Святлана Яўсеева нарадзілася ў 1932 годзе ў Ташкенце, там жа скончыла педагагічны інстытут. Праз нейкі час лёс закінуў яе ў Маскву, у Літаратурны інстытут імя Максіма Горкага, дзе, уласна, усё і пачалося... У Маскве яе творчасць заўважылі і ацанілі вельмі хутка, а пасля публікацыі ў папулярным часопісе «Юность» вялікай нізкі вершаў С. Яўсеевай імя паэтэсы адразу набыло шырокую вядомасць. Яна апынулася ў адзіным шэрагу з іншымі папулярнымі паэтамі-шасцідзясятнікамі: Андрэем Вазнясенскім, Яўгеніем Еўтушэнкам, Навелай Матвеевай, Рымай Казаковай, Бэлай Ахмадулінай... Не прымусіў сябе чакаць і выхад першага паэтычнага зборніка... Паэтэсу пазнаёмілі з вялікім Барысам Пастарнакам, ёй прысвячалі вершы Міхаіл Святлоў і Давід Самойлаў, з якім Святлану Георгіеўну звязвалі цёплыя адносіны да самай смерці Майстра... На яе ў захапленні пазіралі Б. Ахмадуліна і Н. Матвеева, якія называлі Яўсееву срэбрагалосай…
Нямала дзесяцігоддзяў таму Святлана Георгіеўна выйшла замуж за беларускага паэта Артура Вольскага і пераехала ў Мінск, што ў многім паўплывала на яе далейшы творчы лёс, спыніла яе бліскучы ўзлёт да вяршынь паэтычнай славы. У Мінску паэтэсу сустрэлі даволі прыязна, пэўны час яна была членам рэдкалегіі часопіса «Нёман» і членам Праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. Але паступова, з-за многіх прычын, яна пачала адыходзіць у цень. Шлюб таксама разваліўся даволі хутка... Вершы пісаліся ўсё радзей і станавіліся, будзем шчырымі, усё слабейшымі, новыя зборнікі не выходзілі ў свет дзесяцігоддзямі... Пасля смерці састарэлай маці, якую даглядала сама, жыла самотніцай, рэдка з’яўлялася на літаратурных мерапрыемствах.
Памятаю, як у далёкай першай палове 70-х мінулага стагоддзя на вершы С. Яўсеевай звярнуў маю ўвагу тагачасны загадчык аддзела крытыкі часопіса «Нёман» Уладзімір Жыжэнка, чалавек рэдкай эрудыцыі. Я тады быў пачынаючым паэтам і крытыкам і пад яго клапатлівым патранажам час ад часу публікаваўся ў часопісе з рэцэнзіямі на новыя кнігі. Аднаго разу, калі я зайшоў да яго ў кабінет з новым зборнікам Яўсеевай «Зову!», Уладзімір Аляксандравіч пачаў на памяць дэкламаваць яе раннія радкі:
Кого-то пытка добивалась,
Кого-то ставили к стене.
Кому-то я предназначалась,
Быть может, в этой стороне.
На фоне тагачаснай савецкай паэзіі, якая апявала рамантыку камсамольскіх будоўляў, калгасных будняў і рашэнні партыі, такая паэтычная разняволенасць проста ўражвала.
Не дзіўна, што на новае пакаленне паэтаў Святлана Гергіеўна пазірала з адчувальным скепсісам, практычна ўсім, хто звяртаўся, адмаўляла ў напісанні рэкамендацыі для паступлення ў Саюз пісьменнікаў. За ўвесь час адступіла ад гэтага правіла ўсяго некалькі разоў.
Сярод шчасліўчыкаў таксама і я... Дарэчы, з рэкамендацыяй Святланы Георгіеўны мяне тым разам у Саюз пісьменнікаў не прынялі…
У апошнія гады мы з ёй зрэдзьчас перазвоньваліся, некалькі разоў мне ўдавалася арганізаваць публікацыю яе вершаў у Маскве, дзе Святлану Яўсееву таксама паспела забыць новая генерацыя паэтаў і рэдактараў.
Яна магла быць і была толькі паэтам і болей нікім. Усе найлепшыя яе вершы з’яўляюцца нічым іншым, як усёахопным гімнам Любові:
Было женщиной море согрето,
Стало крепче, ещё солоней.
Что такое любовь? Это
Сверхвозможная яркость дней.
Паэтам яна і пайшла на нябёсы, пакінуўшы маладзейшым калегам права і абавязак па-сапраўднаму ацаніць напісанае ёю…
Анатоль АЎРУЦІН