Top.Mail.Ru

Што можна адшукаць у спадчыне Аляксея Дударава?

Аўтар: Алена Драпко
20.06.2025 | 07:00

Сапраўднае застанецца, нават калі мы ўжо завершым зямны шлях. Бо нішто не мае такой каштоўнасці, як слова, сказанае іншым, як памяць, якая сагравае праз гады, як святло асобы, што падказвае рух у патрэбным кірунку. Менавіта такія думкі ўзнікаюць пасля наведвання часовай экспазіцыі «Спадчына Дударава: слова, кадр, сцэна». Выстаўка пачала працаваць у Музеі гісторыі беларускага кіно (філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь) і прысвечана 75-годдзю з дня нараджэння заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, беларускага празаіка, драматурга Аляксея Дударава. 


— Часовая экспазіцыя, прысвечаная Аляксею Дудараву, «упісана» ў нашу выстаўку да 100-годдзя беларускага кіно. Цэнтральным акцэнтам можна лічыць карціну Мікалая Апіёка «Дзеячы беларускага мастацтва». На палатне мы бачым Аляксея Ануфрыевіча ў кампаніі людзей, з якімі ён працаваў: гэта рэжысёр Валерый Раеўскі, мастак Барыс Герлаван, які ў тым ліку быў мастаком эскізаў да тэатральных пастановак «Ядвіга», «Чорная Панна Нясвіжа», — расказвае загадчык філіяла «Музей гісторыі беларускага кіно» Вераніка Сербуковіч. — Калі казаць пра наша кіно, то 16 фільмаў экранізавана па творах Дударава. У тым ліку і самая вядомая камедыя «Белыя росы».

Па сцэнарыях Аляксея Дударава зняты такія фільмы, як «Суседзі», «Восеньскія сны», «Брэсцкая крэпасць», «Дняпроўскі рубеж» і іншыя, афішы да якіх можна ўбачыць у экспазіцыі. Сярод экспанатаў (а іх каля 40) прадстаўлены не толькі яго п’есы, сцэнарыі, але і ўзнагарода часопіса «Савецкі экран» (прыз гледачоў за кінастужку «Белыя росы»). Унікальным з’яўляецца рукапіс адной з апошніх рыдыёп’ес аўтара. Яе ён, на жаль, не паспеў аддаць у работу, але родныя Аляксея Ануфрыевіча перадалі гэты экспанат для выстаўкі. Звяртае на сябе ўвагу і яшчэ адзін цікавы прадмет — макет узнагароды выдатным дзеячам тэатральнага мастацтва аўтарства скульптара Уладзіміра Слабодчыкава, што таксама падкрэслівае вялікі ўклад Аляксея Дударава ў беларускае мастацтва. 

Акрамя гэтага, у экспазіцыі прадстаўлены рэдкія рукапісы, афішы да тэатральных пастановак, якія знаёмяць з літаратурнай спадчынай Дударава, сцэнарыі і фатаграфіі са здымак фільмаў, што дэманструюць яго ўклад у беларускае кіно. 

14_23_B.jpg

— Творчы чалавек усё бярэ з жыцця, таму калі ў працэсе падрыхтоўкі паглыбляешся ў яго біяграфію, адкрываеш для сябе нешта новае ў асобе творцы, то разумееш, якога маштабу гэта быў чалавек, наколькі тонка ён адчуваў усё, што адбывалася навокал, — дадае Вераніка Сербуковіч.

Выставачны праект «Спадчына Дударава: слова, кадр, сцэна» працуе да 31 жніўня. 

Алена ДРАПКО

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю