Top.Mail.Ru

«Свет шчодры. Свет мяне паўторыць...». Да 95-годдзя Уладзіміра Караткевіча

10.10.2025 | 14:00

Яго натхнёнае слова гучыць на мовах народаў свету. Уладзіміра Караткевіча чытаюць на азербайджанскай, кітайскай, казахскай, туркменскай, літоўскай, марыйскай, англійскай і, канешне ж, рускай. І гэта далёка не поўны пералік моў, на якіх чытачы даведваюцца пра Беларусь і беларусаў, іх характар, традыцыі і гісторыю праз яркую творчасць слыннага сына нашай краіны.

У рамках святкавання 95-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, класіка беларускай літаратуры, у Віцебскай абласной бібліятэцы прайшла літаратурная сустрэча пад сімвалічнай назвай «Свет шчодры. Свет мяне паўторыць...», прысвечаная міжнароднаму гучанню твораў пісьменніка, перакладзеных на мовы народаў свету. Ганаровымі гасцямі сустрэчы сталі старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар выдавецтва «Беларусь», ініцыятар і актыўны ўдзельнік праектаў, накіраваных на папулярызацыю беларускай літаратуры за мяжой Алесь Карлюкевіч і паэт, публіцыст, рэдактар, журналіст, наш зямляк, ураджэнец Полацка Навум Гальпяровіч.

Адкрываючы сустрэчу старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка прыгадала апавяданне Алеся Кажадуба «На дачу Караткевіча», тым самым падкрэсліўшы, што Уладзімір Сямёнавіч не толькі глыбока ведаў гісторыю Беларусі і валодаў фантазіяй, але і радаваў адметным пачуццём гумару. 

Алесь Карлюкевіч адзначыў, што нядаўна былі перавыдадзены кнігі Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі» на рускай і беларускай мовах, і гэтыя творы карыстаюцца нязменным чытацкім попытам. 

Навум Гальпяровіч прыгадаў, як юнаком прачытаў аповесць невядомага яму тады Караткевіча «Чазенія», у якой аўтар распавядае пра службу на Ціхаакіянскім флоце. І гэта было настолькі моцнае ўражанне, якое паўплывала на далейшы лёс маладога пісьменніка. 

— Караткевіч — святло, якое запальвае любоў да Радзімы, — лічыць Навум Гальпяровіч. — Ён слушна раіў: калі хочаш быць знакамітым, жыві тут, у Беларусі. 

Удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць дзякуючы сучасным інтэрнэт-тэхналогіям паслухаць і ўбачыць сябра беларускай літаратуры з Пекіна Хань Сяае. Выкладчык Пекінскага інстытута замежных моў вітаў віцебскіх аматараў прыгожага пісьменства і чытаў уласныя пераклады вершаў Уладзіміра Караткевіча. 

Дзякуючы азербайджанскаму лінгвісту, прафесару Флоры Наджы паэзію і прозу Уладзіміра Караткевіча ведаюць і ў Закаўказзі. У сваім відэазвароце Флора Наджы расказала, як студэнты факультэта рэгіёназнаўства вывучаюць Беларусь праз літаратурныя творы.

— У савецкія часы мы больш ведалі адзін пра аднаго. Было шмат перакладаў твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Васіля Быкава. Цяпер кантакты перакладчыкаў пачалі слабець і патрэбны адпаведныя намаганні творчых асоб, каб узмацніць паток перакладаў. Калі пазнаёмілася з творчасцю Уладзіміра Караткевіча, была ўражана, наколькі шырокі дыяпазон яго творчасці: і проза, і паэзія, і публіцыстыка, і драматургія, — падкрэсліла прафесар. Яна выказала сваё захапленне сучаснай беларускай літаратурай. 

Падчас імпрэзы Алесь Карлюкевіч распавёў пра працу перакладчыкаў Юрыя Салаўёва (Марый Эл), Юрыя Шчарбакова (Расія), Сунь Фаньці (Кітай), Даяны Лазаравіч (Сербія), Джумагельды Мулкіева (Туркменістан), Вітаўтаса Жэймантаса (Літва). 

Прагучалі ўрыўкі з твораў Уладзіміра Караткевіча ў арыгінале і перакладах, якія чыталі віцебскія студэнты і школьнікі. Заснавальнік, былы мастацкі кіраўнік Беларускага тэатра «Лялька» Віктар Клімчук і вядучы майстар сцэны Юрый Франкоў падзяліліся ўспамінамі, як за мяжой горача прымалі пастаноўкі паводле твораў Караткевіча «Забыты скарб», «Ладдзя роспачы», «Скрыпка дрыгвы і верасовых пустэчаў», «Кацёл з каменьчыкамі». 

Святлана ДЗЯДЗІНКІНА

Фота Аляксея ВРОНСКАГА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю