Аляксей Чарота, намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўны рэдактар штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва»:
— У Саюзе пісьменнікаў ёсць асобная секцыя драматургіі. Што тычыцца падтрымкі драматургаў, то ўмовы ў нас ва ўсіх аднолькавыя: што ў драматургаў, што ў празаікаў, што ў паэтаў. Кожны мае права і магчымасці самарэалізоўвацца. Мы стараемся падтрымаць усіх, у тым ліку і драматургаў, найперш праз выданні. Але сёння вельмі цяжка публікаваць з п’есы. Паколькі сам працаваў у літаратурных часопісах, то ведаю, што п’есы там друкуюцца толькі ў выключных выпадках. Адзінае выйсце, якое было б прымальнае для ўсіх, — сабраць і выдаць зборнік сучаснай драматургіі. Калі скардзяцца, што п’ес у нас няма, то сапраўды складваецца такое ўражанне. Я неаднойчы быў у экспертным савеце і журы Нацыянальнай літаратурнай прэміі, ведаю, што гэта праблема. Некалькі гадоў не ўручалася прэмія за драматургію: тое, што падаецца (а гэта звычайна 2–3 п’есы), не цягне на прэмію такога ўзроўню, таму прымаецца рашэнне яе не ўручаць. Але я ўпэўнены, што так адбываецца не таму, што п’ес няма, а таму што аўтары не падаюць заяўкі — і гэта ўжо пытанне да іх. Таму было б прымальна сабраць некалькі тамоў. Секцыя драматургіі якраз магла б узяцца за гэтую справу. Зразумела, што калі зрабіць абвестку пра выданне зборніка, то п’ес будзе шмат, і, магчыма, многа будзе такого ўзроўню, што друкаваць немагчыма. Задача Саюза пісьменнікаў — адабраць найлепшае, каб пасля можна было гэтае выданне накіраваць у тэатры і на кінастудыю, адрасна распаўсюдзіць па спецыялістах, якія займаюцца ўвасабленнем п’ес на сцэне, на экране, на тэлебачанні...
Таццяна Сівец, кіраўнік секцыі драматургіі Саюза пісьменнікаў Беларусі:
— Захады да гэтага ўжо робяцца, і ёсць дамоўленасць з выдавецтвам «Беларусь» пра выпуск зборніка.
Аляксей Варламаў, рэктар Літаратурнага інстытута імя М. Горкага, распавёў, як навучыцца ствараць якасную (цікавую) драматургію:
— У Літаратурным інстытуце драматургія з’яўляецца адным з тых кірункаў, якія мы прапаноўваем нашым студэнтам адначасова з прозай, паэзіяй, дзіцячай літаратурай, крытыкай, публіцыстыкай і мастацкім перакладам.
З кожным годам драматургія cтановіцца больш запатрабаванай. Цяпер у нас два семінары па драматургіі. Першы — гістарычны — вядзе Уладзімір Малягін, вядомы драматург. Яшчэ будучы студэнтам Літінстытута ён напісаў п’есу «НЛА», якую паставіў тэатр «Сучаснік». Выдатны педагог, выдатны драматург, вельмі мудры чалавек. Такім чынам, у інстытуце прадстаўлены больш класічны кірунак. Яшчэ адзін семінар вядзе Паліна Бабушкіна. Яна малады драматург са сваім бачаннем, са сваімі ідэямі, са сваімі кантактамі з сучасным тэатрам. Прапаноўвае студэнтам Вышэйшых літаратурных курсаў (гэта дадатковая адукацыя) не столькі пісаць арыгінальныя п’есы, колькі рабіць інсцэніроўкі ўласнай прозы.
Мяркую, што ў адрозненне ад прозы і вершаў публікацый п’есы — не самае цікавае. У рэшце рэшт, важна, каб яе паставілі. Тут канкурэнцыя даволі моцная, таму што ўсё вызначаюць рэжысёры, якія робяць заказ. Напрыклад, з Палінай Бабушкінай мы пачалі супрацоўнічаць, калі праводзілі ў Архангельску тэатральную студыю, дзе прапанавалі маладым драматургам узяць творы сучасных рускіх пісьменнікаў і зрабіць інсцэніроўку. Наладзілі конкурс гэтых інсцэніровак. Яго праводзіў Архангельскі драматычны тэатр, атрымаўшы нейкае фінансаванне. У выніку менавіта тэатр адбіраў матэрыял для пастаноўкі. Паліна зрабіла інсцэніроўку майго першага апавядання, якое было напісана 35 гадоў таму. Аповед на тры старонкі, а яна з яго зрабіла добрую п’есу, якая прыкладна гадзіну ідзе ў тэатры, дадала новых герояў, вельмі творча ўсё перапрацавала. Спектакль да гэтага часу ідзе ў тэатры. У канчатковым выніку тэатры — заказчыкі.
Напэўна, людзі тэатра і павінны казаць, што ім падабаецца, што ім не падабаецца, што яны хочуць, ці пойдзе глядач. Патрэбны рэжысёр, які будзе зацікаўлены ў нейкім творы: у п’есе ці ў прозе, якую трэба інсцэніраваць. І далей, калі пашчасціць, будзе шлях на сцэну.
Булгакаў невыпадкова казаў, што тэатральная машына — самая складаная з усіх існуючых. Мне падаецца, што драматургія гэтым адрозніваецца ад прозы ды паэзіі. Таму што тэатр мае права на ўсё, а аўтар не мае права ні на што.
Ды такія правілы гульні.
Але ў нас ёсць людзі, п’есы якіх тэатры ставяць. Паказальная гісторыя аднаго з самых яркіх сучасных драматургаў — Дзмітрыя Данілава. Пісаў своеасаблівую прозу і раптам стварыў п’есу «Чалавек з Падольска». Ён не займаўся ні ў якіх школах, а проста напісаў п’есу, за якую пачалі біцца рэжысёры. Таму я перакананы ў тым, што калі ты напісаў таленавіта, то ў цябе ўсё будзе добра. Калі не вельмі добра, то ўсе пытанні да сябе…
Максім Ісаеў, драматург, узняў пытанне запатрабаванасці драматургаў у Беларусі, адзначыўшы:
— У 1990 годзе адну маю п’есу выкупіла Міністэрства культуры СССР. Ні ў аднаго з маіх аднакурснікаў па Літінстытуце (гэта пяць чалавек) ніводнай работы не было ў тэатрах. І я надоўга кінуў гэтую справу. Выйшаў на пенсію і зноў пачаў пісаць, выдаў чатыры кнігі прозы і дзве п’есы. Адна летась у Маскве на літаратурным конкурсе была адзначана. А далей — цішыня... Колькі тэатраў у Мінску ставіць сваіх беларускіх аўтараў?
Аляксандра Гарбунова, рэдактар літаратурна-драматургічнай часткі Купалаўскага тэатра, патлумачыла:
— Як п’еса трапляе ў тэатр? Ёсць два шляхі. Першы — калі самі драматургі звяртаюцца да нас з мэтай яе пастаноўкі. Другі шлях — калі літаратурна-драматургічная частка шукае п’есы. На жаль, ніводзін з гэтых шляхоў не знаходзіць свайго якаснага выніку. Таму што часцей за ўсё ў тэатр звяртаюцца аўтары, якія напісалі адну п’есу і лічаць, што маюць поўнае права ставіцца на галоўных сцэнах краіны. Гэта не самыя якасныя п’есы. Другі шлях — калі рэдактары шукаюць п’есы — даволі складаны. Бо дзе шукаць драматургію? Раней былі часопісы, дзе друкаваліся п’есы. Цяпер добра, калі артыкул пра тэатр выйдзе ў якім-небудзь часопісе. Складана знайсці сапраўды якасную п’есу сучаснага драматурга, якую можна паставіць.
Калі выбіраць п’есу, то трэба ведаць мэтавую аўдыторыю: што цікавіць нашых людзей? Сёння мы бачым тэндэнцыю, што людзі з цікавасцю ідуць на камедыі, на нешта лёгкае. Асабліва карыстаюцца ўвагай беларускія нацыянальныя камедыі класікаў: Купалы, Дуніна-Марцінкевіча, Аляхновіча... Людзі хочуць паглядзець прыгожы спектакль, пасмяяцца, адпачыць пасля працы.
Але вясёлы спектакль мае пад сабой пэўную мараль і закладзены аўтарам сэнс. На жаль, на пастаноўкі з глыбокімі філасофскімі тэмамі людзі не так актыўна купляюць квіткі.
Ігар Пятроў і Аляксандр Пыка
Праблема яшчэ і ў тым, што няма твораў пра сучасную Беларусь. Шмат пра Вялікую Айчынную вайну, ёсць ранейшыя і цяпер пішуцца пра эпоху ВКЛ. Але няма сучаснага кантэксту, каб глядач прыйшоў і ўбачыў сябе: я так жыву цяпер. Выйсце, якое я бачу, акрамя выдання часопісаў, — больш цесная сувязь драматургаў і тэатраў. Выдатны прыклад, што быў раней, — Дудараў і Раеўскі, якія разам стваралі спектаклі. Будзем кантактаваць адно з адным, зможам выйсці на шлях, калі пачне ставіцца сучасная беларуская драматургія.
Наталля Башава, рэжысёр, дэкан тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў:
— Работа ў прыватным тэатры (Камерным драматычным) дазволіла зразумець, як трэба зарабляць і на што людзі ходзяць. Натуральна, прасцей за ўсё паставіць камедыю. Але казаць пра тое, што на псіхалагічныя рэчы людзі не ходзяць, нельга. Ходзяць. Важныя тэма, ідэя, і неабавязкова гэта павінна быць камедыя. І сучасная беларуская драматургія ёсць. Напрыклад, Таццяна Сівец, п’еса «Амазонкі» — настолькі сучасная, актуальная, кожны тэатр можа яе паставіць. Вельмі разрыўная тэма — жаночай анкалогіі, зусім не камедыя... Такія тэмы закрываюць сацыяльную праблематыку, бо мы ж павінны выхоўваць гледачоў. І глядач будзе прыходзіць, бо ён хоча хвалявацца — няважна: смеючыся ці суперажываючы.
Праблема, канешне, ёсць: драматургі нібыта павінны хадзіць і асабіста з кімсьці з рэжысёраў знаёміцца. Насамрэч нам трэба шмат разоў сустракацца — тым, хто робіць прадукт, і тым, хто яго ўвасабляе ў жыццё. Але такія сустрэчы патрэбны пасля таго, як прадукты будуць сабраны разам. Трэба гэта арганізаваць, прачытаць п’есы, сабрацца і абмеркаваць, каб адказаць на пытанні: што добра, а што дрэнна, а што ўвогуле патрэбна менавіта цяпер. Нам жа разам вырашаць праблему развіцця нацыянальнай драматургіі. Ізноў-такі, а колькі ў нас драматургаў у краіне? Не думаю, што шмат. А колькі ў нас маладых драматургаў, якія па-іншаму ўспрымаюць свет? Яны наогул іншыя. Можа, трэба пагаварыць і аб тым, як іх выхоўваць? Як мы перадаём досвед з пакалення ў пакаленне, рыхтуем змену? А чаму не зрабіць набор на курс драматургіі пры навучальнай установе, якая мае адносіны да тэатра, каб пасля забяспечыць для іх практыку? Каб секцыя драматургіі Саюза пісьменнікаў Беларусі ўдзельнічала ў адукацыі гэтых маладых людзей. Каб быў пастаянны рух і ўсе тэатры — і дырэктары, і мастацкія кіраўнікі — ведалі, пра што гаворка. Дакладна такая ж гісторыя з рэжысёрамі (але іх больш, чым драматургаў). Каб маладыя рэжысёры, маладыя драматургі, сталыя рэжысёры і драматургі былі ў кантакце. Добра было б арганізаваць усё пад эгідай Міністэрства культуры — яно зацікаўлена ў развіцці. І падабаецца нам гэта ці не, але ў тэатраў ёсць дзяржзаказ і трэба прадумаць механізм, каб яны ставілі айчынных аўтараў. Патрэбны дзяржаўны падыход.
Кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі Анастасія Васілевіч:
— Колькі б ні ўзнікала пытанняў пра беларускую драматургію, я кожны раз буду казаць: яна ёсць. Насамрэч самае вялікае пытанне яе развіцця — гэта намаганні, грошы, час. Бо вырасціць драматургаў без спецыялізаванага факультэта, без конкурсаў складана. У Расіі конкурсаў шмат, плюс лабараторыі. Ёсць семінары, што аплачваюцца дзяржавай, куды запрашаюць драматургаў, якія могуць перадаваць свой досвед, ёсць тэатральныя лабараторыі і пры тэатрах. Усё разам спрыяе выхаванню драматургаў. Да ўсяго, у вялізнай Расіі ёсць канкурэнцыя. У нас дзевяць мільёнаў чалавек, 28 тэатраў, з іх не ўсе драматычныя. З’яўляецца 50–60 спектакляў за год. Пераважна паводле Астроўскага, Купалы, яшчэ пару спектакляў на ваенную тэматыку — зразумела, гэта важна. Дзе тут месца для сучаснай беларускай драматургіі?..
Другое пытанне — кантэкст, п’еса як род літаратурнай творчасці і яе сцэнічнасць. Калі драматург піша класічна, гэта вельмі добра для літаратурнай гісторыі, для публікацыі. Але калі рэжысёр хоча ўзяць літаратурную аснову, ён звернецца да Астроўскага, Вавілава, Арбузава... Навошта яму браць п’есу беларускага драматурга, які піша на тыя ж тэмы, калі ёсць правераныя аўтары? А калі мова драматургічнага твора сучасная, то яна можа быць не зусім літаратурная. З сучаснай мовай працаваць складана. Скажу шчыра, паколькі ў нас няма інстытута экспертнай ацэнкі драматургіі, часам складана даносіць сучасную драматургічную мову не толькі да рэжысёраў, але і да Міністэрства культуры і гэтак далей. Пры гэтым на яе добра рэагуе глядач.
Дакументальная драма, пашырэнне інструментарыю немагчыма толькі па асабістай ініцыятыве драматурга — павінен быць тандэм «рэжысёр — драматург». Ды рэжысёраў не вучаць быць у кантакце з драматургам, а тэатральных лабараторый няма. І яны баяцца сучасных драматургаў.
Але цэнтр працуе, у нас ёсць лабараторыя, за якую ўдзячныя Міністэрству культуры, гэта мерапрыемства, якое праходзіць раз на год на працягу пяці дзён. Прыязджаюць вядомыя расійскія драматургі і куратары. Мы бяром людзей, якія жадаюць пісаць, але не тых, хто піша ўжо. Пасля адзін-два чалавекі, магчыма, створаць прыдатную п’есу. Ці захоча яе ўзяць тэатр? Мы не нясём за гэта адказнасць, а даём магчымасць.
На маю думку, ёсць сэнс выдання зборніка сучаснай драматургіі. На паліцы амаль кожнага беларускага тэатра стаіць расійскі зборнік, які пазіцыянуюць як галоўнае дасягненне сучаснай рускамоўнай драматургіі апошніх гадоў. У нас такіх зборнікаў няма, як няма тэатральнага часопіса, дзе можна было б друкаваць не толькі п’есы, але і крытычныя рэцэнзіі тэатразнаўцаў, агляды пастановак. А патрэба абмяркоўваць праблемы ёсць. Насамрэч трэба стварыць пляцоўку не толькі дзеля дыскусій, але і дзеля падтрымкі.
Таццяна Пархамовіч, намеснік начальніка ўпраўлення прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Беларусі:
— Агучу крыху лічбаў. У рэпертуары 28 дзяржаўных тэатраў у 2024–2025 гадах значыцца 1166 спектакляў, з іх 262 — у тэатрах рэспубліканскага падпарадкавання, 904 — у калектывах мясцовага падпарадкавання. На патрыятычную тэматыку 84 спектаклі, у тым ліку прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне. Спектакляў паводле беларускіх аўтараў 243. На беларускай мове створаны 373 пастаноўкі.
Рэпертуары тэатраў неабходна папаўняць новай драматургіяй. Прыкладна паўтары гады таму Міністэрства культуры правяло маніторынг усіх тэатраў пасля сустрэчы ў Саюзе пісьменнікаў, дзе былі агучаны канкрэтныя тэмы.
У выніку маніторынгу ад кожнага тэатра была атрымана прапанова аб магчымасці стварэння пэўнага літаратурнага матэрыялу, з якім можна будзе працаваць. Акрамя таго, мы аб’яўляем конкурсы (напрыклад, на стварэнне п’есы аб партызанскім руху, аб Вялікай Айчыннай вайне). Так, ёсць праблемы з якасцю літаратурнага матэрыялу. Да таго ж тэатры, іх трупы, магчымасці — розныя. Тым больш, што цяпер яны выходзяць на новае фінансавае забеспячэнне (50/50), і дадатковых сродкаў на пастаноўкі няма. Трэба ўлічваць іх уласныя інтарэсы — ствараць тое, што будзе прадавацца. Таму патрэбны адрасныя рэчы.
Прапановы тычыліся тэмы сучаснай Беларусі — такіх твораў сёння мала, як і на маладзёжную тэматыку. Гістарычныя асобы ў рэгіёнах — тэатры нават прапаноўваюць канкрэтныя імёны і прозвішчы. Ёсць пытанне наконт п’ес пра Ефрасінню Полацкую, але такія гісторыі трэба ўзгадняць з Беларускай праваслаўнай царквой. Напрыклад, опернаму тэатру неабходна лібрэта нацыянальнай оперы.
Трэба звярнуцца да прапаноў тэатраў. Гэта можна зрабіць на базе РТБД ці ў Саюзе пісьменнікаў. І друкаваць п’есы трэба, каб быў матэрыял, які можна ўзяць у рукі і працаваць непасрэдна ў тэатры. Мы разумеем, што праблема ёсць, давайце яе вырашаць практычна, каб не сыходзілі кожны ў свой кірунак: мы займаемся літаратурай, напісалі — рабіце з гэтым што хочаце. І яшчэ нюанс: яно можа быць і не пастаўлена. Нам неабходна нешта свежае, інтэрактыўнае. Таму што тэатрам трэба прыцягваць гледачоў.
Віталь Катавіцкі, дацэнт кафедры рэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў:
— Мы памятаем Бернарда Шоу: тэатр пачынаецца з драматургіі. Вядома, драматургія — найважнейшая рэч у тэатральным працэсе. І мы ведаем новую яе хвалю, якая паставіла ў тупік усіх рэжысёраў Расіі: «А як жа гэта ставіць?» А калі знайшлі ключык, тэатр адразу стаў на 10 прыступак вышэйшы. Гэтая драматургія ўвогуле зламала ўвесь тэатральны працэс. Таму драматургія можа мяняць тэатр. Рэжысёр ідзе за драматургам. Калі гэта адбываецца? Мусіць, на зломах часу. У нас такі злом адбыўся, і цяпер мы павінны шукаць новы шлях. Адна з самых вялікіх праблем сучаснай драматургіі — тое, што яна засталася ў 1990-х. І маладыя аўтары, думаючы, што яны ствараюць авангардныя п’есы, насамрэч робяць даўнюю, нікому не патрэбную драматургію. Мы з Міністэрствам культуры правялі шмат конкурсаў і што бачым? Цяпер п’еса ўяўляе сабой калаж з усіх надзённых тэм, але сэнсу ніякага. Больш за тое, эстэтыка гэтай п’есы таксама ўжо састарэлая. Цяпер іншы час, і ён патрабуе асэнсавання — ці праз камедыю, ці праз трагедыю. Але калі ёсць чалавечыя пачуцці, адносіны, то гэта будзе цікава.
У Цэнтры беларускай драматургіі ідзе пэўная праца. А ў Саюза пісьменнікаў свая пляцоўка, ёсць драматургі і пісьменнікі — гэта добры патэнцыял. Мне падаецца, што тут трэба зрабіць яшчэ адну структуру, якая б займалася драматургіяй. Бо чытка п’есы не патрабуе сродкаў, у адрозненне ад спектакля. Вы можаце запрашаць рэжысёраў, думаю, што яны не адмовяцца. Будзе дзве структуры, якія канкурыруюць, — добра. Трэба нам самім гэта арганізаваць, бо ўсё ёсць. Патрэбны рэжысёры — калі ласка, арганізуем маладых.
Наконт навучання драматургаў — складанае пытанне. Прэцэдэнт у нас быў ва Універсітэце культуры. Але дзе гэтыя людзі?.. У мінулым годзе Мікалай Каляда папрасіў мяне дапамагчы яму арганізаваць у Екацярынбургу беларускі курс драматургаў. Я кінуў запыт — і нікога. Хаця бясплатнае навучанне, выдзяленне інтэрната. Але я не адмаўляю, што такі курс можна набраць. Бо ўзаемадзеянне драматурга і рэжысёра вельмі важнае. Конкурсы, якія Міністэрства культуры праводзіла, паказалі, што драматургі мысляць або катэгорыямі кіно (гэта не звязана са сцэнай), або прозай. Таму ў п’есах шмат месцаў дзеяння, умовы надвор’я... Але як усё гэта паставіць на сцэне? Таксама драматургі часам забываюць прычынна-выніковую сувязь, якую бачыць рэжысёр. Таму драматургам трэба працаваць з рэжысёрамі без крыўд. Гэта ўзбагачэнне адно аднаго, і вынік абавязкова будзе.
Я падтрымліваю Наталлю Алегаўну, каб набраць курс у акадэміі мастацтваў.
Настасся Каласоўская, прарэктар па навучальнай рабоце Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў:
— Перспектыва навучання студэнтаў даволі далёкая: мы бачым вынік праз 4-5 гадоў. А вось арганізацыя семінараў — яны могуць быць доўгатэрміновыя ці кароткатэрміновыя — можа даць хуткі вынік. Мы можам арганізаваць іх пры Акадэміі мастацтваў і запрашаць у тым ліку тых, хто тут прысутнічае, каб падзяліліся ведамі і досведам.
Ігар Пятроў, акцёр, сцэнарыст, рэжысёр, драматург, старшыня камісіі па адукацыйнай дзейнасці Беларускага саюза кінематаграфістаў, распавёў:
— Цяпер мы ў калоніі ставім п’есу Дударава «Радавыя». Я выбраў яе, таму што там ёсць галоўны герой — Дугін, — які імкнецца да перамогі. У драматургіі самае важнае што? Герой, мэта і пераадоленне перашкод. Ёсць персанаж, які не хоча страляць, бо вернік. Мы гэтую сцэну акцэнтавалі, бо Дугін яго пераконвае: яны знішчаюць ворагаў Айчыны, і той бярэ аўтамат. Бываюць моманты, калі чалавеку трэба браць адказнасць за нейкія ўчынкі, тут гэта падкрэслена. З Аляксеем Дударавым мы былі знаёмыя, я працаваў у Тэатры беларускай арміі. Таму ведаў, што гэта добры матэрыял, каб накіроўваць людзей да выпраўлення. Для зняволеных досвед удзелу ў тэатры вельмі важны, яны пачынаюць верыць у тое, што можна сацыялізавацца, служыць ідэалам дабра... Таксама з дзецьмі мы робім маналогі «Лісты з фронту» (пры падтрымцы Музея Вялікай Айчыннай вайны), ёсць іншыя праекты, якія выхоўваюць. Бывае, даводзіцца хутка нешта стварыць. У драматургіі галоўнае — цэнтральныя паваротныя пункты, перыпетыі, завязка, фінал. Герой павінен ці загінуць, ці памяняцца. Мы праз тэатр, праз кіно павінны паказваць прыклад, куды ісці. Тым больш, што нейкія рэчы рэжысёр можа мяняць, каб фінал быў з надзеяй.
Аляксандр Пыка, член праўлення Беларускага саюза кінематаграфістаў:
— Трэба, каб у акадэміі мастацтваў вялася падрыхтоўка драматургаў, лічу, на базе атрыманай вышэйшай адукацыі, пажадана профільнай. Магу сказаць, што рэжысёру не хапае звязкі са сцэнарыстам. Добра, што ёсць літаратары, але ў нас свая спецыфіка, даволі вузкая. Часам ёсць выдатны пісьменнік, п’еса цудоўна напісана, але экранізаваць ці паставіць яе немагчыма.
Цяпер Саюз кінематаграфістаў вядзе работу па выхаванні патрыятычнага духу і маральных каштоўнасцей сярод моладзі і дзяцей. Праводзім гутаркі нават у дашкольных установах. Самае дзіўнае, што і дзеткі ўжо фармулююць свае думкі. Я лічу, што Тэатр лялек і Тэатр юнага гледача — гэта магутныя ўстановы, якія могуць стаць сродкам выхавання цяперашняй моладзі. Бо дзеці часам забываюцца, што такое дабрыня, клопат пра блізкіх, павага да старэйшых, што такое гонар і справядлівасць. Праз работу ў дашкольных установах мы можам пачаць выхоўваць будучых драматургаў, літаратараў. Бо там закладваецца аснова асобы. Таму мы павінны апроч дыскусій выпрацаваць агульны праект, які можна прапанаваць на разгляд дэпутатам, у вышэйшыя інстанцыі і дакладна прапісаць, што нам неабходна, якія могуць быць шляхі вырашэння праблемы.
Алена Шошына, дырэктар Гомельскага маладзёжнага тэатра:
— Сапраўды, важна, каб тэатр даваў магчымасць сацыялізавацца новаму пакаленню. Таксама бачу мэту — выхоўваць гледача і весці яго за сабой.
Мы выбіраем стратэгію развіцця тэатра, каб у ім ішлі не толькі камедыі. Па вялікім рахунку, уся драматургія — пра чалавека і каштоўнасці. Калі дзея на сцэне выклікае эмоцыю, то мы кранаем чалавечую душу.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота Кастуся ДРОБАВА