Кветка гэтай незвычайнай расліны насамрэч нагадвае жаночы чаравічак. Паводле найбольш вядомай легенды, калісьці багіня кахання і прыгажосці Венера наведалася ў нашы лясы. Доўга хадзіла між дрэвамі і кветкамі ды так стамілася, што прысела адпачыць. Зняла пантофлі з атласнымі чырвонымі стужкамі ды паклала на невялікі хмызнячок каля сябе. А потым, спяшаючыся дадому, забылася пра іх. Пакінутыя чаравічкі ператварыліся ў кветкі незвычайнай красы. За цудоўнае паходжанне іх адпаведна і назвалі.
Венерын чаравічак мае працяглы цыкл развіцця, бо першыя гады яго жыцця праходзяць пад зямлёй. Першы лісцік з’яўляецца толькі праз чатыры гады, квітнее расліна на 15–17-ы год існавання і... ўсяго каля 10 дзён. То ўспыхвае ліхтарыкам пад сонечнымі промнямі, то гасне ў цені.
Моцны водар прываблівае шмат насякомых. Казурка запаўзае ў губу кветкі і, агледзеўшы яе, пачынае шукаць выйсце. Сустракае на сваім шляху выпуклае рыльца, на якім абтраcае прынесены пылок, лезе вышэй, праціскаецца каля пыльніка, дзе да яе прыліпае новая порцыя пылку — для наступнай кветкі. Аднак далёка не ўсе казуркі нарэшце аказваюцца на волі. Некаторыя заблытваюцца і гінуць.
Карэнне венерынага чаравічка знаходзіцца блізка да паверхні, таму, збіраючы расліну для букетаў, можна лёгка вырваць яе з зямлі. Нездарма гэтая архідэя лічыцца рэдкай і ахоўваецца дзяржавай.
На тэрыторыі нашай краіны венерын чаравічак сустракаецца ў нацыянальных парках «Белавежская пушча» і «Нарачанскі», заказніках Палесся. У Бярэзінскім запаведніку вызначана каля 20 месцаў, дзе ён расце (каля 25–40 асобнікаў у кожнай папуляцыі). Вырошчваюць гэты від і ў Цэнтральным батанічным садзе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, батанічным садзе Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Аксана САЛАВА
Фота Дзяніса ІЎКОВІЧА