— Сярод абласных арганізацый Беларускага саюза мастакоў, у шэрагах якога каля 1200 сяброў, Магілёўская — самая маленькая, — адзначае Наталля Шаранговіч, першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў. — Уключаючы Бабруйск (у якім да нядаўняга часу існавала свая гарадская арганізацыя), яна налічвае 33 чалавекі. Але іх актыўнасць уражвае. Напэўна, таму што Магілёўшчына — зямля з вялікімі традыцыямі і мастацкай гісторыяй (ад стварэння знакамітай школы гравюры Максімам і Васілём Вашчанкамі), там жыло шмат творцаў. Нават першы абраз, які змаглі ідэнтыфікаваць па подпісе Пятра Яўсеевіча, таксама належыць магілёўскай зямлі. Некаторыя помнікі мы можам вывучаць цяпер праз жывапіс Юзафа Пешкі ці гравюры Напалеона Орды... Наша вядомая даследчыца, доктар мастацтвазнаўства Надзея Высоцкая, налічыла 47 мастакоў, якія жылі на магілёўскай зямлі ў XVII—XVIIІ стагоддзях... Цяпер іх менш, але гэта творчая і яркая супольнасць. І яны жывуць не толькі ў самім Магілёве: цудоўны графік Ларыса Журавовіч, чалавек з тонкім адчуваннем прыроды, родам з Бялынічаў, і, скончыўшы Акадэмію мастацтваў, яна вярнулася на радзіму.
Асаблівай увагі заслугоўвае феномен Бабруйска. Горад унікальны не толькі тым, што ў ім была створана гарадская арганізацыя Беларускага саюза мастакоў, — там сабралася супольнасць яркіх і актыўных майстроў сваёй справы — жывапісцаў, керамістаў. Такіх, як легендарны Валерый Калтыгін, які заснаваў міжнародны бабруйскі пленэр «Арт-жыжаль» (існуе 30 гадоў, цяпер праходзіць раз на два гады). Яго ўдзельнікам «быў і Антон Ціханавец, мастак-кераміст, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў, які распавёў, што «Арт-жыжаль» трымаецца за кошт энергіі Валерыя Калтыгіна. Ён адзін з першых спалучыў сучасную пластыку з традыцыямі і старажытнымі тэхналогіямі. Мастакі, якія працуюць у сённяшніх умовах з электрычнымі печкамі, не заўсёды могуць дасягнуць падобных эфектаў, атрымаць незвычайны досвед. Як і любы пленэр, ён карысны зносінамі з іншымі мастакамі, якія прыязджаюць з-за мяжы. Цікавы замежным гасцям і пленэр «Горад вачыма гасцей», што праводзіць Аксана Еўдакіменка, жонка Андрэя Вараб’ёва, які шмат гадоў быў старшынёй Магілёўскай абласной арганізацыі БСМ.
— Яна шмат дзе была на падобных мерапрыемствах у розных краінах — ад Сербіі да Амана ды Кітая. Аднойчы сказала: мае сябры просяцца да нас, — прызнаўся Андрэй Вараб’ёў. — Прайшло некалькі гадоў, і ў нас усё атрымалася. Гэты пленэр праходзіў шмат разоў, у нас пабывалі госці з розных краін. Іх работы папоўнілі калекцыю музея гісторыі Магілёва. Раней праводзілі і скульптурныя сімпозіумы, што зрабіла горад адметным, бо кожная скульптура — сімвал сустрэч. Некаторыя пачыналі прыязджаць у маладосці, але сталелі разам з сімпозіумам, як Віктар Копач — ён аб’ездзіў ужо 47 краін.
А яго работа ўпрыгожвае цэнтр горада: «Анёл — ахоўнік Магілёва». З кожным годам гэтыя скульптуры становяцца больш дарагімі ў літаральным сэнсе. Я шчаслівы нарадзіцца і жыць у Магілёве, шчаслівы бачыць некаторыя свае работы ў гарадскім асяроддзі, апошняя — «Спадчына» — з’явілася на пачатку гэтага года.
У Магілёве шэраг пляцовак і залаў, якія адпавядаюць выставачным патрабаванням. Плануюць стварыць пастаянную экспазіцыю мастакоў рэгіёна, паведаміў Яўген Белавусаў, намеснік дырэктара па мастацкай рабоце абласнога краязнаўчага музея імя Еўдакіма Раманава.
Адзін з актыўных удзельнікаў розных імпрэз не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, малады мастак Антон Вырва прызнаўся:
— Хоць я даўно жыву ў Мінску, але не парываў сувязі з роднымі мясцінамі. Мая малая радзіма — Крычаў. Я задаваў сабе пытанне: «Чаму працую пераважна ў пейзажным жанры?» Знайшоў адказ: маё дзяцінства звязана з ракой Сож, моцна ўражвалі вясеннія разлівы і ледаходы. Пераважна гэтую пару года імкнуся адлюстроўваць. Крычаў — унікальнае творчае месца. Там жылі і жывуць самабытныя мастакі, а культурным цэнтрам горада з’яўлялася мастацкая школа, куды мяне адвяла мама...
У Акадэміі мастацтваў я вучыўся ў майстэрні народнага мастака Беларусі Мая Данцыга. Ён заўсёды чакаў нашых пейзажаў, мы прывозілі яму стосы работ. І калі спатрэбілася шукаць дыпломную тэму, ён сказаў: «Пішыце свой родны край». Для кожнага мастака істотнае месца сілы тое, дзе ты чэрпаеш сюжэты для сваіх работ. Гэта мой родны Крычаў. У такіх кутках Беларусі — душа нацыі.
На гэта, відаць, робяць разлік у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, калі ўключаюць сучасных аўтараў, у тым ліку з Магілёўшчыны, у значныя праекты, што мелі поспех у Расіі. У Мастацкім музеі імя Бялыніцкага-Бірулі паказалі адметны перасоўны праект «Беларускі народны: код нацыянальнай якасці» з творамі Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Віктара Грамыкі, Паўла Масленікава, Натана Воранава... Усе — ураджэнцы Магілёўшчыны, усе народныя мастакі Беларусі... А наперадзе сустрэчы з аўтарамі, якія адлюстроўвалі ваенную тэму.
Мастакоў, што прайшлі вайну, было шмат, і яны ўжо сказалі сваё творчае слова. А на сёння ў Беларускім саюзе мастакоў застаўся адзін сведка мінулай вайны (жыве ў Бабруйску) — Сямён Абрамаў. З ваеннымі расповедамі бацькі-франтавіка звязаны ўспаміны Сямёна Дамарада, бабруйчаніна па нараджэнні:
— Мой бацька быў мастаком, адным з першых сяброў саюза ў Бабруйску. Да вайны працаваў у тэатры. Ён распавядаў, як творчасць уплывала на яго службу — падчас вайны бацька быў снайперам. Казаў, што ўважліва праглядаў ландшафт і замалёўваў тое, што бачыў. Пасля праглядаў і параўноўваў: а вось гэтай галінкі раней не было...
Мастацтва дапамагала ратаваць жыццё (нават у літаральным сэнсе). Яно трымае ў тонусе тых, хто працягвае працаваць у паважаным узросце. Але ў ім і крыніца папаўнення творчага духу ў рэгіёне.