары і бачым зусім не падобныя абліччы. Вось і ў аповесці «Ачышчэнне» праз добра прадуманы маральны чысцец аўтара праходзіць не толькі галоўная гераіня Дар’я, але і іншыя два персанажы — Косця і Жора. 

Мастацкія сродкі пры гэтым М. Парахневіч бярэ зусім не з паэтычнага арсеналу, а зыходзячы з саміх абставін, у якія трапляюць дзеючыя асобы. Той жа Жора, які, здавалася б, незваротна заграз у жыццёвай неразбярысе, цяжкавата выбіраецца з безвыходу праз наступную дэталь. Яго машына сярод ночы засела надзейна ў гразі бездарожжа, і яе выратоўвае выпадковы самазвал: «Вяроўкі нацягнуліся, нібы струны, гатовыя вось-вось лопнуць, гэтага са страхам кожнае імгненне чакаў Жора, але яны вытрымлівалі, і машына, цяжка выбіраючыся з гразі, пасунулася ўслед за самазвалам. Жора сігналіў — досыць цягнуць». Пра само «ачышчэнне» мы здагадваемся яшчэ раней, а дэталь спатрэбілася толькі для падмацавання ды пераканання. І нічога лішняга ў гэтым мне не бачыцца.

Міхась Парахневіч вельмі ўважлівы да людскіх лёсаў. Але асабліва кранае аўтарская ўвага да лёсу жанчыны. Пра яе, жанчыну, пісаў з асаблівай прачуласцю, нават з нейкай адчувальнай далікатнасцю, так, як магчыма пісаць хіба што пра сваю ўласную маці. Тое, што выпала на лёс Маланкі, гераіні аповесці «Доля-долечка», рэдка каго абмінула з вясковых жанчын пасляваеннага часу. 

Адразу ў памяці паўстае шмат падобных прыкладаў свайго, вясковага. Нават прыгадак усяго таго, што выпала на долю Маланкі, хопіць, каб нізка пакланіцца ды ўкленчыць перад ёю. Не сама ж сябе прыдумала даўняя прымаўка: «Адна бяда не ходзіць, а цягне за сабою бяду другую». Так і ў геіраіні М. Парахневіча. Адно цягнула за сабой непапраўнае іншае. Была радасць у жанчыны — адзіны сын, народжаны невядома ад каго. Сама ведала, ад каго. Правяла служыць у войска. А неўзабаве прыходзіць тэлеграма: трагічна загінуў на вучэннях... Дзіўна, але пасля ўсяго гэтага жанчына не страціла сваёй дабрыні, якой шмат было ў яе сэрцы, і не шкадуе яе нават тым, хто калісьці крыўдзіў. Дабрыня і павінна перамагаць і ратаваць чалавека. І тут я не дазволіў сабе пагадзіцца з аўтарам нататкі ў бібліяграфічным слоўніку, дзе напісана: «...імкненне да займальнасці, жывапіснасці твораў часам прыводзіць пісьменніка да мастацкіх страт». Тое, што я перачытваў у згаданай кнізе, чытанне зусім не займальнае. Хутчэй за ўсё, гэта чытанне надта не простае, сумнае. Думаю, той, хто яшчэ памятае жыццё пасляваеннай вёскі, хто сам быў сведкам таго часу, пагодзіцца са мной.

Здзіўляе ў яго прозе хіба толькі адно: чаму так неахвотна ён, хто пачынаў як паэт, звяртаецца да пейзажнай падфарбоўкі сваіх твораў. Нават у даўгаватай дарозе праз вясновы лес абыходзіцца толькі адным сказам: «Пахла набухлымі пупышкамі бяроз, перапрэлым лісцем і маладою травою, што зялёнымі грыўкамі сям-там выбівалася ўзбоч глыбокіх каляін». І гэта ў тым апавяданні, якое дало назву кнізе, «Белыя цені бяроз». Але ж сама назва паэтычная. Мастак, што афармляў яе, даў гэтым ценям не белай, а чорнай фарбы. А ў ценяў, як мы ведаем, няма колеру. Не кідаюць белага ценю і бярозы. Але ценявыя адбіткі жыццёвых колераў бываюць і святлейшыя, і цямнейшыя. Ён быў прыхільнікам усяго светлага. І гэта адбілася на яго жыццесцвярджальных творах, чым яны і цікавыя для нас.

Казімір КАМЕЙША

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю