Top.Mail.Ru

Спектакль паводле гістарычнага дэтэктыва ўвасобілі на Купалаўскай сцэне

15.07.2026 | 16:43
Замак у трох вымярэннях

Караткевіча, вядома, трэба чытаць. Але каб узнавіць у памяці, тое, што было прачытана даўно, ці пазнаёміцца з аўтарам, можна паглядзець фільм ці спектакль. Калі ў кіно дамагчыся таямнічасці можна праз сучасныя спецэфекты, то ў тэатры трэба знайсці максімум крэатыву, каб стварыць містычную атмасферу і пры гэтым максімальна захаваць блізкасць да тэксту вялікага рамана. Гэта і было звышзадачай для Дэвіда Разумава, рэжысёра-пастаноўшчыка спектакля «Замак Альшанскі». 

Сярэднявечча

Гэта тая эпоха, што пакінула галоўную таямніцу, з-за якой і праз некалькі стагоддзяў у некаторых людзей няма спакою. Шыфр схаванага скарбу, які быў скрадзены ў паўстанцаў князем Вітаўтам Альшанскім, прыводзіць да старога замка, дзе жыве прывід Белай дамы — панны Ганны-Гардзіславы. Прывіды могуць існаваць па-за часам — менавіта гэта і дапамагае пластычна і арганічна звязаць розныя прамежкі часу ў спектаклі: героі з далёкага мінулага нібыта ўваходзяць у жыццё (ці ва ўяўленне) гісторыка Антона Косміча, які шукае разгадку смерці свайго сябра Мар’яна, да якога ў рукі і патрапіў рэдкі фаліянт з зашыфраваным пасланнем. Звязаць часы, каб не было залішняга нагрувашчвання дэкарацый у гістарычных сцэнах, — гэта выдатнае рашэнне, якое атрымалася ажыццявіць дзякуючы рабоце народнага мастака Беларусі Барыса Герлавана. Не трэба рабіць замак і яго пакоі, калі можна абазначыць і даць зразумець, дзе адбываецца дзея. Велічныя калоны і нават сутарэнне, дзе заваліла Косміча са спадарожніцай-археолагам, рухомыя. 

У залежнасці ад таго, як калоны размяшчаюцца (ці мяняюць палажэнне) на сцэне, мы разумеем, што замак Альшанскі даволі вялікі, падзеі могуць адбывацца каля яго на розных лакацыях. Але найбольш істотна, што ёсць адчуванне: рэшткі Альшанскага замка нібыта дыхаюць, калі калоны сыходзяцца і разыходзяцца. Значыць, ёсць адчуванне жыцця, калі гісторыя не замуравана ў старых сценах, а ўплывае на сучаснасць, як і з’яўленне прывідаў мінулага. Яны пазбаўлены гістарызму, нават у касцюмах не трэба шукаць дакладнай прывязкі да эпохі. Мастак па касцюмах Марына Шуста імкнулася трымаць высокую планку, зададзеную настаўнікам Барысам Герлаванам, і стварыла для спектакля каля 100 вобразаў. Стылізаваныя строі, з аднаго боку, робяць персанажаў ХVII стагоддзя больш блізкімі нам, а з іншага, мы ўсё ж адчуваем гістарычны кантэкст і разумеем, чаму душы-здані падводзяць Косміча да пэўных думак і актывізуюць яго свядомасць. 

Гэта менавіта тое, што было істотна для Караткевіча, калі ён звяртаўся да гісторыі — не дзеля дакладнасці фактаў, упісаных у падручнікі ці кнігі, а дзеля таго, каб яго сучаснікі разумелі: без усведамлення мінулага немагчыма ісці ў будучыню. Калі разабрацца, то рэжысёр Дэвід Разумаў — гэта і ёсць чалавек з будучыні (унук людзей з пакалення Антона Косміча і Мар’яна Пташынскага). Адчуваюцца яго любоў і павага да Уладзіміра Караткевіча (не толькі таму, што пасля «Дзікага палявання караля Стаха» ў Гомелі ён ставіць ужо другі спектакль паводле твораў гэтага пісьменніка). Як аўтар інсцэніроўкі Дэвід адштурхоўваўся ад тэксту рамана. Праўда, прызнаўся, што яго было вельмі цяжка скарачаць, каб умясціць у патрэбныя дзве дзеі без пагрозы для сюжэтнай лініі і страты логікі, што вельмі важна для жанру дэтэктыва. Нават першы сказ рэжысёр пакінуў тым жа: «З чаго мне, чорт пабірай, пачаць?» 

Сучаснасць

Гэта сучаснасць для самога Караткевіча — савецкая, ужо пасляваенная, але яшчэ жывыя сведкі вайны. У прынцыпе, і для нас гэта не надта далёкі час (тым больш, што ён стаў важнай часткай і для нашага пакалення, бо ўплывае на цяперашнюю свядомасць). Галоўная нагрузка кладзецца на выканаўцу ролі Косміча Сяргея Бірульчыка. Акцёр вытрымлівае двухгадзінны спектакль з вялікім аб’ёмам тэксту, які часта гучыць у рэжыме маналогу. Яго герой практычна не пакідае сцэну, утрымліваючы ўвагу каласальнай эмацыянальнай аддачай (не кожнаму артысту дадзена перадаваць напружанне інтанацыяй, а не крыкам). У рэжысёрскай канцэпцыі гэты герой — механізм, які запускае дзею і рухае сюжэтную лінію. Некаторыя персанажы застаюцца схематычнымі, выконваючы ролю функцый у класічным следстве (але ў спектаклі падзеі спрасаваныя, часу на раскрыццё вобразаў няма). Затое ёсць час на апазнанне трупаў пад белай прасціной згодна з умовамі дэтэктыўнага жанру і дзеля нагнятання змрочнасці. Ахвяра нават не адна, як і таямніцы ў Альшанах. 

Яшчэ адну хаваў глыбока Лапатуха, якога некалі звалі Людвігам, але ён сам пра гэта забыў, калі змог выжыць падчас вайны, тады як у Альшанах знішчылі мірных жыхароў, у тым ліку і яго сям’ю. Сталічны сусед Косміча псіхіятр Лыганоўскі, які прыехаў у Альшаны, лічыць, што Лапатуху можна вылечыць, і размаўляе з ім. А пасля Людвіга забіваюць. Ці не таму, што памяць вярнулася?.. На жаль, гэты момант у спектаклі не акцэнтаваны. Але глядач сам можа зрабіць выснову на падставе таго, што бачыць і чуе. 

Спектакль візуальна атмасферны і густы. Пастаноўшчык імкнуўся стварыць на сцэне трылер, дзе кожны персанаж падазраецца ў злачынстве і хавае свае грахі. Але некаторыя філасофскія матывы Караткевіча давялося прынесці ў ахвяру дзеля дынамікі дэтэктыва. Жанр сам па сабе запатрабаваны сучаснай публікай, а тут яшчэ падмацаваны змрочнай містыкай. Яе перадае незвычайнае музычнае афармленне — часам напружанае, часам змрочнае і нават трагічнае, якое сгенерыраваў штучны інтэлект. Гэта першы падобны эксперымент у гісторыі нашага тэатра. Дэвід Разумаў выступіў аўтарам промптаў, якія потым апрацоўвала машына ў залежнасці ад патрэбы канкрэтнай мізансцэны. Такім чынам удалося стварыць гатычны фон, які дапаўняе дзеянне. Трывожныя матывы гучаць тэхнічна выверана, ёсць моманты, калі чакаеш пэўных гукаў... 

Ёсць надзея, што тыя, хто захоча паглыбіцца ў гэтую гісторыю, пасля звернуцца да першакрыніцы — і адчуюць глыбіню думак Уладзіміра Караткевіча. А тэатр працуе як праваднік у свет беларускай літаратуры. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю