— Юля, што ў рабоце над роллю Джуліі аказалася для вас самым цяжкім?
— Усё давалася цяжка. Джулія — мая першая роля ў тэатры. Спектакль пра вайну не можа быць лёгкім. Складана і стварыць переканаўчы вобраз італьянкі, якая ўлюбляецца ў замежніка пры вельмі драматычных абставінах. Памятаю, як увесь час упрошвала Сашу (Аляксандр Ніканенка, выканаўца ролі Івана. — Заўв. аўт.) застацца пасля рэпетыцый і яшчэ раз пагаварыць аб нашых персанажах. Каб лепш зразумець фізічны стан галодных, змучаных людзей, за якімі гоняцца нацысты, мы з Сашам нейкі час абмяжоўвалі сябе ў ежы, выпрабоўвалі холадам. Рыхтуючыся да прэм’еры, глядзела фільмы, чытала кнігі пра вайну. Вось ужо тры гады «Альпійская балада» ў рэпертуары РТБД, і кожны раз напярэдадні спектакля кажу сабе: трэба фізічна і маральна мабілізавацца — мяне чакаюць вельмі цяжкія паўтары гадзіны на сцэне.
— Ці падобныя вы са сваёй гераіняй?
— Беручыся за працу над вобразам, спачатку думала: якія ж мы з Джуліяй розныя! Многага ў яе паводзінах не разумела. Але потым знайшла падабенства. Гэтую італьянскую дзяўчыну адрознівае імкненне да справядлівасці, яна змагар па натуры. Ува мне гэта таксама ёсць. Калі я ў нешта веру, то веру глыбока, па-сапраўднаму. Мне здаецца, мы з Джуліяй ужо больш падобныя. І не толькі таму, што я ўклала ў сваю гераіню столькі свайго. Яна таксама паўплывала на мяне. Вучылася ў яе атрымліваць асалоду ад жыцця насуперак любым акалічнасцям, шанаваць кожнае імгненне.

— У чым пераконвае гісторыя кахання Івана і Джуліі?
— Каханне можа ўзнікнуць пры любых, нават самых неспрыяльных, абставінах, нават калі мужчына і жанчына гавораць на розных мовах, належаць да розных культур. Думаю, пачуццё Джуліі да Івана нарадзілася з захаплення яго чалавечымі якасцямі, з удзячнасці. Іван мог пакінуць дзяўчыну ў альпійскіх гурбах, а ён нёс яе на сабе, дзяліўся хлебам, а пакахаўшы, цешыў сабранымі кветкамі. І ў фінале, адцягваючы ўвагу немцаў на сябе, Іван штурхае Джулію ў прорву, на гурбу снегу, каб даць ёй шанц выжыць. Сапраўдныя пачуцці вельмі ўзвышаюць, робяць чалавека высакародным!
— Падчас знаёмства з творамі аб вайне, якія з фільмаў і кніг зрабілі на вас найбольшае ўражанне?
— Наогул тэмай вайны я цікавілася яшчэ са школы. У 8 класе ў Дзень Перамогі па парадзе сваёй настаўніцы паглядзела «Брэсцкую крэпасць».
З тых часоў 9 Мая заўсёды прысвячаю кінакласіцы аб вайне. Найбольшае ўражанне пакінула карціна «Ідзі і глядзі» Элема Клімава. Не ведаю нават, ці змагу яе некалі перагледзець. З прачытаных за апошні час кніг адзначу, мабыць, «Татуіроў-шчыка з Асвенціма» і «Дарогу з Асвенціма» Хезэр Морыс.
Гэтая тэма заўсёды будзе прыцягваць людзей мастацтва. Яна дазваляе разважаць пра найважнейшыя рэчы. Чалавек у экстрэмальных умовах вельмі агаляецца. Хтосьці апускаецца да агіднай подласці, а хтосьці паднімаецца на нечаканую духоўную вышыню і ў нечалавечых умовах застаецца чалавекам. Жанчынам на вайне даводзіцца яшчэ цяжэй, чым мужчынам, але іх здольнасць кахаць нельга вынішчыць, і яна перамагае нават смерць.
— Якія словы, пачутыя ад гледачоў за тры гады пасля прэм’еры «Альпійскай балады», вам асабліва дарагія?
— Самай вялікай узнагародай сталі не словы, а маўчанне. Пасля спектакля перад ветэранамі да нас часам падыходзілі вельмі пажылыя людзі, і ў іх вачах стаялі слёзы. Ад пачуццяў, якія іх перапаўнялі, яны не маглі гаварыць. У маёй мамы і цёткі, якія паглядзелі «Альпійскую баладу», вочы таксама былі на мокрым месцы. Як актрысе мне было б вельмі прыемна ведаць, што, вярнуўшыся з тэатра дадому, гледачам захочацца сказаць словы любові сваім блізкім.
— Ці ёсць у вашым жыцці вялікае каханне альбо вы пра яго пакуль толькі марыце?
— Кожная жанчына, думаю, марыць пра вялікае каханне, якое мацнейшае за смерць. Я не выключэнне. Але пакуль што перажыла яго толькі на сцэне.
Фота сайта РТБД