Top.Mail.Ru

Што хаваюць у сабе архівы?

19.12.2024 | 12:56

Многае па-сапраўднаму пазнаецца толькі на адлегласці. У гэтым я, прынамсі, упэўніўся некалькі гадоў назад, знаёмячыся з кнігай Алеся Карлюкевіча і Вячаслава Селяменева «Звяртаюся ў ЦК...», якая пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда». Падзагаловак яе «Чытаючы архіўную пошту» гаварыў сам за сябе. Аўтары ўважліва і аб’ектыўна прачыталі асобныя матэрыялы, што захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.


І вось чарговая. Ужо сваёй назвай яна сведчыць аб тым, што гаворка пойдзе аб прынятых гэтым важным дырэктыўным органам рашэннях, у аснове якіх, безумоўна, і звароты асобных людзей, але ў большай ступені меркаванні кіраўнікоў розных узроўняў, якія маюць дачыненне да развіцця літаратуры і мастацтва, а ў цэлым падтрымкі нацыянальнай культуры ў Беларусі — «Рашэнні прымае ЦК...». Вынік часцей за ўсё быў станоўчы, пазітыўны. Істотна і тое, што, як упэўніваюць архіўныя дакументы, намеры былі актуальныя. Хоць не абыходзіліся ўвагай і праблемы.

Гэта відавочна і з матэрыялу «Збор твораў, рашэнні прымае ЦК...». У аснову яго пакладзена даведка «Аб практыцы выпуску ў рэспубліцы твораў, выбраных твораў і творчай спадчыны пісьменнікаў і дзеячаў мастацтва». Дакумент быў падрыхтаваны 13 студзеня 1988 года аддзеламі прапаганды і агітацыі і культуры. Лічбы выпуску літаратуры прыводзяцца ўнушальныя. Ды, на жаль, кажучы словамі Максіма Багдановіча, «няма таго, што раньш было». І аўтары кнігі, і я прыводзім гэтыя факты зусім не для таго, каб, хай сабе і ўскосна, папракнуць каго-небудзь, што сёння такой увагі кнігавыданню ў Беларусі не ўдзяляецца. Прычына ўсім зразумелая: друкаванае слова ўжо не карыстаецца колішняй папулярнасцю. Называюцца ранейшыя лічбы дзеля гістарычнай справядлівасці.

Не ў апошнюю чаргу і дзеля тых, хто нічога лепшага не знаходзіць, як ва ўсіх грахах, часцей за ўсё неіснуючых, абвінавачваць камуністычную партыю. 

Але пра гэтую публікацыю: «Выяўлена, што за гады адзінаццатай пяцігодкі выдавецтвы выдалі 53 тамы збораў твораў 13 аўтараў і 62 тамы выбраных твораў 32 аўтараў». Праўда, у даведцы, падрыхтаванай двума аддзеламі ЦК КПБ, не абыдзены і негатыўныя моманты: «Нярэдка рашэнні аб выпуску прымаліся ў сувязі з надыходзячымі юбілеямі аўтараў, без усебаковага ўліку іх рэальнага ўкладу ў развіццё літаратуры, мастацкіх вартасцей твораў. Не заўсёды прымаліся пад увагу рэальныя замовы кніжнага гандлю, дапускаліся факты завышэння тыражоў выданняў». 

Прыводзяцца і лічбы незапатрабаваных кніг асобных аўтараў. Толькі не магу пагадзіцца з тым, як аўтары даследавання, магчыма, і ненаўмысна, як бы супастаўляць двух народных пісьменнікаў Беларусі. Творы аднаго, маўляў, цудоўна разышліся, другога — заляжаліся. Пры гэтым не прымаецца пад увагу, што адзін з іх менш выдаваўся, у тым ліку па палітычных матывах. Зразумела, таму і знаходзілася шмат ахвотных яго пачытаць. 

Ды не на гэтым хочацца засяроджваць увагу, а на тым, наколькі прыведзеныя матэрыялы багатыя на факты, сучаснаму чытачу не вядомыя. Гэта тычыцца і складання ў сакавіку 1989 года тагачасным Дзяржкамдрукам БССР на аснове прапаноў Саюза пісьменнікаў БССР і выдавецтва «Мастацкая літаратура» новых спісаў персаналій для выдання збораў твораў і выбраных твораў. Шасцітомнік Васіля Быкава быў вылучаны асобна. Называюцца і аднатомнікі 23 аўтараў. Можна ўявіць сабе, як бы парадаваліся тыя, хто трапіў у гэты спіс. Ды «ў 1991-м і ў наступныя гады законы рынку ўсё больш уплывалі на характар зносін паміж літаратурай і кнігавыданнем, у тым ліку і на выпуск збораў твораў і выбраных твораў. І, зразумела, шмат што так і не рэалізавана да сённяшніх дзён».

Зразумела, пісьменнікі не адной творчасцю жылі. Іх хвалявала шмат з таго, што адбывалася не толькі ў роднай Беларусі, але і ў іншых савецкіх рэспубліках. Асобныя з іх, як вядома, займаліся грамадскай дзейнасцю, у некаторых былі важныя дзяржаўныя пасады. 

І, што таксама важна, яны знаходзіліся ў добрых стасунках з кіраўніцтвам, а гэта спрыяла лепшаму вырашэнню шмат якіх актуальных задач. Гэта тычыцца і народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі, які быў не толькі выдатным творцам. Сказанае ім у адным з вершаў: «Мне да ўсяго сягоння справа, // Усё мне блізка да душы» — не паэтычная дэкларацыя лірычнага героя. У гэтым праяўлялася яго жаданне заўсёды і ва ўсім адчуваць не проста сваю прысутнасць у паўсядзённым жыцці, а рабіць па магчымасці тое, што і сабе ў радасць, і іншым пойдзе на карысць. Сюды трапляла і ўшанаванне подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, удзельнікам якой ён з’яўляўся. Актыўны ўдзел ва ўсенародным змаганні з нямецкім фашызмам, як вядома, прымаў і першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў. Па вырашэнні некаторых надзённых пытанняў і звяртаўся Пятрусь Усцінавіч да яго. Некаторыя з іх названы ў матэрыяле «Аб чым народны паэт Броўка пісаў першаму сакратару Машэраву». 

Наколькі чалавечным быў Пётр Міронавіч, як хвалявала яго ўсё, што адбывалася ў рэспубліцы, гаварыць можна шмат. Як відаць з прыведзенага ліста, стасункі паміж ім і Петрусём Броўкам з’яўляліся калі не сяброўскімі, дык прыязнымі: «Я ўсё пад уражаннем харошае, цікавае размовы з Вамі ў мінулым месяцы. Але, як заўсёды, хочацца сказаць многа, але не паспяваеш. А пасля думаецца, а чаму я не сказаў пра гэта і пра гэта... Ды, відаць, такая яна і старыкоўская ўласцівасць, калі хочацца пагаварыць больш падрабязна аб усім. Вось і я, карыстаюся тым, што ў Сочы ў мяне часу многа, на танцы і гулі хадзіць мне позна, хачу адарваць у Вас крыху часу, каб паслухалі пра мае роздумы і развагі. Можа, у іх няма нічога новага, а можа, што-небудзь і будзе заслугоўваць увагі <...>».

Пятрусь Усцінавіч слаў свой ліст першаму сакратару ЦК КПБ, як бачым, з Сочы. Напісаны ён быў 9 кастрычніка 1968 года. Прызнаецца, што адчувае сябе блага. Ведаючы тыя часы, можна здагадацца, што не ўсе рэдкія лекі, асабліва імпартныя, былі ў наяўнасці. Мог бы папрасіць Пятра Машэрава дапамагчы ў набыцці іх, але не пра сябе думаў. Нагадаў пра набліжэнне 50-годдзя з дня ўтварэння БССР. Радаваўся тым зменам, што адбыліся за гэты час у Беларусі. 

І ўносіў канкрэтныя прапановы. Адна з іх нібы скіравана ў дзень сённяшні, адпавядае таму, што робіцца для захавання памяці аб удзельніках Вялікай Айчыннай вайны: «Пётр Міронавіч! Вельмі я ўжо загаварыўся, але хацелася б унесці яшчэ адну прапанову. Добра і вельмі добра, што мы ўстанаўляем помнікі і абеліскі памяці герояў, што ёсць у нас кнігі народнай славы. А чаму б не ажыццявіць яшчэ адну справу? Чаму б на спецыяльных стэндах у калгасных клубах, у дамах сацкультуры не выстаўляць фотапартрэтаў загінуўшых герояў з кароткімі даведкамі іх гераізму. Такія фота, хай вайсковыя, хай яшчэ грамадзянскія, да арміі, можна здабыць у радні. Гэта не цяжка зрабіць, а як бы было дорага!».

Да ўсяго была справа і народнаму пісьменніку Беларусі Івану Шамякіну. Ён таксама пісаў не толькі выдатныя мастацкія творы. Прынамсі, быў неабыякавы да таго, якімі вырастуць нашы нашчадкі. У гэтым пераконвае яго запіска «Прапановы аб перабудове народнай адукацыі», датаваная 16 красавіка 1958 года, і таксама накіраваная ў ЦК. Яна аналізуецца ў артыкуле «Перабудова адукацыі: прапановы ад Івана Шамякіна». Па памеры не такая і аб’ёмная, як, дарэчы, і іншыя, што і апраўдана. Няма патрэбы «расстекаться мыслию по древу» («Слова па паход Ігаравы»), калі Іван Пятровіч у сваіх развагах канкрэтны. Ды не эмоцыямі карыстаецца, а ідзе ад самога жыцця, ад тых працэсаў, што назіраліся ў той час у народнай адукацыі. Яны, на жаль, не заўсёды адпавядалі задачам дня. Наколькі аргументавана ён падышоў да гэтага пытання, відаць, па тым, што праблемы вылучыў у асобныя раздзелы: «Школа», «Прафадукацыя», «Вышэйшая школа», «Мова. Культура». 

У апошнім з іх завастрае ўвагу на пытанні, якое па сёння выклікае нямала дыскусій. У Івана Пятровіча наконт гэтага было сваё меркаванне. Ён прытрымліваўся рэалій, што здаўна склаліся на Беларусі, дзе ў згодзе і суседстве пражываюць два братнія народы: 

«1. Двухмоўнасць — аснова навучання на ўсіх узроўнях і развіцця культуры. Але пры гэтым трэба строга захоўваць раўнапраўнасць рускай і беларускай моў — як у навучанні, так і ў штодзённым ужытку. 2. Беларуская мова павінна быць, побач з рускай, абавязковай для навучання з першага па дзясяты —  адзінаццаты клас. Пытанне аб вызваленні кагось ад вывучэння мовы не павінна нават узнікаць, як не ўзнікае пытанне аб вызваленні ад рускай, англійскай ці французскай моў <...>» 

Канешне, публікацыі, прадстаўленыя ў кнізе, найперш прыцягваюць увагу сваім зместам, аднак у значнасці яго яшчэ больш упэўніваешся пасля прачытання. Шмат значыць і ўдалы загаловак. Хіба не могуць не выклікаць цікавасць такія, як «Аб чым літаратар Юрый Якаўлеў пісаў Пятру Машэраву?», «Што хвалявала Анатоля Вялюгіна і аб чым ён пісаў у ЦК?», «Аляксей Карпюк: замест крытыкі — расправа...», «„Выкіньце раман Адамовіча...“, альбо Лёс аднаго перавыдання» і іншыя. У некаторых з гэтых матэрыялаў (і не толькі ў іх) ёсць і тое, што ў чымсьці як бы мяняе «хрэстаматыйнае» аблічча асобных літаратараў. Ды ад такой праўды таксама нікуды не дзенешся. 

Кніга «Рашэнні прымае ЦК...» адкрываецца такімі словамі: «Некаторыя дакументы з Нацыянальнага архіва Беларусі часам падаюцца выключна сухімі справаздачамі, а між іншым у іх змесце ў самай поўнай меры выяўляецца стан беларускай культуры, айчыннай мастацкай літаратуры. Няхай гэтыя дакументы і дазваляюць убачыць толькі фрагментарны зрэз тых ці іншых рашэнняў, а следам і працэсаў, але ў гэтым — і грунт, і факты, і высновы, і сам характар прынятых пастаноў ці нават толькі меркаванняў, ацэнак, здольных паўплываць на развіццё літаратуры». У правільнасці, значнасці сказанага яшчэ больш упэўніваешся пасля прачытання кнігі. 

А той, хто не быў знаёмы з папярэдняй — «Звяртаюся ў ЦК...», несумненна, хутчэй за ўсё захоча пазнаёміцца і з ёй. 

Праблематыка ў іх у асноўным розная. У першай увага засяроджваецца ў зваротах у Цэнтральны камітэт КПБ, у другой — на прынятых (часам і непрынятых) рашэннях. Аднак ёсць і тое, што іх лучыць: гэта магчымасць вярнуцца на некалькі гадоў назад, у тую эпоху, што ўжо ўвайшла ў гісторыю як савецкая. Атрымаўшы ўяўленне аб тым, што адбывалася тады ў галіне развіцця літаратуры і мастацтва, узнікне жаданне вярнуцца ў дзень сённяшні. Не для таго, каб у параўнаннях гэтых аддаць перавагу першаму ці другому. А каб упэўніцца, што, як і ўвогуле жыццё, так і пэўныя перыяды з яго нельга ўспрымаць адназначна. Нішто не стаіць на месцы. З’яўленне кніг Алеся Карлюкевіча і Вячаслава Селяменева застаецца толькі вітаць. Яны сталі той даследчыцкай дылогіяй (а жанр іх трэба ўспрымаць менавіта так), якая будзе запатрабавана тымі, хто не толькі любіць мастацкую літаратуру, але і хоча болей ведаць, у якіх умовах яна развівалася. Хацелася б, каб яна спатрэбілася і тым, хто згаданымі праблемамі займаецца прафесійна. 

Язэп ЛІТВІНОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю