Гэта цяпер так успрымаецца. Але насамрэч, калі Дэніэл Кіз пісаў сваё апавяданне «Кветкі для Элджэрнана», з якога пасля вырас раман, то твор адносілі да жанру фантастыкі. Цяпер, у ХХІ стагоддзі, акцэнты змяніліся, і людзі ўвагу акцэнтуюць на галоўным героі, маладым чалавеку з разумовымі праблемамі, і яго светаўспрыманні. Можа, таму што навуковыя тэхналогіі зрабілі вялікі скачок, і эксперымент, які перажывае Чарлі, ужо не падаецца такім фантастычным?
У наш час вучоныя ставяць вельмі амбіцыйныя задачы па ўдасканаленнічалавека, у тым ліку яго разумовых здольнасцей. Але заўсёды пры гэтым згадваецца мараль. І сёння твор «Кветкі для Элджэрнана» ўспрымаецца як адзін з найбольш гуманістычных — ён звяртаецца да псіхалогіі і складу мыслення чалавека, разам з тым цудоўным чынам раскрывае сутнасць адказнасці і любові да іншага. Таму ў спектаклі, створаным паводле п’есы Алены Іаос (у аснову якой пакладзены раман Кіза), акцэнт зроблены менавіта на Чарлі Гордане. Мары пра магчымасць павышэння ўзроўню інтэлекту чалавека і эксперыменты, якія робяць прафесары Немур і Штраўс разам з асістэнтам Бартам, — гэта тыя сюжэтныя павароты, што дапамагаюць раскрыць галоўную тэму: любы чалавек мае права на жыццё, на любоў і клопат, ён можа быць самім сабой. Усё гэта закладзена ў спектаклі расійскага рэжысёра Ягора Равінскага, ён імкнуўся як мага больш поўна раскрыць гісторыю Чарлі.
Малады чалавек Чарлі Гордан, які адстае ў разумовым развіцці, працуе прыбіральшчыкам у пякарні, вытрымлівае кпіны сваіх калег, але не разумее, што з яго пасміхаюцца, ён вельмі даверлівы, а таксама старанны. Гэта заўважае яго настаўніца Аліса Кініян (першая галоўная роля актрысы Дар’і Ізмайлавай), з якой ўжо дарослы Чарлі чытае дзіцячыя кнігі. Маладая дзяўчына раіць навукоўцам, якія працуюць над павышэннем узроўню інтэлекту, звярнуць увагу на Чарлі, каб працягнуць эксперымент, што ўжо перажыла паддоследная мыш па імені Элджэрнан. Вынікі атрыманы бліскучыя. Цяпер можна перайсці да вопытаў з чалавекам. Патрэбны той, хто б сам пагадзіўся паслужыць навуцы. А Чарлі вельмі хоча быць разумным, як усе, і ідзе на аперацыю...
У выніку ён сапраўды мяняецца кардынальна. І яго жыццё робіць круты паварот. Ён вельмі хутка асвойвае чытанне і нават розныя мовы. Удасканальвае работу пякарні, павысіўшы прыбытак, што радуе гаспадара. Карацей, пачынае жыць нармальна — як большасць з нас. Але і адчувае сябе мужчынам, як дзіця з чыстай душой перажывае першае, але ўжо асэнсаванае каханне да той, хто даўно побач і клапоціцца аб ім. Усе гэтыя акалічнасці падрабязна раскрываюць іншыя сэнсавыя эпізоды і мізансцэны — дзеля іх прыходзіцца хутка мяняць сцэнічныя дэкарацыі. Афармленне прадумана такім чынам, каб лёгка і без залішніх грувасткіх дэкарацый трансфармаваць прастору. Пра гэта паклапацілася расійская мастачка Марыя Бутусава, вядомая па пастаноўках у маскоўскім тэатры імя Вахтангава (Ягор Равінскі, дарэчы, таксама прайшоў праз школу гэтага калектыву). У мінскім спектаклі Бутусава стварыла афармленне простымі сродкамі — з дапамогай асобных рэчаў, якія з’явіліся не ў ХХ стагоддзі (калі быў напісаны раман), а больш адпавядаюць нашаму часу: медыцынскі ложак, які трансфармуецца, сталы і крэслы, вельмі сучасны ноўтбук... Мастачка стала таксама аўтарам касцюмаў, якія ўніверсальныя і «па-за часам». Таму ў гледача ёсць адчуванне, што гэта адбываецца сёння, побач з намі, а можа, і з кімсьці з тых, каго мы ведаем асабіста, за каго перажываем і былі б не супраць «удасканалення» яго разумовага апарату.
Але чым гэта можа пагражаць? Разумовая адсталасць і геніяльнасць — два бакі медаля, два станы органа пад назвай мозг аднаго чалавечага. У іх розныя IQ, фактычна рознае жыццё, але яны могуць аднолькава адчуваць адзіноту, быць незразуметымі грамадствам. А можа, справа не ў тым, хто больш разумны: сам па сабе інтэлект не робіць чалавека чалавекам. Гэта прыйдзецца ўсвядоміць галоўнаму герою, які вучыцца адрозніваць пачуцці. Разам з ім і гледачам давядзецца перажыць самыя розныя чалавечыя эмоцыі. Такога складанага героя, які на вачах літаральна пераўтвараецца з «асаблівага» ў генія, выдатна паказаў артыст Анатоль Лагуценкаў, за якога можна шчыра парадавацца. Хто бачыў яго ў іншых спектаклях, той зразумее, што ён таксама здольны стварыць глыбокі драматычны вобраз і перадаць трагедыю свайго персанажа.
У выніку аперацыі Чарлі вельмі хутка абганяе сваіх даследчыкаў у інтэлектуальным развіцці, становіцца паўнавартасным членам каманды навукоўцаў. Разам з імі ён дэманструе свае фантастычныя здольнасці на канферэнцыі перад шырокай супольнасцю і журналістамі, якія выходзяць з глядзельнай залы, максімальна набліжаючы дзею да гледачоў, а то і ўводзячы іх у яе, што яшчэ больш прымушае перажываць за героя. А ён, дзякуючы папярэджанню Элджэрнана, адчувае, што поспех неўзабаве можа абярнуцца бядой: прырода не церпіць умяшання ў натуральны ход рэчаў. Ад геніяльнасці да дэградацыі можа прайсці зусім мала часу. Мы сочым за Чарлі ў розных абставінах, бачым, як паступова адбываецца зваротны працэс. Што можа адчуваць чалавек, які ператвараецца з «нармальнага», якім ён хацеў бы быць, фактычна ў паддоследную мыш, падобна Элджэрнану?..
Рэжысёр дае магчымасць герою раскрыцца ў сцэнах кахання, у стасунках з былымі таварышамі па пякарні, з бацькамі, якія некалі ад яго адмовіліся. Гэта масавыя сцэны, дзе занята вялікая частка трупы, што дае магчымасць артыстам паказаць сябе ў невялікіх ролях. Яны часам з’яўляюцца часткай глядзельнай залы, часам звяртаюцца да яе, што ажыўляе дзею, прыўносіць інтэрактыў, уключае ў гісторыю дзеля таго, каб адчуць сапраўдную трагедыю героя. Жанр спектакля пазначаны як «драма», а гэта рэдкая з’ява ў Маладзёжным тэатры, які вядомы камедыямі. Пастаноўка даволі доўгая па часе (трэба рыхтавацца правесці ў тэатры каля 4-х гадзін). Гледачы, якія набывалі білеты, гэта ведалі, працягласць спектакля «Кветкі для Элджэрнана» пазначана ў афішы. І нечакана ў многіх ён выклікаў вялікую цікавасць: у бліжэйшыя два месяцы білеты на паказы ўжо прададзены.
Спектакль з’явіўся дзякуючы маладзёжнай рэжысёрскай лабараторыі, адным з удзельнікаў якой быў Ягор Равінскі. Ён, між іншым, мае беларускія карані. Гэта не першы яго спектакль у Беларусі, некалькі гадоў таму працаваў з Брэсцкім акадэмічным тэатрам драмы, таксама дзякуючы рэжысёрскай лабараторыі. Фармат лабараторый яму добра вядомы — цудоўны стымул, каб ажыццявіць пастаноўку.
І тэатру карысць — займець новы спектакль. Таму, трэба думаць, лабараторыі будуць ладзіцца і надалей, калі глядач пацвердзіць цікавасць да твора, увасобленага праз тэатральны эксперымент. Небанальнасць спектакля (прынамсі, для гэтага тэатра) і небанальнасць героя з яго кранальнай гісторыяй кожнага прымушаюць паразважаць: у чым сапраўдная чалавечнасць? У чым каштоўнасць жыцця? Як у яго ўпісацца і знайсці сваё месца? Бо кожны з нас так ці інакш — асоба ўнікальная, са сваёй адметнай душой і асаблівым унутраным светам.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота дасланы тэатрам