Top.Mail.Ru

Што хаваецца за легендай?

Аўтар: Лізавета Крупянькова
16.12.2025 | 12:02
Іранічны дэтэктыў з фантастычнымі матывамі

Навукова-тэхналагічны прагрэс ахапіў многія сферы жыцця, пазбавіўшы чалавека, здаецца, амаль усіх таямніц. Аднак нягледзячы на панаванне формул і алгарытмаў у маленькіх вёсках і нават у мегаполісах працягваюць жыць і перадавацца з пакалення ў пакаленне легенды пра таямнічыя скарбы і іх грозных вартаўнікоў, зачараваныя лясы і духаў, якія ахоўваюць край ад нечаканых гасцей. Менавіта адно з такіх паданняў лягло ў аснову дэтэктыўнага рамана Ганны Альхоўскай, дзе старажытнае зло пасля векавога сну зноў паўстала супраць чалавека.

Кніга з інтрыгоўнай назвай і не менш інтрыгоўнай вокладкай «Тайна змеевага лесу» выйшла сёлета ў Выдавецкім доме «Звязда». На першы погляд здаецца, што перад намі фэнтэзійны раман, галоўныя героі якога павінны змагацца з рознымі пачварамі дзеля аднаўлення міру і гармоніі. Аднак персанажы і месца дзеяння ў выданні самыя звычайныя — дружная сям’я Ярцавых (з якімі чытач мог пазнаёміцца ў першай кнізе серыі «Давай не ажэнімся!») і маленькая вёсачка Нізоўка, што размясцілася ў 40 кіламетрах ад Масквы. Вось толькі гэтая звычайнасць аказваецца вельмі падманлівай. За цішынёй і спакоем Нізоўкі хаваюцца старажытныя таямніцы, якія пачынаюць праяўляцца праз дзіўныя падзеі: знікненні людзей, жудасныя прывіды, невытлумачальныя супадзенні. Сям’я Ярцавых (у прыватнасці Варвара з братам Алегам), апынуўшыся ў эпіцэнтры падзей, вымушана шукаць адказы, якія злучаюць сучаснасць з даўнімі легендамі.

Раман можна аднесці да жанру іранічнага дэтэктыва — напружаная містычна-дэтэктыўная лінія гарманічна перплятаецца з тонкім гумарам, які значна зніжае градус падзей і надае твору атмасферу лёгкасці. Замест цяжкага напружання, якое часта суправаджае падобныя сюжэты, чытач атрымлівае магчымасць усміхнуцца і ўбачыць камічныя адценні нават у самых драматычных сітуацыях. Такім падыходам пісьменніца вельмі нагадвае сваю расійскую калегу, з-за чаго і праславілася сярод аматараў дэтэктыўных гісторый як беларуская Дар’я Данцова. І сапраўды, твор нельга аднесці да сур’ёзнай літаратуры, аднак ён стане добрым сябрам ціхім зімовым вечарам, калі хочацца адпачыць у кампаніі цікавай кнігі і харызматычных персанажаў.

Героі Ганны Альхоўскай прыцягваюць увагу чытача сваёй яркай індывідуальнасцю і натуральнай шчырасцю. Варвара Ярцава — псіхолаг-пачатковец, кар’ерыстка і вельмі амбіцыйная жанчына, якая імкнецца да самарэалізацыі і, адначасова, марыць пра ціхае сямейнае шчасце. Пісьменніца стараецца зрабіць гераіню блізкай чытачам, бо нягледзячы на папулярнасць аўтара як сярод моладзі, так і сярод больш сталага пакалення, яе асноўнай аўдыторыяй з’яўляюцца жанчыны ва ўзросце 35–55 гадоў. Таму галоўная гераіня ўвасабляе тыповыя рысы, характэрныя для гэтага жыццёвага перыяду. 

Варвара — не ідэалізаваны вобраз, а жывая жанчына са сваімі страхамі, марамі, жаданнямі. Яна не можа пахваліцца мадэльнай знешнасцю і неверагоднымі поспехамі на любоўнай ніве, што, быццам, павінна набліжаць яе да сярэднестатыстычных чытачак. Аднак шкада, што гэты абагульнены шчыры вобраз часам трансліруе ідэі, якія даўно страцілі актуальнасць у сучасным грамадстве. Аўтар супрацьпастаўляе разумную, але няяркую галоўную гераіню жанчынам, якія не прынялі сваю натуральную знешнасць і выбралі шлях пластычнай хірургіі. Пісьменніца крытыкуе іх выбар, а не жорсткія правілы індустрыі прыгажосці, якія з маленства прывіваюць дзяўчынкам няўпэўненасць у сабе. Такі падыход выклікае дыскусію, бо ў аснове крытыкі ляжыць не сістэма, якая фарміруе стандарты прыгажосці, а самі жанчыны, што паддаліся яе ўплыву. Сёння ўсё часцей гучыць думка, што знешнасць і асабісты выбар чалавека не характарызуе яго як асобу, таму ў больш маладога пакалення чытачоў падобны погляд можа выклікаць адчужэнне.

Сям’я галоўнай гераіні прываблівае сваёй цеплынёй і пяшчотай. Нягледзячы на няўдачы ў розных жыццёвых абставінах, Варвары Ярцавай пашчасціла з даверлівымі і шчырымі ўзаемаадносінамі з братам і бацькамі. Ганна Альхоўская паказвае ідэальную мадэль сям’і, дзе кожны з’яўляецца важнай часткай аднаго цэлага, імкнецца падтрымаць бліжняга і дапамагчы ў складанай сітуацыі.

Нягледзячы на тое, што гэта другая кніга серыі, у чытача не ўзнікне неразумення — кожную кнігу можна чытаць як асобную частку вялікай гісторыі, бо сюжэты завершаныя і самадастатковыя. Аднак усе творы пісьменніца заканчвае на інтрыгоўнай ноце, таму нельга стрымацца і не ўзяць у рукі наступную кнігу. «Тайна змеевага лесу» не стала выключэннем, спадзяемся, што Выдавецкі дом «Звязда» хутка выпусціць працяг дэтэктыўнай гісторыі аб Варвары Ярцавай.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю