Час бязлітасны. Нажаль, амаль што не засталося ветэранаў Вялікай Айчыннай, зусім мала і яе сведкаў. Тых, хто яшчэ можа што-небудзь расказаць з першых вуснаў. Тым больш літаратараў. Іх адзінкі. Вось і ў Мінскім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі за ўвесь час яго існавання на ўліку знаходзіліся дваццаць пісьменнікаў — былых франтавікоў, партызан і тых, чыё дзяцінства зруйнавала вайна. Сярод іх ветэраны: вядомы паэт і дзіцячы пісьменнік з Любаншчыны Іван Муравейка; генерал-лейтэнант у адстаўцы, празаік і публіцыст Юрый Іваноў; празаік Васіль Гурскі. Падлеткам сустрэла вайну празаік і публіцыст Галіна Васілеўская, а публіцыст Мікалай Гурын юнаком правёў два гады ў канцлагеры ў Германіі. Не паспелі пайсці ў школу да пачатку фашысц-
кай агрэсіі публіцыст Барыс Далгатовіч, празаік Анатоль Смалянка, паэты Марыя Шакун, Яўген Зялкоўскі і Міхаіл Сазончык. Немаўлятамі сустрэлі той ліхі і крывавы час будучыя празаікі Дзмітрый Вінаградаў, Іван Галубовіч, Зіновій Прыгодзіч і Валянціна Шытыка; краязнавец Браніслаў Зубкоўскі, паэты Мікалай Кулецкі, Уладзімір Ласенка, Васіль Медунецкі, Ала Лапошыч і Эльвіра Ярчак.
Сёння з усіх дваццаці аўтараў зборніка ў жывых толькі шэсць чалавек — з ліку «дзяцей вайны».
Усе аўтары значную частку жыцця прысвяцілі літаратурнай творчасці і пасля сябе пакінулі адметную спадчыну, праз якую так ці інакш перадалі ўспаміны, адносіны да таго часу. Гэта голас тых, у чыім жыцці была вайна. І вельмі важна, што гэты голас гучыць у 80-ю гадавіну Вялікай Перамогі.
У аповесці-хроніцы «Бывай, Грушаўка!» Галіна Васілеўская так перадае свае дзіцячыя ўражанні аб пачатку вайны: «Мы чулі выбухі адзін за адным, частыя, гулкія. Дрыжала зямля. Неба стала чорным ад дыму. Дым засланяў сонца. Ажно сюды, у пасёлак, гарачы вецер даносіў абгарэлыя лісты паперы. Яны кружыліся ў небе над дамамі, над дрэвамі і ціха клаліся на зямлю. Дзінькала шкло ў вокнах, і на двор падаў чырвоны пыл.
У нашым дашчаным хлеўчыку хаваліся ад бамбёжкі, ад асколкаў нашы суседзі: мая аднакласніца Зінка з мамай, прадаўцом магазіна, Лёдзя, мастачка і самая прыгожая жанчына не толькі ў нашым доме, а на ўсім пасёлку, яе дзве дачушкі, Надзя і Эрка, цётка Шура і я з мамай. Хворая бабуля засталася ляжаць дома...»
А Васіль Гурскі ўспамінае часы акупацыі і свой прыход да народных мсціўцаў:
«Я і мой сябар Іван Гурскі (Юлісеў) знаходзілі зброю, спрабавалі страляць, адносілі далей ад „склада“ і хавалі. Не пападаліся нам толькі наганы ці пісталеты. Кожнаму хацелася мець іх. Мы шукалі, хадзілі ажно да чыгункі, дзе адбыўся бой чырвонаармейцаў з немцамі ў час прарыву ў лясны масіў праз дарогу Стоўбцы — Негарэлае.
Але кішэннай зброі не знаходзілі.
<...> Летам я пайшоў у партызаны, нібы гаварыў: рабіце, як я, бярыце зброю ў рукі і выганяйце захопнікаў з нашай зямлі. Мае аднакласнікі так і рабілі».
Пачуццё павагі і захаплення выклікае прыклад Івана Муравейкі, які праз усе гады вайны пранёс вернасць паэтычнаму слову і паміж баямі знаходзіў час, каб перадаць свае ўражанні праз вершаваныя радкі:
Солдатское дело простое —
Винтовка да крепкий табак,
Да поговорить перед боем,
Чтоб крепче сжимался
кулак...
«Солдатское дело»,
21 чэрвеня 1943г.
Пранізліва гучаць творы Міхаіла Сазончыка, які, напрыклад, у вершы «Успаміны баляць» піша так:
Не твая гэта, мама, віна,
Што ў дзяцінстве не піў
сырадой.
Я — Міхась для цябе, а вайна
Ахрысціла мяне сіратой...
Пра цяжкасці першых пасляваенных гадоў успамінае Зіновій Прыгодзіч: «Я кепска помню тыя трудныя пасля-ваенныя гады. З вуснаў бацькоў знаю толькі, што ніхто нас, дзяцей, не тое што цукеркамі, а нават добрым хлебам не песціў. А ўжо пра сала і казаць няма чаго. Яго я і ў вочы не бачыў!
Аднойчы, калі мне было ўжо гадоў з пяць, суседка прынесла нам трохі свежыны і, узяўшы мяне на рукі, стала пытацца:
— Сала хочаш?
— Хачу.
— А ты ведаеш, якое яно?
— Ведаю.
— Ну, якое?
— Чырвонае.
Рогату было на ўсю хату, і не толькі тады, але і пазней, кожны раз, калі суседка, пакуль жывая была, завітвала да нас на пасядзелкі. Я і цяпер не магу сказаць, чаму мне тое сала здалося чырвоным. Мабыць, усё недаступнае, прывабнае ўяўлялася мне тады чырвоным, гэта значыць,
асабліва прыгожым».
Агульным матывам праз усе творы, што змешчаны ў кнізе, праходзіць думка, якую ў сваім вершы «Ветэранам» выказала Эльвіра Ярчак:
І выраслі руплівымі, стараннымі
Тых воінаў дачушкі і сыны.
Ды па начах і сёння прачынаюцца
Ад бліскавіц вясноваю парой:
Вайна, здаецца, зноўку пачынаецца,
Грукоча кананада за гарой.
О пакаленне, горкае, сіроцкае,
Бязбацькавічаў неслухмяных род...
Мы выраслі, як пушча Налібоцкая,
Мы выжылі, і сёння мы — народ...
Можна без перабольшання сказаць, што кніга «У іх жыцці была вайна» — гэта і знак павагі сённяшніх
пісьменнікаў да старэйшых калег, якія часта былі літаратурнымі настаўнікамі моладзі, і нагода для знаёмства сучаснага чытача з малавядомымі ці ўжо забытымі творамі айчынных літаратараў. Чытач мае магчымасць пранікнуцца літаратурна-мастацкім адлюстраваннем франтавых падзей, болем страты родных і блізкіх, запаветам для нашчадкаў захоўваць памяць аб мінулым, аберагаць мір і спакой беларускага народа, ствараць надзейную будучыню.
Нэлі МЕЛЬНІЧЭНКА