Top.Mail.Ru

«Складаныя» казкі Сяргея Давідовіча

23.09.2025 | 11:00
Прыгоды прыцягваюць заўсёды

Усе казкі па зместавай напоўненасці я б падзяліў на два віды: простыя, так званыя аднамомантныя, без залішняга разгортвання сюжэта, і складаныя, дзе дзеянне адбываецца працяглы час і насычана рознымі падзеямі і самымі неверагоднымі здарэннямі і прыгодамі.

Менавіта да апошніх адносяцца казкі Сяргея Давідовіча з кнігі «Мары павінны здзяйсняцца», якая пабачыла свет сёлета ў Выдавецкім доме «Звязда». Іх тры: тая, што дала назву кнізе, а таксама «Нечаканая старасць» і «Залатан». Усе яны, як адзначаецца ў кароткай анатацыі, «вучаць спагадлівасці і шчырасці, заклікаюць ставіцца да ўсяго жывога на Зямлі беражліва і адказна». А яшчэ — захопліваюць з самага пачатку і не адпускаюць да фінальнай кропкі. 

Казка «Нечаканая старасць» пачынаецца як звычайнае апавяданне ці аповесць: Славік вяртаўся дадому ад свайго сябра, з якім дамовіўся пайсці на рыбалку. Па дарозе хлапчука спыніў стары і папрасіў падысці да яго. Ды Славік адказаў, што няма калі, і схлусіў, што прыпазняецца ў школу. Калі ж дзядок выкрыў хлапчукову хлусню, Славік тут жа зманіў чарговы раз: маўляў, дома яго чакаюць бацькі. А калі стары прысароміў хлапчука: «некалі і ты будзеш стары і табе спатрэбіцца нечая дапамога», абыякава адпарыраваў: «Калі яшчэ гэта будзе!»

Але ж казка на тое і казка, што ў ёй усялякія цуды здараюцца. Прыйшоўшы дамоў, Славік раптоўна з юнага хлапчука ператварыўся ў старога дзядулю. Яго не пазнавалі ні бацькі, ні сябры-аднакласнікі ў школе. А потым Славік, перавёўшы праз дарогу старэнькую бабулю, убачыў хлапчука, якім аказаўся той самы некалі сустрэты ім дзядок. «Я ведаю, што з вамі здарылася», — паведаміў хлопчык-дзядок і «імгненна ператварыўся ў таго старога з доўгай сівой барадой». Ну а Славік атрымаў сваё ранейшае аблічча і паабяцаў: «Як бы я ні спяшаўся ў жыцці, спачатку ўсё ж дапамагу старому чалавеку, а ўжо потым займуся сваімі справамі». 

Вось такая павучальная, няхай сабе і казачная гісторыя. А ці не такія хлопчыкі часам сустракаюцца і ў нашым паўсядзённым жыцці? І няхай ніхто не ператварае іх у дзядкоў, але ж некалі і яны састарацца, і ім спатрэбіцца чыясьці дапамога. Казка Сяргея Давідовіча «Нечаканая старасць» вучыць хлопчыкаў і дзяўчынак быць уважлівымі, спагадлівымі і паважаць старых, бо сённяшнія старыя — гэта люстэрка будучыні сённяшніх юных. Прыём ператварэння, выкарыстаны аўтарам, не новы, ён у казках сустракаўся неаднойчы, аднак, як кажуць, кашу маслам не сапсуеш.

Калі згаданая казка адносіцца да чароўных, то наступныя дзве — «Мары павінны здзяйсняцца» і «Залатан» — больш нагадваюць прыгодніцкія, хоць і ў іх чараўніцтва хапае. У першай хлапчук Марык без дазволу бацькі сеў неяк у зробленую імі лодку ў выглядзе акулы і, адчаліўшы ад берага, сам не заўважыў, як апынуўся ў адкрытым акіяне. І як ні шукалі бацькі сына, спахапіўшыся з-за адсутнасці яго і лодкі, падключыўшы да пошукаў нават берагавую ахову, той знік, як і не было. Але Марык, напачатку напалоханы, потым крыху асвоіўся і праз некалькі дзён і начэй знясілены і галодны прычаліў да нейкага вострава. 

Аўтар падрабязна, у дэталях распавядае пра людзей-дзікуноў, якіх сустрэў юны лодачнік, пра іх жыццёвыя прынцыпы, правілы і заняткі, пра тое, чаму Марык сам вучыць тубыльцаў. І робіць гэта па-майстэрску, як быццам запрашае чытачоў акунуцца ў атмасферу тутэйшага жыцця, адчуць усе яго праявы. Казка, як і вымагае гэты жанр, канешне ж, заканчваецца шчасліва, але перажытае ўражанне яшчэ доўга не пакідае таго, хто прачытае яе.

Нешта падобнае здараецца і з героем казкі «Залатан», названай, зрэшты, па яго імені. Праўда, у адрозненне ад папярэдняй, тут хлапчук трапляе да незнаёмцаў не па ўласнай волі: на вачах бацькі яго высочвае ў лузе і ў кіпцюрах узнімае ўгору вялізная птушка. Гэта быў арол Айнак, які шукаў здабычу, каб накарміць сваіх згаладалых дзяцей і жонку Ласту. Аднак галодныя сямейнікі есці хлопца не сталі, а пакінулі ў сябе, назваўшы яго сынам. Родныя ж сыны Айнака і Ласты Вінь і Гэй нават паспрабавалі навучыць Залатана лятаць, і з цягам часу ў таго пачало нешта атрымлівацца, хоць Ласта і пераконвала дзяцей, што чалавека навучыць лятаць немагчыма, бо ў яго няма крылаў. Ды як бы ўтульна ні было Залатану ў новай сям’і, ён усё ж сумаваў па родных бацьках. Думаецца, чытачам будзе цікава даведацца пра далейшыя прыгоды Залатана, а заадно і тое, чым скончылася гэтая гісторыя.

Зрэшты, Сяргей Давідовіч умее так закруціць сюжэт, так заінтрыгаваць чытача, што з’яўляецца адчуванне, быццам ты і сам становішся ўдзельнікам усяго, што адбываецца з імі. 

Падобныя творы вельмі запатрабаваны чытацкай аўдыторыяй; магчыма, яны пры добрай рэкламе і змогуць крыху адцягнуць хлопчыкаў і дзяўчынак ад бясконцых гульняў у камп’ютарах і смартфонах.

Анатоль ЗЭКАЎ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю