Top.Mail.Ru

Што прадстаўлена на «Асеннім салоне»?

Аўтар: Яўгенія Шыцька
13.10.2025 | 18:00
Паводле ўражанняў

Не так шмат часу засталося да закрыцця выстаўкі-продажу твораў беларускіх аўтараў у Палацы мастацтва. Хутка ў адной экспазіцыі збяруць работы найлепшых жывапісцаў, графікаў, скульптараў, фатографаў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва 

і стваральнікаў інсталяцый, а пакуль у прафесійнай суполкі і публікі, якая паспела наведаць «Асенні салон» ці пазнаёміцца з праектам дыстанцыйна (а гэта дазваляе зрабіць анлайн-платформа artcenter.by), ёсць магчымасць паразважаць, як бачаць і адлюстроўваюць сучаснасць маладыя і сталыя творцы. 

Так ці інакш прыкметнае 

Падчас разгляду вялікай колькасці работ менавіта пра адметнае хочацца гаварыць перш за ўсё. Яно становіцца такім па самых розных прычынах — часта незалежна ад майстэрства аўтара і мастацкай вартасці створанага ім. Нарэдка прафесіяналізм саступае канцэпту, яркае і вычварнае — у пашане: штучны інтэлект падштурхоўвае да не самых арыгінальных рашэнняў. З-за гэтага шэраг твораў на выстаўцы ўспрымаецца як плён дзейнасці графічнага дызайнера, які паспяхова выканаў задачу заказчыка. Ды некаторыя без хітрыкаў звяртаюцца да вобразаў і паняццяў індустрыі рэкламы і масавай культуры: сярод іх — Алена Вярстак («Just do it», 2022), Паліна Маргун («Партрэт Эндзі Уорхала», 2022), Радаслава Мацко («Da ! Da», 2023), аўтар пад псеўданімам Бінпола Комба («Без назвы», 2024).

...Ды ці можна прайсці міма вялікіх размаляваных дываноў Дар’і Пунтус «Гуканне вясны» і «Купала» 2024 года, прысвечаных тэме народных свят Беларусі, змешчаных да таго ж у цэнтральнай частцы экспазіцыі? Так, зварот да мінулага прысутнічае ў многіх работах сёлетняга «Асенняга салона», хоць, здаецца, і ў меншай ступені, чым у апошнія гады. Аднак маладыя мастакі, як правіла, імкнуцца не столькі разважаць пра падзеі гісторыі, не столькі засяроджваюцца на ўспамінах — сваіх і папярэднікаў, колькі шукаюць спосабы адлюстраваць падзеі і з’явы былога... Многія гледачы не абышлі ўвагай партрэт «Чырвоны дыван» (2025) Антона Борздага: іх падкупіла ўнушальнага памеру выява дзяўчыны, створаная нібыта штучным інтэлектам, на шарсцяным дыване. Тэма жаноцкасці, да таго ж з акцэнтам на цялеснасць, наогул адна з найбольш папулярных на гэтым «Асеннім салоне»: на яркія фарбы ў стварэнні вобраза жанчыны не паскупілася Дзіна Бельская ў звязаных паміж сабой партрэтах «Дзяцінасць», «Юнацтва», «Даросласць» (усе 2025 года). 

Даволі сумніўнае

Зразумела, на фестывалях, што знаёмяць з творчасцю маладых, а таксама пачаткоўцаў, дэманструецца шмат першых спроб, таму быццам і нядобра звяртаць увагу на пэўныя недасканаласці. З іншага боку, глядач схільны вылучаць станоўчае і адмоўнае, не зважаючы на ўзрост і вопыт аўтара. 

Нібы апрацаваныя фільтрамі Instagram партрэты з адсутнасцю сэнсавага мінімуму прапанавалі Дар’я Лукойка і Дзмітрый Кавецкі, не гналася за формай як упарадкаванасцю зместу Ала Несцяровіч (прадставіла ў тым ліку жывапісны твор «А я ёсць?» гэтага года — скрыншот з такім паведамленнем у месенджары). У спрошчаным сюжэтна і кампазіцыйна жывапісе наўрад ці выказала нешта важнае Анастасія Банько (хоць, дарэчы, згодна з інфармацыяй на artcenter.by, работа «Балкон» 2025 года ўжо прададзена). Тым часам Вераніка Лузан практыкуецца ў адлюстраванні аголенай жанчыны («Memory trap», 2023), Юрый Дуброўскі паказвае ўваход на яшчэ адзін балкон («Кава ў аднушцы», 2025), Аляксандра Драчан у партрэце японца сведчыць аб рашучасці («Вердыкт», 2025), а Ян Журыч запрашае ў яркі спрошчаны свет, дзе боль і страх чалавека ў новых абставінах ілюструе праз пашкоджанні ступні, што заўжды з’яўляюцца падчас нашэння новага абутку («Абноўка», 2025)... І ўсе гэтыя спробы сумніўныя з пункту гледжання мастацкіх пошукаў. 

Станоўчы бок

Пералік цікавых твораў «Асенняга салона» таксама можа быць доўгі — хаця б таму, што ўдзел у праекце прымаюць паспяховыя мастакі, талент якіх прызнаны ў тым ліку ў прафесійным асяроддзі,аднак спыніцца хочацца выключна на тым, што здольна зацікавіць і здаецца нечаканым. Напрыклад, выразныя чорна-белыя фатаграфіі Максіма Карасцялёва з серыі «На парозе» (2023) — аўтар адлюстраваў савецкага і расійскага мастака-мультыплікатара Юрыя Нарштэйна. Яшчэ адзін фатограф Алеся Максіменка мае сілы зачараваць фактычна звычайным вясковым пейзажам («Марозная ноч», 2024), а ўжо славуты фотамайстар Ілля Шагаў (раней прадстаўляў свае здымкі пад псеўданімам Bikimaksi) у серыі «Маё дзяцінства будзе тут» (2025) запрашае на чарговае знаёмства з Мінскам, цёплым, так бы мовіць, паштовачным. Ён, між іншым, даўно звярнуўся да гэтага фармату і папулярызуе зробленае праз сцікеры і паштоўкі. Гэты кірунак дзейнасці не абмінае і Фёдар Шурмялёў: графік гэтым разам здзівіў літаграфіяй «Сіндбад» (2025). Відаць, творца паступова адхіляецца ад старажытнагрэчаскай міфалогіі і ў хуткім часе парадуе сваіх прыхільнікаў новай серыяй. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю