Top.Mail.Ru

Старажытны хранометр з дзяржынскай гары

30.10.2025 | 15:02

Да ХVIII Рэспубліканскага экалагічнага форуму на гары Дзяржынскай па ініцыятыве Мінпрыроды з’явіўся сонечны гадзіннік. Незвычайны аб’ект складзены з вялізных камянёў, прывезеных з розных куткоў Дзяржынскага раёна.


Сонечны гадзіннік – найстаражытнае прыстасаванне для вызна­чэння часу, прынцып працы якога заснаваны на руху цені ад спецыяльнага стрыжня (гнамона) па паверхні з пазнакамі гадзін. Унікальны сонечны хранометр з гары Дзяржынскай (раней Святой) створаны супрацоўнікамі Навукова-вытворчага цэнтра па геалогіі і Дзяржынскага райвыканкама. Кадран (цыферблат) знаходзіцца на зямлі, а замест лічбаў выкарыстаны валуны – характэрныя элементы прыродных ландшафтаў Беларусі.

Велізарныя камяні былі прынесены на тэрыторыю нашай краіны ледавікамі, якія пяць разоў наступалі ў плейстацэне з тэрыторыі Швецыі, Фінляндыі, Карэліі, Балтыйскага мора. Дарэчы, і сама гара Дзяржынская складзена канцавай марэнай Сожскага зледзянення (каля 190–130 тыс. гадоў таму): супесямі і суглінкамі з прымессю пясчана-жвірова-галечна-валуннага матэрыялу, якія засталіся на месцы таяння ледавіка. Пласт гэтых парод даволі вялікі: у раёне гары Дзяржынскай – каля 300 м.

Промні цыферблата выкананы з карэльскага габра-дыябазу (так званага карэльскага граніту) і адзначаюць кожную гадзіну светлавога дня. Самы вялікі валун з расколінамі паказвае на поўнач. Яго прывезлі з вёскі Косцевічы.

ДАРЭЧЫ. Для афармлення кадрана былі адабраны самыя прыгожыя і цікавыя па форме і тэкстуры валуны Дзяржынскага раёна: іх прывезлі з вёсак Косцевічы, Бакінава і кар’ера «Чаркасы». Пошукам і транс­парціроўкай займаўся калектыў НВЦ па геалогіі.

Сапраўдны сонечны час

Спецыфіка сонечнага гадзін­ні­ка ў тым, што ён дэманструе на­ту­ральны ход часу, звязаны са становішчам сонца. Таму час на астранамічным прыборы можа прык­метна адрознівацца ад сярэдняга сонечнага часу гадзіннага пояса, па якім ідуць звычайныя ме­ха­нічныя і электронныя га­дзіннікі. І со­неч­ны хранометр на гары Дзяржынскай не выключэнне.

Параметры гномана і цыфербла­та бы­лі разлічаны менавіта для геа­гра­фіч­­ных каардынат гары, хаця вя­лі­кі дыяметр гадзін (12 м) дазволіў па­­вы­сіць дакладнасць. Та­кім чынам со­неч­ны хранометр па­каз­вае час, які ад­розніваецца ад мяс­цо­вага крыху больш, чым на гадзіну.

ВАЖНА. Менавіта на гары Дзяржынскай, на самым высокім пункце Беларусі, былі падведзены вынікі ХVIII Рэспубліканскага экалагічнага форуму і адбылася ўрачыстая перадача эстафеты яго правядзення Магілёўскай вобласці.

Вольга МУРАШКА, навуковы супрацоўнік Інстытута геалогіі

Фота Александрыны ПАРШЫНАЙ, з архіва НВЦ па геалогіі

 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю