Top.Mail.Ru

Што цікавіць беларускіх мастакоў?

Аўтар: Яўгенія Шыцька
11.03.2025 | 07:00

Чалавек і навакольнае асяроддзе — галоўнае, што цікавіць пераважную большасць беларускіх жывапісцаў. І кожны вырашае задачы, звязаныя з распрацоўкай тэмы, па-свойму. Здараецца, на карціне таго ці іншага аўтара адлюстраваны нічым не прыкметны або нечым адметны краявід — і ніводнай выявы чалавека не знайсці на палатне, але глядач не зусім зразумелым чынам адчувае прысутнасць людзей: недзе зусім побач ці нават проста тут... Вось, напрыклад, ён, мастак, стаіць на ўзгорку і ўглядаецца ўдалячынь, здаецца, задумаўся, і думкі яго не толькі аб убачаным. 



Такім падчас знаёмства з яго творамі паўстае Кастусь Качан, якому днямі споўнілася 75. Мастак належыць да той кагорты мастакоў, якія даюць гледачу магчымасць сузіраць, праз назіранне за матэрыяльным светам паглыбіцца ў свет духоўны. У тым ліку і на прыкладзе палотнаў, у якіх апяваецца навагрудскі край, радзіма жывапісца, відавочна, як моцна цэніцца ім няспешнасць і засяроджанасць. У гэтых жа карцінах выяўлена стаўленне Кастуся Качана да катэгорый месца і часу: аўтар адлюстроўвае канкрэтныя мясціны ў іх сучасным стане (хоць, дарэчы, і пазбаўляе яскравых і красамоўных прыкмет часу), але простай перадачай факта тут не абыходзіцца. Дзякуючы пэўнаму ўхілу ў рамантызм яму ўдаецца падкрэсліць гістарычную важнасць Наваградчыны, повязь вякоў. 

Свае ідэі мастаку дапамагаюць даносіць толькі невялікія гарады і мястэчкі, у якіх моцна адчуваецца далучэнне чалавека да прыроды. Асабліва блізкі аўтару стан яе ціхмянасці, калі выпаў снег, калі прайшоў дождж, калі сціх вецер... Кастусь Качан шукае ў розных куточках краіны супакаенне, якое можна прынесці і гледачу, аднак не заўсёды зразумела, ці рады, ці прымае ён тое, што вір падзей, які некалі там буяў, амаль знік. Пэўна, пакора перад законамі часу ўсё ж мае вырашальны голас. 


Па ўсім відаць, і сучаснікі, і нашчадкі, якім калісьці застанецца ў спадчыну багатая творчасць жывапісца, будуць удзячныя мастаку прынамсі за адлюстраванне мясяцін; а яны, зразумела, моцна зменяць свой выгляд. Зноў жа, час не шкадуе архітэктурныя помнікі, да якіх з такой павагай ставіцца майстар, час знішчае чалавечае жытло — драўляныя хаты, што з асаблівай цеплынёй перадае на сваіх палотнах мастак, час нараджае новыя падыходы да архітэктуры, і гэта, безумоўна, важнае дыскусійнае пытанне для спецыялістаў і ўсіх неабыякавых... Але ёсць зямля, і жыве на ёй чалавек, і памятае ён мінулае свайго народа, і спадзяецца на светлае жыццё. У тым ліку гэта закладзена ў мастацтве Кастуся Качана. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю