Напісаная па ўсіх законах прыгодніцкай літаратуры, аповесць расказвае пра двух хлопчыкаў — Гавара і Кундоса, якія часта спрачаюцца і нават часам сварацца, але па вялікім рахунку ўсё ж такі шануюць свае адносіны, сваю дружбу. Падзеі адбываюцца ў чароўнай краіне Сідус. Веліканы, эльфы і чарадзеі жывуць побач са звычайнымі людзьмі. У падарожжа хлопчыкі выпраўляюцца з-за банальнай, на першы погляд, прычыны: у хаце Кундоса працякае дах, гаспадару патрэбныя грошы для яго рамонту. Якім можа быць выйсце? Кундос вырашае адправіцца ў падарожжа і выйграць бітву з веліканамі... Хлопец гаворыць свайму сябру Гавару: «Пакуль ты тут ляжыш і грэеш бакі, я вырашыў крыху падзарабіць. Справа няхітрая, а плацяць добра. Іду змагацца з веліканамі! Мне патрэбныя залатыя манеты.
Хутка зіма, а ў маёй хаце цячэ дах. Так што, давай меч, а калі шкада, то так і скажы».
Усё адбываецца па законах жыцця: хлапчукі спрачаюцца, злуюцца, у кожнага свая ісціна. Але ў выніку выпраўляюцца ў паход разам. Аўтар пераканаўча выбудоўвае сэнсы ў паводзінах галоўных герояў, паказвае іх рэльефна, вобразна. Раскрывае характары і праз учынкі, і праз асобныя фразы, дыялогі... Вось як складваецца размова персанажаў: «...У сэрцы выказаўшы сябру ўсё, што пра яго думае, Гавар супакоіўся. З сумным выглядам ён агледзеў родныя мясціны, быццам спрабаваў максімальна ўвабраць у сябе ўсю іх прыгажосць і велічнасць.
— Добра, прабач. Ну навошта гэтая бітва? Веліканы ніколі нам не пагражалі, а зараз і ўвогуле болей не жывуць у Сідусе.
— Гэта так, — пагадзіўся Кундос. — Але сёння на базары я пачуў размову двух гандляроў, якія сцвярджалі, што за кожную бітву з веліканам даюць мех золата. А мне б ён вельмі спатрэбіўся, — у запале дадаў ён. — І якая мне розніца, што такога адбылося з імі і чаму патрэбна змагацца.
— Вельмі цябе разумею. Калі плацяць золатам, то навошта ўнікаць у падрабязнасці, — іранічна сказаў Гавар, але адразу ўзяў сябе ў рукі і міралюбна запытаўся: — А дзе ты збіраешся шукаць веліканаў, каб з імі пазмагацца? І хто абяцае ўзнагароду?..»
Выбудоўваючы інтрыгу аповеду, Наталія Андрасюк паступова ўкладвае ў паводзіны герояў, у агульную мастацкую канструкцыю твора маральныя, духоўныя пытанні. І памочнікам, сур’ёзнай мастацкай асновай для пісьменніка выступае крытычнае асэнсаванне такога жанру літаратуры, як фэнтэзі. Разнавіднасць фантастыкі, спалучанай з адлюстраваннем уяўлення, фантазіі, ілюзорным адбіткам гульні, капрызу; здольнасць ствараць ва ўяўленні вобразы рэальных рэчаў — усё гэта праглядваецца ў аповесці. Але ёсць у творы і іншае, што паказвае, сцвярджае: Наталія Андрасюк ідзе сваім уласным, арыгінальным творчым шляхам, не аказваецца заложнікам «Уладара пярсцёнкаў» Джона Рональда Руэла Толкіна ці «Хронік Нарніі» Клайва Стэйплза Льюіса. Пісьменніца паступова фарміруе духоўныя, маральныя перакананні сваіх галоўных герояў.
І ўжо сарказм, іронія Гавара, павярхоўнасць мыслення Кундоса адыходзяць убок. Іх месца займаюць перажыванні, спачуванне, добрыя адносіны адзін да аднаго, ідзе працэс фарміравання сапраўдных жыццёвых каштоўнасцей.
І ў гэтым рэйтынгу золата, залатыя манеты, як высвятляецца, не самае галоўнае…
Кніга «Незвычайныя прыгоды...» пачынаецца з такога кароткага эпіграфа: «Ніколі не прыніжайце сілу добрай гісторыі...» Як з гэтым не пагадзіцца?! Таму і хочацца параіць прачытаць аповесць дарослым — бацькам, педагогам, бібліятэкарам — усім тым, з чыім удзелам фарміруецца прастора чытацкіх зацікаўленняў хлопчыкаў і дзяўчынак.
А Наталіі Андрасюк хочацца пажадаць паспяховай працы над працягам «Незвычайных прыгод Гавара і Кундоса...»! І яшчэ некалькі слоў... У кнігі выдатны мастак — Яна Дамброўская.
Яе графічныя рашэнні па прачытанні тэксту, фарміраванні вобразаў галоўных герояў, іншых персанажаў аповеду ўражваюць, ствараюць добры эмацыянальны фон.
Раман СЭРВАЧ