Арт-галерэя «Сфера» бібліятэкі № 18 запрашае на выставачны праект Валерыя Вядрэнкі «Незваротнае», дзе мастак прапаноўвае дакрануцца да нацыянальнай спадчыны, знайсці свае карані і паглыбіцца ў таямніцы мінулага. Знакамітая аўтарская тэхніка прыцягвае ўвагу нават самых скептычна настроеных гледачоў, а праз неардынарны погляд на знаёмыя рэчы аўтар адкрывае новыя пласты забытай культуры.
Да фотамастацтва Валерый Вядрэнка прыйшоў не адразу. З дзяцінства будучы творца меў здольнасці да жывапісу, захапляўся фантастыкай і, натхніўшыся вобразамі з «Чалавека-амфібіі», спрабаваў маляваць таямнічы падводны свет. Аднак сапраўднай любоўю школьніка ў той час быў кінематограф. Пазней гэтая дзіцячая зацікаўленасць перарасла ў сур’ёзны творчы кірунак і Валерый Вядрэнка паступіў у Маскоўскі дзяржаўны інстытут культуры на рэжысёра кіна-, фота-, відэастудыі. У партфоліа мастака — кароткаметражныя фільмы «І вечнае сонца» і «Патрыярх». Апошняя стужка расказвае пра жыццёвы і творчы лёс Антона Рыгоравіча Такарэўскага, вядомага ганчара з Пружанаў. Фільм быў зняты амаль перад самай смерцю майстра, так атрымалася стужка-партрэт з трагічным фіналам. «Патрыярх» удзельнічаў у міжнародным кінафестывалі непрафесійнага кіно «UNIKA 86», дзе атрымаў сярэбраны медаль.
Менавіта «мантажнае мысленне» — тэрмін, які больш датычыцца кінематаграфістаў — дапамагло Вядрэнку знайсці свой кірунак у фатаграфіі. Сёння творца шырока вядомы сярод аматараў фотамастацтва сваёй унікальнай аўтарскай тэхнікай. Фотапластыка — гэта лічбавы шматслойны мантажны фотаздымак. Спачатку мастак спрабаваў рабіць мантажы на плёнцы, аднак менавіта лічбавая фатаграфія дазволіла раскрыцца ў выбраным кірунку і знайсці сваю нішу ў беларускім фотамастацтве. «Лічба і яе галоўны інструмент «фоташоп» створаны для чыстай, складанай работы з мноствам фотаздымкаў, і пры гэтым вынік не мае «тэхналагічных швоў, гучыць маналітна, як адзіны твор», — так апісвае аўтарскую тэхніку Валерый Вядрэнка.
Цэнтральнай ідэяй праекта «Незваротнае» стала адлюстраванне архітэктурнай спадчыны мінулага, рэшткі якой яшчэ можна ўбачыць у беларускіх мястэчках. Гэтыя абломкі часу — сведкі нашай гісторыі, культура, якая не змагла адрадзіцца. Валерый Вядрэнка шмат вандраваў па Беларусі. У 1977 годзе адразу пасля службы ў арміі творца далучыўся да Рабочай групы па стварэнні Белдзяржмузея народнай архітэктуры і побыту.
Мастак праехаў усю Беларусь, на Палессі наведаў амаль кожную вёску. Сем гадоў бясконцых камандзіровак знайшлі сваё адлюстраванне ў фотавыстаўцы «Архіў. Палессе. Канец ХХ стагоддзя».
У экспазіцыі арт-галерэі «Сфера» дэманструюцца фотаздымкі з вандровак мастака па Беларусі з 2006 да 2019 года. Глядач мае ўнікальную магчымасць убачыць далёкія мястэчкі нашай краіны, якія яшчэ захавалі дух мінулага. Аўтар як тонкі назіральнік фіксуе навакольную прыгажосць, выкарыстоўваючы цікавыя ракурсы і ўласныя тэхнікі. Яго фотаработы нагадваюць фантастычныя сусветы, поўныя чараўніцтва і неразгаданых таямніц. Гатычныя матывы ствараюць асаблівую атмасферу, якая адсылае гледачоў у далёкае мінулае, дзе яшчэ жывыя вобразы старажытных паданняў.
На адкрыцці выстаўкі адбылася прэзентацыя зборніка «Краявіды смутку». Гэта праект пра культурна-гістарычную спадчыну нашай радзімы.
У альбом увайшлі манахромныя дакументальныя фатаграфіі беларускіх мястэчак, якія менш паддаліся зменам часу, захавалі дух мінулага ў большай ступені, чым гарады.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА