«Я нібыта нарадзілася нанова!»
Дзяцінства Вольгі прайшло ў гарадскім пасёлку Шуміліна, што на Віцебшчыне. Стаўшы студэнткай прэстыжнага факультэта міжкультурных камунікацый сталічнага Інстытута замежных моў (цяпер — БДУЗМ), мэтанакіраваная дзяўчына была арыентавана выключна на вучобу. У будучым бачыла сябе перакладчыцай. Але ў лёсу адносна яе быў іншы план.
— З Паўлам мы пазнаёміліся на вуліцы, што для мяне не характэрна, — успамінае Вольга. — Заспрачаліся з незнаёмым хлопцам пра напісанне нейкага слова і дамовіліся назаўтра працягнуць дыскусію. Павел прынёс на сустрэчу слоўнік і аддаў яго мне. Кнігу трэба было вярнуць...
У той час Павел заканчваў Інстытут народнай гаспадаркі. Сустрэчы працягнуліся, і з часам дзяўчыне стала зразумела: перад ёю — «той самы».
— Сям’я для Паўла мае вялікае значэнне. Ужо на другім спатканні ён сказаў: «Навошта мне дзяўчына, калі яна — не будучая жонка?» Я таксама не разумею «пробных» шлюбаў, адносін дзеля адносін. А на словы Паўла аб тым, што ў сям’і павінна быць пяцёра дзяцей, я тады не звярнула ўвагі. Пра вялікую сям’ю не марыла, была ў бацькоў адзіным дзіцем, як і Павел — у сваіх.
Праз некалькі гадоў Павел і Вольга пажаніліся. Нараджэнне першынца Усевалада супала з заканчэннем ёю ВНУ. Сябры і блізкія здзіўляліся — яна ж марыла пра кар’еру. Дарэчы, і з апошняй праблем не ўзнікла: Вольга Шышко выкладала англійскую мову ў Беларускай дзяржаўнай Акадэміі сувязі.
— Роды былі дастаткова складаныя, але калі сын з’явіўся на свет, я адчула неверагоднае шчасце, — успамінае суразмоўніца. — Муж забірае мяне з радзільні, а я не магу апісаць, якую радасць адчуваю. Я нібыта нарадзілася нанова! Нават пашкадавала яго: бедныя мужчыны, ім ніколі не перажыць такога.
«Дзеці — стымул да развіцця»
Са з’яўленнем сына Вольга стала з імпэтам чытаць працы вядомых педагогаў. Тым больш што нараджэнне Міраславы не прымусіла сябе чакаць. Для маладой маці было важным не толькі правільна выхоўваць дзяцей, але і ўмацаваць іх здароўе. Усевалад часта хварэў, і Вольга вырашыла звярнуцца да загартоўвання. Пачалі аблівацца халоднай вадой і нават купацца зімой у палонцы. Вынік парадаваў — дзеці сталі значна здаравейшымі.
Вольга зрабіла ўсё магчымае, каб раскрыць іх здольнасці. Знаходзіла таленавітых педагогаў, вадзіла малых на дадатковыя заняткі. У выніку Сева скончыў музычную школу па класе скрыпкі. Цяпер паспяхова вучыцца ў гімназіі № 23 Мінска, захапляецца шахматамі. У Міраславы выявіліся здольнасці да танцаў, балета, малявання. Танцавальныя конкурсы, у якіх удзельнічае дзяўчынка, рэгулярна прыносяць ёй узнагароды. Міраслава вучыцца ў Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў.
У 2013 годзе ў сям’і з’явілася Сафія, яшчэ праз пяць гадоў — двайняты Арыядна і Маргарыта. Дзяўчынкі таксама з поспехам займаюцца танцамі. Акрамя, вядома, малышкі Бажэны, якая нарадзілася два гады таму.
— Дзеці — дар Бога і стымул да развіцця. Таму што любоў да іх — тая суперсіла, якая акрыляе нас пераадольваць цяжкасці і рухацца наперад. Менавіта так трэба разумець выраз: «Даў Бог дзіця, дасць і на дзіця», — пераканана Вольга. — З нараджэннем дзяцей мы раскрываем у сабе здольнасці, пра якія раней і не падазравалі. Мацярынства дало мне ў тым ліку і глыбокае пазнанне сябе.
«Задаволеная мама — шчаслівая сям’я»
З кожным дзіцем Вольга адкрывае новыя грані сваёй асобы. Загартоўваючы сына, пазбавілася і ад уласных хвароб. А аддаўшы дачок на танцавальныя заняткі, захапілася танцам сама. Словам, Вольга Шышко абвяргае стэрэатыпы пра шматдзетную маці, цалкам паглыбленую ў побыт.
— Калі нешта прыносіць мне задавальненне, я проста абавязаная гэтым займацца, таму што ад майго ўнутранага стану залежыць атмасфера ў доме, — кажа суразмоўніца. — Задаволеная мама — шчаслівая сям’я.
Шасцёра дзяцей — гэта, што ні кажыце, каласальная праца. Тут галоўнае — выпрацаваць сістэмны падыход да хатніх абавязкаў, лічыць Вольга. Напрыклад, ежы яна гатуе адразу шмат, у пяцілітровых рондалях, ёсць свае «лайфхакі» і ў падтрыманні парадку. Да таго ж падрастаюць памочніцы: Сафія любіць гатаваць, навучылася пячы хлеб. А наогул хатняя праца, на думку суразмоўцы, — штосьці накшталт медытацыі, у якую ператвараецца любая справа, калі можаш цалкам паглыбіцца ў яе. Ды і Павел заўсёды падставіць сваё моцнае плячо.
— Калі б існаваў конкурс на «бацьку года», Павел бы яго выйграў, — усміхаецца Вольга. — Муж здольны ўзяць на сябе адказнасць за ўсё. Калі б ён не быў таленавітым татам, я не змагла б рэалізаваць сябе.
Сакрэт моцнай і дружнай сям’і — зусім не ў адсутнасці рознагалоссяў, а ва ўменні іх пераадольваць, лічыць шматдзетная маці. Як гэтага дасягнуць на практыцы? Трэба не «перарабляць» блізкага чалавека, а прытрымаць сваё «аўтарытэтнае меркаванне», даць іншаму магчымасць самому разабрацца ў сітуацыі. Толькі так з канфлікту ўзыдзе зерне ісціны. Дзяцей у сям’і Шышко стараюцца выхоўваць не натацыямі, а асабістым прыкладам. Гэта адзіны па-сапраўднаму эфектыўны метад, перакананая Вольга:
— Вы можаце казаць дзецям правільныя словы, але ўсё роўна яны капіруюць вашы паводзіны: вы працуеце — і яны будуць працаваць, вы шукаеце лёгкіх шляхоў — і яны так зробяць. Выхоўвайце не дзіця, а сябе.
«Аддаючы, мы разумеем, як многа ў нас закладзена»
Ва ўтульнай мінскай кватэры вялікаму сямейству ўжо цесна. Цяпер Вольга і Павел будуюць дом у аграгарадку Данілавічы ў Дзяржынскім раёне. Туды пераехалі ў свой час з Віцебшчыны бацькі Вольгі, яе бацька Віктар Іванавіч і зараз працуе ў агракамбінаце «Дзяржынскі». Там жа працавала і маці, Людміла Багданаўна. Некаторы час таму яе не стала. Пра маму ў Вольгі захаваліся самыя пяшчотныя ўспаміны. Мамінай заслугай яна лічыць тое, што аказалася вартая звання «Жанчына года 2024» у намінацыі «Мацярынская слава».
— Любоў маці не патрабуе адказу, нам не трэба ад дзіцяці нічога — ні поспехаў, ні ўзнагарод, толькі б у яго ўсё было добра, — разважае Вольга. — Ты здольная на такую любоў, калі цябе любілі гэтак жа. Гэтае адчуванне дала мне мая мама. Дзякуючы ёй я адчула: бацькоўская любоў — зямная аналогія Божай любові. Таму сваю ўзнагароду за мацярынства я ў душы прысвяціла ёй.
У сям’і Шышко ёсць цудоўная традыцыя: па вечарах збірацца ўсім разам на кухні за вячэрай, расказваць, як прайшоў дзень, будаваць планы. Цяпер галоўная тэма для абмеркавання — будучы пераезд у новае жыллё. Сафію, Маргарыту і Арыядну перавялі ўжо ў мясцовую сельскую школу. Месяц таму Павел і Вольга набылі 10 пародзістых коз, малако якіх мае выдатны смак. Масла, сыр і малако на стале будуць цяпер са сваёй гаспадаркі.
— Што магло б прастымуляваць да шматдзетнасці сучасных жанчын? — разважае Вольга Шышко. — Кожны з нас хоча нешта атрымаць. А для гэтага трэба ўмець аддаваць. Толькі аддаючы, мы разумеем, як шмат любові ў нас на самай справе закладзена. І найвышэйшы з дарункаў — даць чалавеку жыццё!
Алена Брава
Фота дадзена гераіняй