Top.Mail.Ru

Суразмоўцы з часам

08.05.2025 | 07:00

Сустрэча членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Маладзёжным саветам адбылася ў парламенце напярэдадні 9 Мая. 


У такім фармаце творцы ўпершыню ў найноўшай гісторыі краіны наведалі заканатворцаў і ўзялі ўдзел у пасяджэнні, прысвечаным адной з самых важных дат беларускага летапісу — 80-годдзю Вялікай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Сустрэча была задумана як размова пісьменнікаў з мінулым і будучым, таму не дзіўна, што яе вядучым быў выбраны член Прэзідыума СПБ, аўтар праграмы «Суразмоўцы» на тэлеканале «Беларусь 3», заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Навум Гальпяровіч. Аўтары, сярод якіх былі прадстаўнікі розных пісьменніцкіх пакаленняў, дзяліліся ўспамінамі пра бацькоў і дзядоў, паэтычнымі і празаічнымі радкамі заклікалі да захавання Памяці пра іх пакуты і Подзвіг.

Так, першы намеснік старшыні СПБ Алена Стэльмах прачытала ўрывак з аповесці «Дзень міра настане», прысвечанай стрыечнаму дзеду, які загінуў у 1943-м пад Ленінградам; кіраўнік Гомельскага аддзялення СПБ Уладзімір Гаўрыловіч пазнаёміў прысутных з урыўкам з аповесці «Пад покрывам нябёсаў», прысвечанай вязням канцлагера ў Азарычах; паэма «Марыйка» старшыні Магілёўскага аддзялення СПБ Алеся Казекі выклікала асаблівае суперажыванне, бо прататыпам галоўнай гераіні стала маці паэта.

Кіраўнік Мінскай гарадской арганізацыі СПБ заслужаны дзеяч культуры Беларусі Міхась Пазнякоў выступіў з прачулым вершам «Перамога. Радзіма. Народ!», а старшыня секцыі драматургіі СПБ Таццяна Сівец вершам «Дзяды» выказала тугу «трэцяга пакалення», з якім не размаўлялі пра вайну тыя, хто яе прайшоў.

У новым вобразе — паэтычным — паўстаў старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Валянцін Семяняка. На завяршэнні сустрэчы прагучала прэм’ера песні «Пасярод цішыні» на словы Алеся Казекі ў выкананні Паўла Любчанкі. Музычны твор аздобілі фотаздымкі паэта Уладзіслава Цыдзіка.

Прадстаўнікі СПБ падарылі парламентарыям выдадзеныя да Дня Перамогі кнігі.

Таццяна СІВЕЦ

Фота Уладзіслава ЦЫДЗІКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю