Пад мірным небам маладая Беларусь» Аляксея Панцюка-Жукоўскага. Экспазіцыя жывапісца ўключае больш за 70 работ розных жанраў, напісаных у розныя перыяды творчасці, аднак аб’яднаных тэмай Бацькаўшчыны. Пазнаёміцца з імі можна да 7 верасня.
Галоўнае, што цікавіць мастака, — лёс і аблічча беларуса. Не так важна, пра што ён разважае — пра подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, здзейсненае выдатнымі дзеячамі, зробленае прадстаўнікамі розных прафесій, справу працаўніка вёскі, — атрымліваецца своеасаблівая карціна беларускага жыцця. Зразумела, бачым мы яе праз прызму мастацкага абагульнення, якое прапаноўвае Аляксей Панцюк-Жукоўскі, праз стылістыку, рэалістычную манеру, у якой працуе. Хоць тут, між іншым, прасочваецца пэўная неаднастайнасць. Аўтар застаецца верны выбраным кампазіцыйным схемам, ды і тэхніка збольшага не перайначваецца, аднак колеравая палітра, некаторыя прыёмы з часам усё ж трансфармуюцца. З-за гэтага, напрыклад, героі, якія толькі-толькі пачалі пазіраць з палотнаў, пазбаўлены індывідуальнасці, яны губляюць рысы людзей з іх непаўторнымі асаблівасцямі — найперш вонкавымі, бо сярод задач жывапісца, здаецца, і не было дасягнення глыбокага псіхалагізму. Так, людзі на карціне «Цёплы летні дожджык» (2025) адлюстраваны з вялікай доляй умоўнасці. І гаворка нават не пра спрошчаны падыход да вобразаў ды ідэі ці трафарэтнае рашэнне — тут заўважна імкненне да абагульненняў і абыякавасць да выразнасці і дакладнасці.
У многіх карцінах мастак апавядае пра штодзённасць, звяртаючы ўвагу на клопаты чалавека, яго адпачынак. І нідзе не адчуваецца трывогі (гэтага, зразумела, не скажаш пра жывапіс, прысвечаны тэмам вайны і хрысціянкай веры, што, дарэчы, могуць знаходзіць адлюстраванне ў адным сюжэце) — і сам аўтар, і яго героі выяўляюць спакой і ціхамірнасць, здаволенасць ад таго, як складваецца жыццё, упэўненасць, што наперадзе — толькі светлыя часіны, і добры лёс спрыяе працаўніку... І такія работы, як «Бабіна лета. Бульба» (2003), «Радзіма» (2016), «Беларуская калыханка» (2017–2018), дапамагаюць растлумачыць канцэпцыю выстаўкі, праз якую Аляксей Панцюк-Жукоўскі імкнецца выклікаць у гледача захапленне родным краем і беларускім народам, павагу да мінулага краіны і яе сучаснасці.
Жывапісец не цураецца розных праяў празмернасці ды ўтрыраванасці, не пазбягае неаднаразовага выкарыстання пэўнай сімволікі. Напрыклад, яблык бачым не толькі на нацюрмортах — гэта важны складнік кампазіцый твораў, прысвечаных жанчыне, мацярынству і, зразумела, тэме кахання. Часцяком яблык зялёны, у тым ліку на дрэвах, без перабольшання ўсыпаных пладамі, якія ляжаць і на зямлі. Сярод выключэнняў з яблыкамі жоўта-чырвонымі — «Яблынька» (2003) з серыі «Спас». Сюжэт знаёміць з бабуляй, чый век адбіўся ва ўсёй постаці, і цяжарнай жанчынай — выглядае яна юнай... У яблыневым садзе гэтая гераіня стаіць басанож — мастак наогул неабыякавы да вобраза босага чалавека як сімвала духоўнай чысціні ды сувязі з прыродай. «Яблынька» — у шэрагу работ, праз якія Аляксей Панцюк-Жукоўскі дэманструе повязь пакаленняў, бесперапыннасць роду. А карціна «Ля бабулінага куфра» (2005) паказвае сутнасць яго разваг на гэтую тэму: на сцяне вісяць каляндар, гадзіннік, фатаграфіі продкаў; жанчыны знаёмяць дзяўчынку з каштоўным для любой сям’і змесцівам куфра, адна з іх — як і прынята ў творах жывапісца — стаіць у беларускім народным касцюме і глядзіць прама на нас. У гэтым рэчышчы змяніць паставу давялося «Раўбіцкай мадонне» (1989), бо яна трымае на руках даволі вялікае дзіця і жэстам штосьці даводзіць суразмоўцу — гледачу...
Яўгенія ШЫЦЬКА