Top.Mail.Ru

Сучасны беларускі неагатычны раман — пра што ён?

01.04.2025 | 07:00

З’яўленне новага буйнога рамана ў беларускай літаратуры — безумоўная культурная падзея. А калі аўтар твора — Маргарыта Латышкевіч, то якасць мастацкай навінкі гарантавана.



Так, са студзеня 2025 года ў часопісе «Маладосць» пачаў друкавацца раман «Ваўкалакі». Думкамі пра яго мне як рэдактару, карэктару і шчасліваму першаму чытачу, які прасачыў за ўсім пакручастым шляхам рукапісу ад задумы да кропкі ў апошнім сказе, хацелася б падзяліцца. Пастараюся захаваць інтрыгу і не раскрываць дэталяў, а таму засяроджуся на найбольш адметных цікавостках і асаблівасцях гэтага рамана і падзялюся сваімі агульнымі ўражаннямі.

Першае, на што звяртаеш увагу, — жанравае вызначэнне твора: неагатычны раман. І, варта сказаць, датычна «Ваўкалакаў» — гэта вельмі трапны тэрмін. З аднаго боку, як і ў традыцыйным літаратурным варыянце, мы тут маем «эталонны» гатычны набор: таямнічы замак, небяспечныя прыгоды, містыка, сустрэча са звышнатуральным. Здавалася б, яшчэ адзін твор у шэрагу «Замка Отранта» Г. Уолпала, «Старога англійскага барона» К. Ліў ці «Дракулы» Б. Стокера. Але, з іншага боку, усе згаданыя звыклыя гатычныя элементы Маргарыта абыгрывае і перайначвае на ўласны лад. Напрыклад, замак з месца, дзе прывіды з інфернальным рогатам лязгаюць іржавымі ланцугамі, з сутарэнняў даносяцца вусцішныя крыкі, дый увогуле адбываюцца ўсе магчымыя жудасныя падзеі, ператвараецца ці не ў адзінае бяспечнае месца. Увогуле, страх у рамане не столькі жывёльны, фізіялагічны, колькі эмацыянальны. І болей пужаюць сустрэчы не з пачварамі, а са сваімі ўласнымі страхамі і перажываннямі, бо схавацца ад монстраў значна прасцей, чым ад самога сябе.

Падзеі рамана адбываюцца ў 1816 годзе — «годзе без лета» — між незлічоных азёраў і лясоў Браслаўшчыны. А ў цэнтры ўсіх падзей — Соф’я Лінкоўская, дачка не сказаць каб асабліва заможнага пана Пётры, якой толькі споўнілася дзевятнаццаць гадоў. Соф’я — вельмі адметны персанаж. Спачатку мы бачым няхай і наравістую, але даволі звычайную для свайго часу дзяўчыну. Ды толькі такое першае ўражанне мае мала агульнага з рэчаіснасцю. Як часта бывае ў жыцці: спакой і памяркоўныя будні могуць знянацку змяніцца нечаканай навальніцай падзей і жарсцяў. І паступова, старонка за старонкай, мы бачым, як дзякуючы шэрагу выпрабаванняў, жудасных падзей Соф’я ператвараецца ў сапраўды моцнага, калі не самага моцнага ў рамане, персанажа. Яна не зважае на небяспеку і складанасці, а часам можа падацца, што і ўвогуле нібыта не проста наўмысна лезе на ражон, а сама ж яго сабе рыхтуе і наточвае. Але адзначу, што Соф’я — не гераіня кшталту Мэры Сью, непераможная проста таму, што непераможная. Яна набівае сабе гузакі і не чакае прынцаў на конях пэўных колераў. Соф’я — сапраўдны моцны жаночы персанаж, якіх так бракуе ў беларускай літаратуры. Яе можна без ваганняў параўнаць з эпічнымі скандынаўскімі Брунхільд і Хэрвёр за тым выключэннем, што Соф’я, часта ведаючы магчымыя вынікі падзей, не рушыць слепа за наканаваннем, а сама мае ўладу над лёсам. І не толькі сваім. Таму адна з галоўных дылем, з якой праз увесь раман сутыкаецца галоўная гераіня, — як не парушыць нітку лёсу няхай і нейкім зусім нязначным, але вырашальным для будучыні ўчынкам. Прыгадаем «эфект матылька», прынцып якога яскрава раскрываецца ў «Ваўкалаках».

Што да іншых герояў рамана, яны атрымаліся надзвычай каларытнымі. Гэта і вясёлы і нібыта легкадумны пан Пётра, і суровая, але клапатлівая мадам Рано, і, вядома ж, свольненскі князь Адам Рынтовіч, з прыездам якога ў радавы замак і пачынаюцца ўсе злавесныя падзеі. Ці гэта проста супадзенне?

Нягледзячы на ўсю змрочнасць, як і належыць гатычнаму ці, у нашым выпадку, неагатычнаму раману, у кнізе стае і гумару. І тут варта адзначыць, наколькі арганічна Маргарыце ўдалося ўпісаць яго ў агульную канву твора. Жарты, нават у самых вусцішных эпізодах, выглядаюць вельмі трапнымі і дарэчнымі. Як у жыцці пераплятаюцца трагічнае і камічнае, сумнае і вясёлае, так і ў рамане раскрываецца ўвесь спектр чалавечых эмоцый. І нават калі хтосьці з герояў на першы погляд падаецца «камічным», як, напрыклад, Іван Арсенцьеў, варта чакаць, што з цягам часу ён раскрыецца з зусім іншага боку. Увогуле, ніводны з герояў рамана, нават другарадны, не здаецца кардонным, тым, які ўключаны ў твор, каб проста запоўніць нейкую лакуну. А сакрэт у тым, што ўсе персанажы спісаны з рэальных людзей. Маргарыта вельмі трапна ўхоплівае сапраўдныя тыпажы і пераносіць іх у раман, таму ўсе персанажы і выглядаюць «жывымі».

Гэтая «жывасць» таксама распаўсюджваецца і на тое, што ў рамане няма адназначна станоўчых ці адмоўных герояў. І нават галоўны антаганіст твора — гэта не нейкае канцэнтраванае зло, не квінтэсэнцыя неагатыву. Мы разумеем яго матывацыю, а ў некаторых момантах нават трохі суперажываем. І такая адсутнасць катэгарычнасці ў характарах герояў — чарговы доказ высокага літаратурнага майстэрства аўтара.

Таксама важна сказаць пра тытанічную працу Маргарыты з гістарычнымі крыніцамі. Адзенне, стравы, агульны культурны кантэкст — усё перададзена са шчырай павагай да гісторыі. І нават калі недзе і сустракаюцца нязначныя анахранізмы — гэта не хіба, а наўмысны крок, які быў неабходны для сюжэта. 

Бо сама Маргарыта датычна стварэння літаратурнага твора ўслед за Чэхавым часта кажа: «Калі ты павесіў нейкую стрэльбу на сцяну, яна абавязкова мусіць у нейкі момант стрэліць. А калі гэтага не адбудзецца — дык лепей здымай гэтую стрэльбу са сцяны».

Замак Свольна, вакол якога адбываюцца многія падзеі рамана, — таксама не проста выдуманы. У яго ёсць канкрэтны прататып: замак, які насамрэч існаваў на выспе возера ў Іказні з XVI да пачатку XVIII стагоддзя. Вядома, Маргарыта трошкі ўнесла ўласных дэталяў, але ў цэлым вобраз Свольны грунтаваўся на найноўшых рэканструкцыях іказненскага замка, зробленых гісторыкамі і мастакамі. Не абмінула Маргарыта ўвагай і мясцовыя легенды. Так, вобраз возера Гульбіна з двайным дном заснаваны на паданнях, што яшчэ зусім нядаўна можна было пачуць ад старых у вёсцы Мілашкі Браслаўскага раёна пра сапраўднае аднайменнае лясное возера. Таму Браслаўшчына ў рамане — не проста месца падзей, гэта сапраўдны невялічкі свет, што грунтуецца на рэальных вобразах і паданнях тых мясцовасцей.

Што да агульнай атмасферы, дык яна выявілася ў трапным сплаве захапляльнай змрочнасці, якаснага псіхалагізму, напружанасці і... інтрыгі. Так, Маргарыта па-майстэрску трымае чытача ў салодкім няведанні ледзьве не да апошніх старонак заключнай главы. І толькі ў галаве чытача пачынае складвацца нейкая гіпотэза, у сюжэце рамана адбываецца рэзкі нечаканы паварот, які пераварочвае ўсё дагары нагамі. Таму, як цяпер часта бывае з кнігамі ці фільмамі, калі ты з першых секунд ці першых радкоў дакладна разумееш, што адбудзецца і хто галоўны злодзей, — чытачам «Ваўкалакаў» гэта дакладна не пагражае.

Падсумоўваючы даволі хаатычныя развагі наконт рамана, з захапленнем хацелася б сказаць, што «Ваўкалакі» Маргарыты Латышкевіч — дакладна тое, чаго не стае нашай літаратуры. Гэта раман, які прыйдзецца даспадобы і аматарам гісторыі, і тым, хто не супраць паказытаць нервы якаснымі жахамі, і тым, хто хоча разабрацца ў самім сабе. Бо «Ваўкалакі» — гэта яшчэ і пра нашы ўнутраныя перажыванні, ваганні і страхі, пра пошук адказаў на заўсёдныя жыццёвыя пытанні. Першапачаткова задуманыя як невялічкая аповесць, «Ваўкалакі» перараслі ў вялізны раман, які стане захапляльным чытвом не на адзін вечар і нават не на адзін тыдзень. Таму шчыра віншую Маргарыту, а разам з ёю і ўсіх нас з гэтай выдатнай падзеяй.

Яўген ПАПАКУЛЬ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю