Top.Mail.Ru

Што схавана ў футляры чалавечага цела?

Аўтар: Лізавета Крупянькова
20.02.2025 | 07:00

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў запрашае на персанальную выстаўку работ Грэгара Данеляна «Па алеі памяці...». Праект уяўляе сабой рэтраспектыву творчасці мастака з 1980 да 2016 года, якая трансліруе шматграннасць яго асобы, багацце ўнутранага свету і натуру сапраўднага эксперыментатара.



Грэгар Данелян — мастак армянскага паходжання, для якога Беларусь стала другім домам. У 1973 годзе скончыў Ерэванскі мастацка-тэатральны інстытут, а з 1972-га пачаў актыўна ўдзельнічаць у міжнародных выставачных праектах у Арменіі, Беларусі, Грузіі, Латвіі, Літве, ЗША і інш.

Не баяўся творчых эксперыментаў. Грэгар Данелян цікавіўся экспрэсіянізмам, кубізмам, лучызмам, спрабаў сябе ў кірунку «поп-арт» і тэхніцы калажу. З 1970-х гадоў працаваў выключна па аўтарскай праграме. У сферы практычнай зацікаўленасці мастака — матэрыялізацыя духа на палотнах метадам prana pratishtha (цырымонія асвячэння выявы бажаства ў індуісцкім храме). Больш як 30 гадоў займаўся ёга-практыкай hearfulness. Творы мастака знаходзяцца ў музеях і прыватных калекцыях у Арменіі, Аўстрыіі, Германіі, Грузіі, Італіі, Канадзе, Францыі, Расіі, Аўстрыі, Нарвегіі і інш. 

Армянскі пісьменнік, філосаф і культуролаг Рубен Ангаладзян ахарактарызаваў Данеляна як «прадстаўніка той нешматлікай групы творцаў, чые інтарэсы ляжалі ў ірацыяналізме спазнання. Вера і духоўны пошук, каханне, пакорлівасць і ўнутраная надзея — вось што рухала мастаком у спазнанні свету і сябе ў гэтым свеце...».

У экспазіцыі прадстаўлены работы з вядомых цыклаў майстра «У Святле Яго Святла» і «Да Бясконцасці...». Упершыню ў Мінску можна ўбачыць створаны ў Тбілісі аўтапартрэт «Мысліцель з трубкай» (1983), адзіны, які застаўся ў сям’і.

Тэматыка работ Грэгара Данеляна вельмі разнастайная: ад побытавых да сакральных сюжэтаў, ад пейзажаў і нацюрмортаў да таямнічых міфалагічных вобразаў. На выстаўцы шырока прадстаўлены пейзажныя замалёўкі майстра («1920. Армянская вёска» (1980), «Над вечным спакоем» (1998) і інш.), выкананыя ў кірунку экспрэсіянізм, дзе змрок пануе над прыгажосцю святла. Экспрэсіянізм у творчасці Грэгара Данеляна вылучаецца характэрнымі рысамі: перавага цёмных колераў, песімізм, скажэнне рэчаіснасці, прадчуванне бяды.

Такімі ж пачуццямі напоўнены і партрэты мастака. У рабоце «Мысліцель з трубкай» фігура аўтара губляецца на цёмным фоне і ўвазе гледача паўстае сумны твар мастака. З дапамогай гульні святла і цемры Данелян робіць акцэнт на двухбаковасці сваёй асобы, частка якой заўсёды схавана ад чужых позіркаў. Сам мастак у 2003 годзе апісваў гэты твор так: «Дзіўна, адзін з сямі аўтапартрэтаў, напісаны ў 1983 годзе, я пакінуў сабе, прывёз з Тбілісі, таму што ён атрымаўся вельмі дакладным. У той час, 20 гадоў назад, я ўбачыў сябе такім, які я ёсць цяпер... З падобнымі ўнутранымі адчуваннямі, з барадой. Тады я бараду не насіў і быў зусім у іншым настроі, але па-прарочы адчуў сябе сённяшняга...»

У экспазіцыі прадстаўлены яшчэ адзін твор, які апошні раз выстаўляўся 22 гады назад! Гэта першая карціна з серыі «У Святле Яго Святла» — «Дыялог з папугаем» (1993). Цыкл адрозніваецца ад іншых бясконцым імкненнем да святла душы, мяккімі формамі і не такой змрочнай колеравай палітрай. Мастак спрабаваў перадаць ідэю таямнічасці і містыкі, кожны вобраз на карціне нясе пэўны набор сэнсаў.


Асобнай увагі заслугоўвае работа «Прасветленага месяца серэнада» (1998–2003) з серыі «У Святле Яго Святла». Першапачатковая ідэя твора — адлюстраванне сям’і як адзінага цэлага ў прыродзе. Аднак у працэсе работы аўтар змяніў назву на «Прасветленага месяца серэнада», падкрэсліваючы больш глыбокі і таямнічы характар карціны. Сімволіка твора раскрывае гледачу прынцып светабудовы, боскі пачатак і таямніцу касмічнай гармоніі.

З агульнай атмасферы вылучаюцца работы «Песня Хафіза» (2010), «Адзіноцтва» (2009), «Два мімы» (1992), «Дама з фруктамі» (1991) і «Кармэн» (1991), выкананыя тушшу і сангінай.

Выстаўка працуе да 23 сакавіка.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю