Лёс у кантэксце часу
Арганізатарамі і партнёрамі фестывалю ў гэтым годзе выступілі Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаўудзельніц СНД, Еўразійскі цэнтр культурных ініцыятыў, прадзюсарскі цэнтр «Трэці Рым»,
Беларускі саюз журналістаў, Міністэрства культуры Расіі, Міністэрствы культуры і інфармацыі Рэспублікі Беларусь, адміністрацыя Смаленскай вобласці і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Стартаваў кінафорум у Смаленску паказам стужкі расійскага рэжысёра Уладзіміра Сумашэдава «Вораг нумар тры». Фільм пра мастака і майстра фотамантажу Аляксандра Жытомірскага не толькі знаёміць гледача з гісторыяй адважнага чалавека, які ў часы Вялікай Айчыннай вайны спрабуе з дапамогай мастацтва пераканаць ворага спыніць бойню, але і дае магчымасць гледачу паразважаць пра тое, як у любой барацьбе зберагчы сябе і свой талент. У выніку менавіта гэтую кінаработу журы прызнала лепшай і прысудзіла ёй Гран-пры. Сам рэжысёр адзначыў на ўручэнні ўзнагароды: «Гэта фільм пра тое, як з дапамогай прыгажосці, мастацтва ў самыя цёмныя часы адшукаць святло і зберагчы ў сабе чалавека. Ён пра тое, што мастацтва можа выратоўваць людскія жыцці, і пра чалавека, які з дапамогай свайго фотамантажу захаваў і адстаяў гонар Радзімы».
Кіно пра сённяшні дзень?
Традыцыйна кінафорум даў гледачам магчымасць паглядзець фільмы і абмеркаваць самыя розныя тэмы і бачанне іх кінатворцамі сучаснасці. Спецыяльных прызоў сёлета ўдастоены такія кінаработы, як «Соль зямлі рускай» Аляксандра Матросава (прыз Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі), «Ваенкары» Аляксандра Прахарэнкава (прыз Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь). А вось прыз глядацкіх сімпатый дастаўся фільму «Чэлендж: вярбоўка» Аляксандра Кулікова.
Аднак, як заўважыў старшыня журы, дэкан Вышэйшай школы (факультэта) тэлебачання МДУ імя М. В. Ламаносава Віталій Траццякоў, калі на першых фестывалях пры адборы не хапала моцных фільмаў, то цяпер іх узровень вырас, кіно стала якасным і глыбокім. Але разам з тым назіраецца дэфіцыт мастацкага дакументальнага кіно, і журы хочацца бачыць больш цікавых асоб і герояў, а таксама актуальных праблем, якія адлюстроўвалі б сённяшні дзень, такіх як, напрыклад, дэмаграфія, масавая культура і іншыя, бо яны абмяркоўваюцца ў грамадстве, але не даследуюцца дакументалістамі.
Мінскія гледачы за два дні кінафоруму змаглі паўдзельнічаць у шэрагу творчых сустрэч, круглых сталоў. Так, у экспертным коле абмяркоўвалі «Гарызонты новага свету» і «80-годдзе заканчэння Другой сусветнай вайны», у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў прэзентавалі мультымедыйны праект «RUсторыя». А галоўнае, была магчымасць выбраць для прагляду ўпадабаныя фільмы. У некаторых з іх рэжысёры прэзентавалі не толькі аўтарскае бачанне выбранай тэмы, але і аналізавалі чалавека, яго прыроду ў самых розных кантэкстах. Напрыклад, кінастужка «Сярод сваіх» Марыны Труш і Уладзіміра Самародава знаёміць з гісторыяй мастака Наўруза
Ахмедава, які вяртаецца на радзіму праз 30 гадоў. Пасля распаду Савецкага Саюза інтэрнацыянальнай сям’і давялося пакінуць Таджыкістан і пабудаваць наноў жыццё ў Расіі.
Што дапамагло ім адаптавацца і выстаяць у той няпросты перыяд,каму і за што кожны з герояў удзячны праз дзесяцігоддзі, а галоўнае:
ці можа ў чалавека быць дзве радзімы — пытанні, якія падчас прагляду паўстаюць перад гледачом, але адказ кожны можа сфармуляваць толькі сам для сябе. Адзінае, што разумееш дакладна: жыццё фарміруецца ў выніку перапляцення твайго лёсу з жыццёвымі гісторыямі іншых. Фільм, дарэчы, журы адзначыла дыпломам «За шматпланавасць гістарычнага ўспрымання».
Баланс паміж аўтарскім і грамадскім
Фестываль «Еўразія.DOC» некамерцыйны, а значыць, трапіць на яго паказы могуць усе жадаючыя. Аднак ёсць адзін момант: калі туды прыходзіць шмат школьнікаў, то, на жаль, не кожны з маладых людзей зацікаўлены ў тым, каб засяроджвацца на гісторыі, аналізаваць жыццё і герояў у адлюстраванай на экране гісторыі. І тут нават не ведаеш, у чым праблема: ці фільм ім не цікавы, ці проста паказваюць яго ў неспрыяльны час?
Дарэчы, калі казаць пра маладых, то тыя, хто спрабуе свае сілы ў дакументальным кіно, на фестывалі маюць магчымасць паказаць сябе ў рамках маладзёжнага конкурсу «Еўразія.DOC: 4 хвіліны». Там тройку лепшых у гэтым годзе склалі: творчая група Алены Такій і Сяргея Назаранкава з кінастужкай «Восемдзесят» (Расія), Аліна Бабарыкава з кінаработай «Вярнуцца да цябе» (Беларусь) і творчая група з Кітая Хао Цюнь, Чжан Хайянь, Сюй Цзян Юэ з фільмам «Добрасардэчныя захавальнікі цукровага мастацтва». Акрамя гэтага спецыяльным прызам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у прасоўванне традыцыйных каштоўнасцей» адзначылі такія фільмы, як «Жыццё на далоньцы» Ксеніі Грузінавай, «Іван Купала: покліч продкаў» Паўла Мешкуця.
— Фестываль «Еўразія.DOC» цесна звязаны з рэальным жыццём. Ён пра жыццё і пра нас у ім. Што не выключае лірычнасці, сузірання, часам і нейкіх адхіленняў у работах удзельнікаў. Пры гэтым заўсёды ў праграме фестывалю прысутнічае баланс паміж асабістым і грамадска значным, камерным і маштабным, актуальным сучасным і актуальным гістарычным. І нельга не адзначыць выбудаваны ў праекце баланс паміж дакументальным тэлевізійным кіно і аўтарскім, — сказаў у інтэрв’ю дырэктар ІХ Фестывалю дакументальнага кіно краін СНД «Еўразія.DOC» Валерый Шахаўцоў. — Самае галоўнае, што наш праект сфарміраваўся ў сваёй самабытнасці і стаў часткай аб’ектыўнай рэальнасці. Культурнай, грамадскай, творчай.
Раздзяляе гэты пасыл і старшыня Беларускага саюза журналістаў, выканаўчы прадзюсар фестывалю Андрэй Крывашэеў, які акцэнтаваў увагу на тым, што «Еўразія.DOC» — не толькі конкурсная пляцоўка для кінадакументалістаў, але і прастора для абмеркавання такога кіно: «Я вельмі ўдзячны стваральнікам фільмаў, аўтарам і ўсім, хто наведваў нашы мерапрыемствы. Мы шчыра абмяркоўвалі самыя сур’ёзныя тэмы. Спадзяюся, што і на наступным фестывалі зможам убачыць яшчэ больш фільмаў, цікавых тэм і герояў».
Алена ДРАПКО
Фота з сайта eurasia.film