Класіка ХІХ стагоддзя можа гучаць сучасна? Вядома, калі твор скіраваны на чалавека: раскрывае яго свет, дапамагае зразумець, пра што ён думае, чым жыве, да чаго імкнецца. Бо гэта самае вечнае ў літаратуры і ў мастацтве наогул — як цела (вонкавая абалонка) напаўняецца рознымі складнікамі, што ўтвараюць асобу. Напаўняльнікі могуць быць розныя ў залежнасці ад асяроддзя, выхавання, схільнасцей і зацікаўленасцей, у кагосьці чагосьці больш або менш. І асобы бываюць унутрана напоўненыя, яны адчуваюць грунт пад нагамі, нават калі плывуць па рацэ. Напрыклад, як герой спектакля «Хам», што з’явіўся ў афішы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, — просты рыбак, які адчувае сябе натуральна ў чоўне на Нёмане і, здаецца, не марыць больш ні пра што.
Аўтар аповесці «Хам» пісьменніца Эліза Ажэшка пісала пра людзей, якіх бачыла ў Прынёманскім краі. Сціплыя, стрыманыя, нешматслоўныя. Нават суровыя. Павел Кабыцкі быў менавіта такі. Селянін — у часы Ажэшкі іх называлі «хамамі», маючы на ўвазе паходжанне. Але ці азначае яно прымітыўную натуру? Ажэшка дала адказ. Нездарма яна надзяліла свайго героя найлепшымі чылавечымі рысамі — дабрынёй і спагадай, працавітасцю і сумленнасцю, адданасцю і глыбокай верай. І каб больш выразна высвецілася натура хама Паўла, побач з ім з’яўляецца летуценная гарадская дзяўчына Францішка, якая служыць у паноў і нібыта мае больш высокае паходжанне. Іх няпростыя адносіны і даследуюцца на сцэне ў праекце Цэнтра беларускай драматургіі. Чым абумоўлены зварот да твора пісьменніцы, якая ў свой час двойчы вылучалася на Нобелеўскую прэмію па літаратуры? Гуманістычнае гучанне і паглыбленне ў псіхалогію, якую вызначаюць не толькі сацыяльнае паходжанне, але і стасункі з бацькамі і дзіцячыя комплексы, асабістыя жаданні, якія могуць аказацца больш істотнымі, чым узятыя на сябе абавязкі. Не важна, якое стагоддзе. Істотна, што адзін герой — Павел — жыве ў згодзе з самім сабой, з Нёманам, які напаўняе яго спакоем, з малітвай і ісцінай, што даюць грунт пад нагамі (незалежна ад таго, дзе жывеш, кім працуеш). А другая — Франка — у мітусні, бясконцым пошуку таго, што прыносіць радасць і задавальненне, нібыта і хоча яна прыйсці да нейкай стабільнасці і спакою, толькі не можа стрымаць жарсці, што спапяляюць сэрца. Дзве супрацьлегласці, якія прыцягнуліся. Гэта было эффектна.
...Над сцэнай нібыта завіс човен: куды далей плыць? У паўзмрочнай прасторы ракі (яе ўтваралі лёгкія хвалі святла, што прабягалі па дашчатым задніку) ён здаваўся дзіўнай выспай трываласці: тут ні з кім нічога дрэннага не адбудзецца, а хутчэй наадварот. Калі на гэтым чоўне, што лунаў у паветры, з’явіўся Павел (артыст Сяргей Шымко), то было поўнае адчуванне, што ён тут дома. Са з’яўленнем у яго жыцці Францішкі (актрыса Дар’я Лазарчык) рыбак быццам бы сышоў на зямлю — і вось, ужо ў «сямейным чоўне», пачаліся хістанні і ўзрушэнні. Сцэнаграфія тут хоць і мінімалістычная, але вельмі гаваркая, сімвалічная і настраёвая — задае тон усяму спектаклю.
Чоўны станавіліся часткай сцэнічнага афармлення, яны ператвараліся то ў лавы, то ў ложкі, то ў магчымую труну... Так сімвалізм асобных воб-разаў прасторы, у якой разгортвалася дзея, — нетаропка (спектакль ідзе амаль тры гадзіны), паступова, згодна з сюжэтам, — дапамагаў праз эмоцыі падвесці гледача да разумення зместу і сэнсу. Паўзмрок з асобнымі светлавымі ўсплёскамі дапаўняюць яшчэ і адметныя гукі. Спачатку роднае, беларускае чуецца ў спевах жанчын (гэта наша гісторыя!). Маладая жонка Паўла прымяраецца да новага жыцця і нават імкнецца стаць сваёй у вёсцы, пасля, згодная з развіццём дзея, нібыта ідзе ўслед за мелодыяй імправізацыі, а далей гукавы фон даходзіць наогул да напружвання. Як Павел з Франкай жывуць — такая і музыка. Што казаць, у беларускіх тэатрах гэта цяпер асобны трэнд (праўда, не ва ўсіх аднолькава ўдала атрымліваецца так працаваць). Тут музычныя нумары задаюць настрой пэўных мізансцэн, бо выконваюць іх артысты, якіх мы бачым на сцэне ў выглядзе сялян, што натуральна: лю-дзі не чужыя, уцягнутыя ў гісторыю.
Аднавяскоўцы Паўла і яго сваякі назіраюць за адносінамі пары. Заднік сцэны з дошак ператвараецца ў экран, чоўны — лаўкі ў глядзельнай зале. І мы бачым эпізод адной з экранізацый паводле «Хама», і чуем словы, якія толькі што прагаварылі Павел і Франка са сцэны. Тыя, хто збоку назіраюць за іх адносінамі, нібыта кіно глядзяць, дзе поўны набор жарсцяў. Напачатку — шчаслівы шлюб, дзе Франку нарэшце разумеюць, шкадуюць і берагуць: Павел бярэ на сябе частку хатняй працы, клапоціцца, чым накарміць «жоначку». Тая добра жыве, можа, таму і пачынае сумаваць па былой весялосці ў панскай сядзібе. А тут яшчэ старая ба-дзяжніца Марцэля (Галіна Чарнабаева) падштурхоўвае Франку да сумненняў.
Павел, хоць і спагадлівы да яе, але выключна правільны. Яна вучыць яго чытаць — ён бярэ ў рукі малітоўнік.
І чытае, чытае — не толькі дзеля вучобы, а каб засвоіць і жыць так, як напісана. Вось у чым карані яго правільнасці: у запаведзях, якія для яго натуральныя. Гэта не залежыць ад паходжання.
А Франка — з іншага берага, зусім іншая, найперш таму, што шукае задавальнення, якое разбурае душу. Яна сыходзіць. Ён разумее чаму, але даруе, прымае грэшную разам з дзіцем. Франка ўдзячная, але зноў сыходзіць, ужо назаўсёды, разумеючы, што не можа прымусіць сябе адолець сваю грахоўнасць...
Спектакль — гэта не гісторыя жарсці, а хутчэй размова пра здольнасць дараваць, пра тое, што такое сапраўднае прыняцце іншага чалавека з усімі яго хібамі. Што значыць застацца чалавекам, калі твой свет разбураны? У Паўла толькі адзін варыянт: ціха, але ўпарта стаяць на сваім на працягу ўсяго шляху — ці то на сушы, ці то ў чоўне, які плыве па рацэ жыцця. Акцёр Сяргей Шымко ўвасабляе такога героя — стрыманага, з мяккім голасам, нібыта і нерашучага, але вось пра такіх і кажуць: светлы чалавек. Такая беларуская версія князя Мышкіна, які ўсё клапаціўся пра душу Настассі Піліпаўны, а яна бегала ад аднаго мужчыны да іншага — так і Франка робіць. Толькі ў нас адносіны герояў абцяжараны рэальнай здрадай, замахам на жыццё і дзіцяткам, якога бярэцца выхоўваць Павел. Канфлікт больш абвостраны. Адпаведна, і больш драматычны. Наогул, трагічны. Човен Паўла, што лунае ў паветры над зямлёй, і тое, што разгорт-ваецца ўнізе — як дзве розныя сістэмы (гэта паказана выразна). І нельга ўратаваць таго, хто заблукаў у хаосе зямных пачуццяў і жарсцяў, калі чалавек сам не робіць намаганняў уратаваць сваю душу.
Ларыса ЦІМОШЫК