Кожны год Дзень бібліятэк, які святкуецца 15 верасня, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адзначаюць тэматычнымі выставамі. Сёлета ўвазе наведвальнікаў прадставілі кніжную экспазіцыю пад назвай «Стагоддзі сустракаюцца тут».
— Кожны раз выстава да прафесійнага свята прысвечана пэўным тэмам бібліяграфіі, апошнім навуковым даследаванням у галіне
бібліятэказнаўства. Сёлета прынялі рашэнне паказаць розныя бібліятэкі свету, зрабіўшы акцэнт на беларускіх і на бібліятэках краін СНД, — расказала галоўны бібліятэкар сектара арганізацыі кніжных выставак Святлана Зайко.

Экспазіцыя тэматычна падзелена на чатыры блокі. Першы прысвечаны Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у якой захоўваецца найбагацейшы фонд кніжных скарбаў у краіне. Прыцягвае ўвагу вялікі даведнік «Кніжная спадчына Беларусі» 2014 года выдання.
— Тут можна знайсці інфармацыю пра старажытныя ўнікальныя кнігі, якія захоўваюцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі
Беларусі. Напрыклад, гэта арыгіналы перша-друкара Францыска Скарыны, а таксама рукапісныя выданні, якія з’явіліся ў пачатковы перыяд кнігадрукавання ў XIII–XIV стагоддзях, — падзялілася Святлана Зайко.
Акрамя таго, на выставе прадстаўлена выданне і для шырэйшага кола кнігалюбаў: «100 рарытэтаў» аб фондах НББ.
— Яно выходзіла некалькі разоў. Выданне 2022 года стала больш кампактным і даступным для шырокага кола чытачоў. Тут не толькі інфармацыя аб калекцыях, але і шмат навуковых тэкстаў па гісторыі. Гэты каталог будзе цікавы кнігалюбам і людзям, якія любяць кніжную гісторыю, — адзначыла бібліятэкар.
Адметна і тое, што некаторыя рарытэтныя кнігі, якія згадваюцца на старонках даведнікаў, можа ўбачыць любы ахвочы ў пастаяннай экспазіцыі «Музея кнігі», які знаходзіцца на трэцім паверсе бібліятэкі.
— Там у нас багатая калекцыя старадрукаў. Экспазіцыя пастаянна мяняецца. Але традыцыйна адна з галоўных «фішак» нашага музея ў тым, што там ёсць магчымасць штодня ўбачыць арыгінальную кнігу Францыска Скарыны на асобнай вітрыне, — падзялілася Святлана Зайко.
Дарэчы, менавіта Нацыянальная бібліятэка Беларусі з’яўляецца адзінай у краіне, якая захоўвае Пражскія выданні Францыска Скарыны.
Другі блок прадстаўляе наведвальнікам буйныя бібліятэкі Беларусі, сярод якіх Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа НАН Беларусі, Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага, Гомельская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна, Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Ф. Карскага і іншыя.
У трэцяй частцы экспазіцыі наведвальнікі могуць бліжэй пазнаёміцца з бібліятэкамі краін СНД.
Тут усё максімальна структуравана ў адпаведнасці з алфавітным парадкам: Азербайджан, Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Узбекістан...
Фінальны чацвёрты блок прысвечаны найбуйнейшым бібліятэкам свету, такім фондам, напрыклад, як Ватыканская бібліятэка, Нацыянальная бібліятэка Кітая і іншыя.
Даволі яскрава ў экспазіцыі выглядае двухтомнае выданне «World Guide to Libraries», у якім прадстаўлены найбуйнейшыя кніжныя фонды свету.
Менавіта гэтая кніга і з’яўляецца сэнсавым завяршэннем экспазіцыі.
— Многія выданні на выставе даволі цікавыя, бо гэта не проста сухія даведнікі, а сапраўдныя высокамастацкія фотаальбомы, якія дазваляюць
убачыць, што бібліятэка ўключае адметныя архітэктурныя аб’екты і помнікі гістарычнай спадчыны, — адзначыла Святлана Зайко.
У цэлым гэта і было асноўнай мэтай выстаўкі — прадставіць бібліятэкі з іншага боку і данесці да ўсіх, што гэта нешта большае, чым проста сховішча кніг.
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара