Top.Mail.Ru

Што пачытаць у снежаньскім нумары «Полымя»?

27.01.2025 | 15:27

Сферы мастацтва, літаратуры, як і галіна гуманітарыстыкі, дзе яны з’яўляюцца прадметам даследавання, неабароненыя і вельмі датклівыя. Пры гэтым менавіта на іх, як даводзяць некаторыя мысляры, на культуры і яе складніках, дзякуючы капіталізму, некалі зацікаўленаму ў друкаванні кніг на як мага большай колькасці нацыянальных моў, трымаецца ўвесь сучасны свет — XX і XXI стст. Аднак і мастацкая, і навуковая творчасць па-ранейшаму патрабуюць зацікаўленасці і падтрымкі з боку і грамадства, і дзяржавы. Снежаньскі нумар выглядае ў гэтых адносінах дыдактычным, таму што, гаворачы пра мінулае, мае на ўвазе клопат пра будучыню, каб вынікі дзейнасці беларусаў служылі нацыянальнай навуцы і культуры, а не станавіліся чужым здабыткам.



Нязменная рубрыка «Паэзія і проза» распачынаецца падборкай вершаў Міхася Пазнякова «Усё ў жыцці не выпадкова», тэматычна прысвечаных радзіме і мінуламу, дзе — у прасторы тваёй памяці — заўсёды жывыя і маладыя бацькі. Чытач з гэтых вершаў зробіць выснову пра асаблівую ролю маці ў жыцці чалавека: яна чулая і любіць так, як ніхто не будзе, таму і цягне ўсё жыццё нас да пэўных мясцін і часоў, таму і патанаем мы ў возеры ўспамінаў, каб акунуцца ў акіян безумоўнага пачуцця, безумоўнай патрэбнасці, безумоўнага прымання. Парадаксальна, што з уростам меншай гэтая цяга не становіцца, а яшчэ і большае, бо па меры набыцця мудрасці і ўнутранага супакаення менавіта пачуцці і ўспаміны, асабліва прыемныя, «хмеляць» і «жывяць».

Хтосьці шукае цеплыні і шчасця ў абдымках, няхай і ўяўных, любай маці, а хтосьці спрабуе знайсці іх у стасунках з супрацьлеглым полам, як Таццяна Барысюк. Адзін з яе твораў поўніцца прагай акунуцца ў пачуццё патрэбнасці мужчыну: 

Салодка бачыць,
як гарыш,
і ўсведамляць:
табе — патрэбна... 
Па-над тваёй душой царыць
у шатах бліскавічна-срэбных.

Паэтэса выступае з падборкай вершаў «Формула прыгажосці», дзе адорвае чытача класічнымі выкшталцонымі жанравымі формамі, сярод якіх санет, трыялет і нават экзатычная для нашай паэзіі ўсходняя газель (між іншым, прадмет і яе навуковых росшукаў на працягу апошніх гадоў). Прыведзеныя вершы прыцягваюць жаночай тэмай, развагамі над прыгажосцю ў розных яе праявах. 

Святлана Бельская дзеліцца нізкай «Майго шчасця хвіліна», дзе ў адным з вершаў — чароўная метафара птушкінебяспекі. Абумоўленая сусветнымі палітычнымі, экалагічнымі, тэхналагічнымі і іншымі працэсамі трывога наконт трываласці нашага сённяшняга, такімі вялікімі намаганнямі адладжанага жыцця, добра знаёмая цяперашнім беларусам, ды і іншым народам. Але, як бы там ні было, падказвае паэтэса, здольнасць забываць пра небяспеку і паглыбляцца ў стан асалоды дазваляе нам захаваць сябе і свой унутраны свет у цэласнасці:

І так і ў жыцці нашым з самага ранку
Бяда нас употай пільнуе ля ганка,
Каб птушкай драпежнаю скочыць
на спіну.
І стане журба тады госцяй адзінай.
Але ўсё-ткі ў радасці яснай, іскрыстай,
Як келіх высокі з віном прамяністым,
Мы пра небяспеку заўжды забываем,
Па сонечных сцежках Эдэма блукаем..
.

Падборка маладой паэтэсы Вікторыі Сон «На светлым палатне» напоўнена атмасферай мрояў і, як можа часам падацца, нейкімі сюррэалістычнымі малюнкамі-вобразамі. У гэтым выпадку псеўданім аўтара цалкам суадносіцца з агульнай настраёвасцю і змястоўнасцю прадстаўленых ёю трох вершаў.

У часопісе ўсё як у жыцці: высокая паэзія чаргуецца з зямной прозай, таму рубрыку працягвае Людміла Рублеўская ўжо вядомым чытачу, паводле яе ўласнага вызначэння, «алхімічна-філалагічным» раманам «Запавет Фаўста». 

У гэтым нумары завяршаюцца прыгоды герояў ва ўсіх сплеценых сюжэтных лініях і канчаткова раскрываецца звязаны з прапанаванай жанравай формай, увасоблены ў 12 частках, сімвалічны сэнс. У радках пра арыштаванага Васіля Роўбу чытаем: «І было яму паслана тры настаўнікі. І адзін вучыў яго дабрыні, а другі мудрасці, а трэці смеласці. І напоўнілі яны ягоную душу, і былі забраныя ад яго. Але не ўтваралася ў душы яго золата, бо мала пажыў ён яшчэ, і не хапала яму нейкага складніка ў душы яго». Кропкі, нарэшце, расстаўлены, дабро перамагае, але зло не заканчваецца, таму што задуманае як дуальнае жыццё (ці не дзеля таго, каб чалавеку было цікава і пазнавальна?!) працягваецца. У фінале аўтар нагадвае, што «лепшых часоў не бывае, таму трэба рабіць тут і цяпер дзеля сваёй зямлі што можаш, і нават крыху болей. Вялікае Дзеянне працягваецца».

Празаічную лінію нумара развівае Юлія Бармута аповесцю-прытчай «Анёл Георгі», складзенай з частачак «Ладзейнікі», «Георгі», «Князёўна Ганна», «Суд», «Падмена», «Падкова» і інш. Твор расказвае пра даўнія часы, калі хрысціянства распаўсюджвалася на беларускіх землях, і аўтар не атачае святасцю гэты працэс: так, князь змяняе веру, урэшце, як і жэніцца дзеля атрымання ўлады. Але герой праходзіць праз сваё жыццёвае выпрабаванне — пад наглядам анёла, які быў дадзены яму з хрышчэннем і сачыў за яго духоўным станаўленнем. Толькі асэнсаваўшы памылкі, адолеўшы свой асабісты шлях героя, князь становіцца добрым чалавекам і мудрым кіраўніком.

У рубрыцы «Пераклады» змешчана ўзбекская аповесць у апавяданнях Рысалат Хайдаравай «Гарачае лета ў Гургуртэпе» ў перакладзе Алеся Карлюкевіча. Аўтар вядомая тым, што пазнаёміла ўзбекскага чытача з творамі беларускіх, рускіх і сербскіх пісьменнікаў. Акунуцца ў атмасферу ментальна далёкай нам мусульманскай традыцыі (можа, дзеля таго, каб наблізіцца да яе ды лепш зразумець?), а таксама ўсходняй побытавай культуры можна ў падзеленым на дробныя часткі творы.

«Навуковыя публікацыі» распачынае Мікола Мікуліч, які ў артыкуле «„Чарнее на снегу істужка...“. Жыццёвы і творчы лёс Паўлюка Шукайлы» расказвае пра ўдзельніка заходнебеларускага камуністычнага падполля. Аўтар лічыць, што «паспешліва залічваць П. Шукайлу да нейкіх авантурных дзівакоў, пацешных блазнаў, імпазантных і экстравагантных па сваёй вонкавасці і паводзінах клоўнаў не варта». Сваю задачу П. Шукайла бачыў у тым, каб раскрыць асаблівасці гістарычнага пералому ў грамадстве і духоўным свеце сучасніка.

Аксана Бязлепкіна-Чарнякевіч прапаноўвае артыкул «Пісьменніцкая ініцыяцыя ў літаратурным працэсе Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя: філаматы, А. Міцкевіч, Я. Баршчэўскі». У тэксце аналізуюцца звязаныя з выдавецкімі справамі цікавыя грамадска-культурныя працэсы, якія часта не ўваходзяць у поле зроку літаратуразнаўцаў, а, між тым, адказваюць за легітымізацыю пісьменнікаў як у XIX ст., так і пазней — ва ўжо зусім недалёкай нам гісторыі, ды і ў сучаснасці. Даследчыца фармулюе важныя высновы-папярэджанні на аснове таго, што беларускамоўная літаратура не магла ў поўнай меры «карміць» пісьменніка, які ў тыя часы толькі асвойваў саму магчымасць жыць з творчай працы: «Калі ў народа і адпаведна яго культуры няма сваёй дзяржаўнасці і дзяржаўнай палітыкі, накіраванай на падтрымку нацыянальнай культуры, то і народ, і культура, як правіла, становяцца донарамі для іншых, больш паспяховых у дадзены момант культур», — гаворыць даследчыца. Добра, калі справядлівасць перамагае, як адбылося ў 1990-я гг., калі творы папярэдняга стагоддзя прайшлі паўторную легітымізацыю, стаўшы сімвалічна нават болей каштоўнымі, чым былі падчас напісання.

Даўняя літаратура на пэўных этапах свайго развіцця і ў прыватнасці ў XIX ст., пра якое вядзецца размова, нярэдка была дыдактычнай — ставіла мэту не толькі забавіць, расказаць праўду, але і — не ў апошнюю чаргу — навучыць чытача. Аднак вучыць не столькі літаратура, колькі сама гісторыя, заглыбляючыся ў якую мы, беларусы XXI ст., можам папярэдне пасыпаць пясочкам там, дзе слізка. Веды пра тое, дзе, як і чаму нашай культуры ўжо неаднойчы даводзілася падаць — траўматычна, з неабходнасцю пазнейшай доўгай і сур’ёзнай, цягам болей чым у адно стагоддзе, «рэабілітацыі», — служаць нам.

У рубрыцы «Крытыка i лiтаратуразнаўства» Аліна Сабуць публікуе тэкст «„Жыві, мой верш, і сэрца грэй...“: чароўныя мелодыі паэзіі Марыі Шаўчонак». Размова ідзе пра аўтара сямі зборнікаў лірыкі, якую вядомыя крытыкі называюць «паэзіяй пачуцця»: «У майстэрні мастацкага слова Марыі Шаўчонак сапраўды раскошна: тут прасторна і маляўніча, летуценна і меладычна. Паэтэса прагна шукае няўлоўныя гукі і фарбы, наталяецца вобразамі роднай зямлі, знітаванымі з паняццямі роду, радзіны, Радзімы — сакральнымі па сваёй сутнасці з’явамі». Аўтар знаёміць з важнымі вобразамі і матывамі паэзіі М. Шаўчонак, з успрыманнем яе вершаў літаратуразнаўцамі, паказвае, чым «сілкуецца» паэтэса з пункту гледжання духоўнага і культурнага. Як можна меркаваць, галоўнае ў яе вершах — імкненне да эстэтыкі і гармоніі выяўлення, святла і чароўнасці.

Распачатыя ў папярэдніх нумарах успамiны Таццяны Шамякінай «Савецкая моладзь у парадаксальныя 1960-я» працягваюцца: цяпер перад намі аповед пра гады навучання ва ўніверсітэце, пра выкладчыкаў — знакамітых у галіне культуры і навукі людзей. Аўтар згадвае, як часта Міхась Ларчанка чытаў вершы на лекцыях, і параўноўвае з нашым часам: «Аднак хто б сёння дазволіў нават заслужанаму прафесару палову кожнай лекцыі прысвячаць чытанню вершаў?» Крытыкуючы сучасную Балонскую сістэму адукацыі, выкладчыца з пяцідзесяцігадовым стажам канстатуе: «Што ж здзіўляцца, што студэнты цяперашнім часам — самыя нецікавыя за ўсе дзесяцігоддзі майго выкладання ва ўніверсітэце. Уражвае іх абсалютная нерамантычнасць, нелетуценнасць, нейкія гранічна вузкія, прымітыўна-практычныя адносіны да жыцця...» Аўтар плаўна падводзіць чытача да думкі пра заняпад духоўных каштоўнасцей, тлумачыць, што ён пачаўся ў савецкай краіне з яе ўстаноўкай на павышэнне дабрабыту чалавека, але адзначае і абумоўленасць гэтага агульнаеўрапейскімі тэндэнцыямі. Яшчэ Т. Шамякіна расказвае пра сваю таленавітую сяброўку Яўгенію Янішчыц, падкрэсліваючы асуджанасць на трагічны скон, прысутную нават у абліччы. Паэты, як і сфера, у якой яны працуюць, вельмі далікатныя і адчувальныя (здольныя да сапраўды моцных, напружаных і інтэнсіўных пачуццяў), таму нярэдка аказваюцца не ў стане «вытрымаць» жыццё і захаваць сябе.

«Кнігарня» часопіса напрыканцы года даволі сціплая: Міхась Сліва ў публікацыі «Па Божай сцяжыне — да новых дасягненняў» рэцэнзуе чарговае ёмістае, таўшчынёй у пяцьсот старонак, выданне міжнароднага альманаха «Літара» (№ 11–12), выпушчанага ў Мазыры ў 2024 годзе. У кнізе змешчаны не толькі пераклады з іншых моў, творы лаўрэатаў конкурсаў, але і выступленні ўдзельнікаў Першага з’езда праваслаўных пісьменнікаў, які адбыўся ў 2023 годзе ў Гомелі. Паколькі ў альманаху — літаратурна-мастацкім і краязнаўча-асветніцкім праекце Уладзіміра Гаўрыловіча — надрукаваны празаічныя творы больш як сарака пісьменнікаў Беларусі і Расіі, выданне выглядае як сапраўдная анталогія сучаснай прозы.

Завяршаецца апошні ў годзе нумар традыцыйна — клапатліва складзеным супрацоўніцай рэдакцыі Наталляй Казапалянскай зместам часопіса за 2024 год. 

Наталля БАХАНОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю