«Падавалася, што адусюль — з цёмнага саду, з поля, з дарогі — можа кінуцца нешта цёмнае і касматае, прапахлае крывёю, бязлітаснае». У мінулым нумары завяршылася публікацыя буйной гістарычнай прозы Зінаіды Дудзюк «Кошт волі». На змену ёй у новым годзе прыйшоў неагатычны раман Маргарыты Латышкевіч «Ваўкалакі». Разгортваецца дзеянне пасля напалеонаўскіх войнаў на старашляхецкай сядзібе. Рэльефна дэманструюцца побыт у радавым гняздзе Лінкоўскіх, рэшткі былой раскошы і марныя спробы гаспадара падтрымліваць звыклы лад жыцця. Пра заняпад шляхты можна прачытаць у пісьменнікаў ХІХ ст., яскрава такое здрабненне адлюстравана, напрыклад, у Адама Міцкевіча, Уладзіслава Сыракомлі і інш.
І ўсё ж Лінкоўскі-бацька клапоціцца пра асвету сваёй дачкі так, як дазваляе яму становішча, хоць і разумее, што ўжо выгадаваў «не такую» — разумную, спагадлівую да людзей, адкрытую новаму і самадастатковую, свабодную ў поглядах. І з’яўляецца ў творы ідэя імкнення да самастойнасці жанчыны, да выбару свайго лёсу, да супрацьстаяння закасцянеламу традыцыяналізму (у тым ліку шлюбу па разліку з мэтай паляпшэння матэрыяльнага становішча бацькоў). Ды не ўсё тут будзе разгортвацца вакол сямейна-бытавога сюжэта і правоў жанчын — давядзецца пазнаёміцца са змрочным замкам Свольна, «авеяным бог ведае якімі вусцішнымі показкамі», прыгадаць персанажаў беларускага і сусветнага бестыярыю, народныя абрады і забабоны...
«Адзінай аддушынай для мяне заўсёды былі камяні». Апавяданні Настассі Марціновіч з’яўляюцца ў пэўнай ступені наследаваннямі. «Памерці на досвітку» натхнёна казачнымі аповесцямі Джэймса Мэцью Бары пра Пітэра Пэна. «Амора» створана па матывах знакамітага міфа пра Пігмаліёна і Галатэю.
«І я раптам убачыў сябе на брукаваным пляцы Наваградка. Пасярод яго стаяла бочка з віном, каля якой праступала з цемры постаць прадаўца ў вялікай кепцы». Апавяданне Алеся Кажадуба раскрывае эвалюцыю чалавечай любові да пэўнага месца. Складаецца ўражанне, быццам гарады і краіны, што сустракаюцца ў тэксце, прайшлі кастынг лірычнага героя і выстраіліся ў рад паводле ступені прыязнасці.
Што месціць «куфар сэрца» Андрэя Дарожкіна? Нізка вершаў, здаецца, поўная адзіноты, непраглядная і бяздонная туманнасць марных пошукаў сэнсаў. Асобныя радкі выдаюць, што магчымы і прамень спадзеву, які можна запаліць самому:
Глядзеў ды «грэўся» да світання.
І нечакана адлягло:
«У цемрадзі сваіх пытанняў
шукай хоць штучнае святло».
«Выйсце пад столлю»
Маладая гомельская паэтэса Наталля Голубева дэбютуе з трыма вершамі, два з якіх прысвячаюцца каханню, адзін — нязменнасці існавання парадку, які не можа парушыць чалавек.
Сталая паэзія распачынаецца творамі Людмілы Воранавай, якія нават знешне выглядаюць плакатнымі, знакі прыпынку выдаюць эмацыянальнасць, імкненне да дыялогу з рэцыпіентам, настойлівы дыдактызм. Як іначай, калі адны з галоўных тэм — Бацькаўшчына і захаванне самаідэнтычнасці праз роднае слова:
Для мовы не бывае слова «мода»,
Бо мова — гэта, браце мой, ёсць ты!
«Паэту»
Бадай, адзін верш істотна вылучаецца з падборкі сваім мінорным настроем, філасафічнасцю і зусім іншай вобразнасцю — «Асенні сум»:
Не б’юцца ў вокны рэхам гукі колаў,
Свет у палоне сівых туманоў.
А далягляд надзеў башлык на голаў,
Бы сховішча ад слоты і дажджоў.
Пашырае кола тэм Анатоль Зэкаў праз шэраг адвечных пытанняў, адказы на якія паэт шукае ва ўласным досведзе пражытага, праз параўнанне ўласных станаў:
І радасць у адно, і боль
завяжа лёс вузлом тугім
і не адпусціць болей, бо
іх нельга адпускаць зусім.
Яны — адно. У тым і соль.
І не спрабуй іх раз’яднаць,
бо радасць, зведаўшая боль,
нашмат мацнейшая, відаць.
«***І радасць у адно, і боль...»
Імёны ў вершах, радкі з прысвячэннямі — пра сардэчныя прыхільнасці паэта. Чытаецца ясна і зразумела:
Паміж намі якаясь мяжа,
і яе перайсці немагчыма.
Хоць і рукі цягну,
ды, на жаль,
абдымаю цябе ўсё ж вачыма.
«***Паміж намі якаясь мяжа...»
Яшчэ адна важная тэма — сэнс жыц-
ця — гучыць у Анатоля Зэкава ў рэчы-
шчы філасофскім і нават грамадзянскім:
Век пражыць хачу годна
між людзей для людзей.
Знікні, ноч адзіноты, —
не адцягвай мой дзень.
«***Знікні, ноч адзіноты...»
Вершы Іны Фраловай, адчувальна жаноцкія, дазваляюць сягнуць на тэрыторыю перажыванняў лірычнай гераіні — прыняцця непрадказальнай і такой трывіяльнай сітуацыі — падману каханым чалавекам:
Я змагу. Я забудуся смак
Невыносна гаркавай атруты.
І на самы далёкі бальшак
Здрады ўрэшце звяду і пакуты.
Не збаюся пасля вышыні —
Пад крыламі глыбокай сінечы,
Каб адчуць зноў у заўтрашнім дні
Радасць новай шчаслівай сустрэчы.
«***Павялі мяне лёсу сляды»
Ёсць у вершах паэтэсы і ўпэўненасць у сабе, бясстрашнасць і надзея на свае сілы, але ёсць і доля прысутнасці народнай свядомасці, веры ў прыкметы, часцінка фаталізму:
Накувай мне, зязюлька, гадочак!
Не шкадуй для мяне маладой,
Каб мой лёс, бы асенні лісточак,
Пакружыўся над грэшнай зямлёй.
«***Накувай мне, зязюлька, гадочак!»
«Ён, як і ўсе маньерысты, бессаромна бярэ чужое і робіць з яго сваё, дзякуючы здольнасцям геніяльнага імправізатара». Прысвячаюцца постаці Уільяма Шэкспіра «Словы пра найвялікшага драматурга і паэта» ў рубрыцы «Асоба». Адам Глобус разважае, бадай, пра самага вядомага пісьменніка планеты Зямля, стварае для аўтара «Рамэа і Джульеты» беларускі кантэкст — адзначае перакладчыкаў, ілюстратараў, сцэнічныя ўвасабленні, у тым ліку, акцёраў, рэцэпцыю ў беларускім мастацтве швогуле. Паўстаюць цікавыя прыватныя назіранні і высновы Адама Глобуса (аздоба тэксту — партрэты класіка — належаць аўтару рубрыкі), пытанні, напрыклад, датычныя кірунку ў літаратуры, эпісталярнай спадчыны Шэкспіра, увасаблення ім розных праяў чалавечага жыцця...
«Маляваў іх Мікалай Малевіч, а вершаваныя часткі падпісаныя ініцыяламі А. З.» Гэтым разам у «Люстэрку лёсу» змешчаны матэрыял Людмілы Рублеўскай «Воз дзясятак назбіраў гною для рассады», у якім апавядаецца аб трагічным шляху беларускага паэта Анатоля Зіміёнкі, вядомага пад псеўданімам Анатоль Дзяркач. Важна, што біяграфія ўзнаўляецца на аснове дакументаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва — метрыкі, фотаздымкаў, рукапісаў твораў, публікацый у перыядычным друку і г. д. Апрача таго, прыводзяцца цікавыя назіранні над эвалюцыяй спадчыны пісьменніка, больш і менш вядомымі творамі.
«Святло Навагрудчыны нараджае мастацкія, творчыя ідэі». Літаратурнае краязнаўства Беларусі бачыцца даследчым імпэтам Алеся Карлюкевіча. Аўтар расказвае пра дзеячаў розных генерацый, якія працуюць з кнігай і так ці іначай звязаныя з Навагрудчынай. У прапанаваным радзе, напрыклад, Алесь Бельскі, Леанід Дранько-Майсюк, Уладзімір Ліхадзедаў, Віктар Шніп і іншыя.
«...Бачыць маштабнае ў дробным...». Чытала «Музейную гасцёўню» і зразумела, што Алесь Пальчэўскі быў сапраўдным супергероем свайго часу, як мінімум, 1960–1970 гадоў, асабліва для дзяцей, дзякуючы яго адкрытасці, адказнасці і абавязковасці. І гэтае ўражанне пацвярджаецца клопатам Міколы Труса, які прадэманстраваў малавядомыя дакументы з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Напрыклад, вось радкі з прадстаўленага ліста А. Пальчэўскага ў пасёлак Абан Краснаярскага краю, дзе пісьменнік адбываў ссылку: «Я посылаю Вам несколько своих книг, вышедших в последнее время. В одной из них „Жнівеньская раніца“ („Августовское утро“) есть повесть под таким же названием. Она зародилась в Абане. И Абан в ней фигурирует под названием Лабанаўка». Без сумнення, падобныя публікацыі даюць карысныя падказкі для гісторыкаў літаратуры, таму што з’яўляюцца крыніцай факталагічнага матэрыялу, а яшчэ вельмі кранальныя, бо часта раскрываюць нефармальны бок жыцця герояў.
«Пра чалавека, які падарваў „Фактор.by“, трэнды TikTok і тэатральную прастору Беларусі». Так напісала Ксенія Зарэцкая пра Антона Смаленскага — свайго калегу з журфака, які цяпер найперш музыкант, кампазітар і паэт. Тут пра віхуры лёсу, складанасці на шляху да поспеху, сутыкненні з рэчаіснасцю ў жаданым, верагодным і магчымым.
«Тут няма дрэнных ці добрых людзей, у гэтым дачыненні спектакль шматгранны». Мастацкі, а дакладней, тэатральны агляд «Гісторыя без шчаслівага канца, ці Легенда пра прыдуманае каханне» Мікалая Касцюкова разгортваецца вакол пастаноўкі «Палачанка» Беларускага дзяржаўнага тэатра юнага гледача. Твор Аляксея Дударава ў бачанні рэжысёра Таццяны Самбук, мастака-пастаноўшчыка Ларысы Рулёвай і кампазітара Антона Смаленскага (пра якога згадвалася вышэй). У матэрыяле адзначаецца, што «гісторыя, больш расказаная візуальна, чым славесна», пра гэта можна разважаць толькі пасля прагляду. Таму застаецца збірацца на спектакль.
«Старонка родная» нязменна складзена з тэкстаў, прысвечаных Беларусі. Аўтары трансліруюць свае ўражанні ў розных формах. Кацярына Назарава прысвячае эсэ Мінску, а Святлана Тарасевіч згадвае легенду пра Рымшаву гару — урочышча ў Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці, дзе знаходзіцца гарадзішча VI ст. да н. э. — VIII ст. н. э. Андрэй Сідарэйка пачынае рубрыку «Літаратурны свет» тэкстам пра сатырычна-гумарыстычны зборнік «Смехавік» (арыг. рус. — «Смеховик»). Што сказаць, калі вы прыхільнік часопіса «Вожык», то пазнаеце аўтараў гэтага выдання, ды і, здаецца, падачу матэрыялу.
«...Адчуў сябе больш шчаслівым, пабагацелым духоўна і, скажу шчыра (хочаце — верце, хочаце — не!), нават памаладзелым». Міхась Сліва раіць прачытаць новую кнігу прозы Таццяны Дашкевіч «Вока». Крытык звяртае ўвагу на асноўныя фармальна-зместавыя паказчыкі тэксту аўтара, у тым ліку адметны стыль, атмасферу «арыгінальных, нявымучаных і незацяганых слоў і фраз», праўдзівасць, сучаснасць, але разам з тым спрадвечныя каштоўнасныя арыенціры.
Кацярына ЦІМАНОВІЧ