Top.Mail.Ru

Што чакаць ад кінафоруму ў Брэсце

Аўтар: Алена Драпко
24.09.2025 | 14:00
Код сучаснага беларускага кіно

З 25 да 29 верасня ў горад над Бугам зноў завітаюць удзельнікі і госці ІХ Рэспубліканскага фестывалю беларускіх фільмаў. Ацаніць стан сучаснага беларускага кіно і ўбачыць яго ў шырокай жанравай і тэматычнай палітры дазволіць насычаная праграма кінафоруму. У яе сёлета трапілі каля 60 фільмаў. 

— Радасна, што Рэспубліканскі фестываль беларускіх фільмаў адноўлены пасля дастаткова працяглага перапынку. Адноўлены ён па ініцыятыве кінематаграфічнай супольнасці. І гэта сведчыць пра тое, што колькасць фільмаў, якія робяцца ў Беларусі, расце. Прычым іх ствараюць не толькі дзяржаўныя кінавытворчыя арганізацыі, але і тэлеканалы, прыватныя кінакампаніі. Значыць, ёсць што глядзець, абмяркоўваць, а таксама каму і з кім спаборнічаць, — адзначыла начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга. — У параўнанні з фестывалямі папярэдніх гадоў, сёлетні праходзіць у абноўленым фармаце: калі раней быў агульны спіс кінастужак, то цяпер у нас конкурсныя праграмы і для кожнай сваё журы. А дамінантамі маштабнага кінафоруму гэтага года стануць фільмы і мерапрыемствы, прысвечаныя 80-годдзю Перамогі і тэматыцы духоўнасці і маральнасці. Важна, што на наш кінематограф паглядзяць збоку прафесіяналы высокага класа. І іх ацэнкі важныя для развіцця беларускага кіно. Мы зможам убачыць свае моцныя і, можа, недзе слабыя бакі. Але ў любым выпадку гэта будзе аб’ектыўная карціна, як для стваральнікаў кіно, так і для ўсіх нас. 

  • Адабраныя са 100 заявак кінастужкі гледачы ўбачаць у пяці конкурсных праграмах: гульнявых, негульнявых, тэлевізійных фільмаў (праграм), анімацыйнага, студэнцкага кіно. Удзельнічаюць сёлета кінаработы, якія ўбачылі свет у 2020–2025 гадах. Важна, што ацэньваць кожную катэгорыю будуць не толькі беларускія кінамайстры, але і творцы з Расіі і Казахстана. Галоўнымі крытэрыямі адбору сталі актуальнасць і арыгінальнасць тэмы і сюжэта, пераканаўчасць і лагічнасць іх раскрыцця ў сцэнарыі і ў дыялогах герояў, а таксама ўвасабленне ў фільме традыцыйных каштоўнасцей, узровень май-стэрства і наватарства ў рабоце здымачнай групы, акцёрскае майстэрства і псіхалагічная адпаведнасць выканаўцаў галоўных роляў і персанажаў другога плана. 

— Будзем паказваць фільмы з іншых кінафорумаў. Напрыклад, сумесна з праваслаўнай царквой ладзім такі паказ. Вялікі акцэнт робім на студэнцкае кіно. Сімвалічна, што фестываль адкрыецца фільмам «Класная» выпускніка Акадэміі мастацтваў Кірыла Халецкага, — распавёў старшыня праўлення Беларускага саюза кінематаграфістаў, старшыня фестывалю Яўген Арэндарэвіч. 

Арганізатары рыхтуюць і багатую пазаконкурсную праграму. У яе мерапрыемствах знойдзецца месца рэтраспектыве, юбілеям выдатных кінамайстроў, лекцыям, майстар-класам, шэрагу сустрэч з акцёрамі і рэжысёрамі і інш. Напрыклад, у Брэсцкай вобласці пройдуць круглы стол і прэзентацыя кнігі «Глядзі і помні», у якой расказваецца пра ўсе беларускія фільмы пра вайну. Паводле слоў намесніка генеральнага дырэктара Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Аляксандра Госцева, спецыяльныя выстаўкі дазволяць гасцям фестывалю трапіць, лічыце, у закуліссе стварэння такіх кінастужак, як «Пераломны момант» Дзмітрыя Сарокі і «Бацька Мінай. Партызанская легенда» Ігара Угольнікава, якія цяпер знаходзяцца на стадыі вытворчасці. Лакацыямі для сустрэч кінааматараў на працягу фестывалю стануць як кінатэатры «Мір» і «Беларусь», так і некаторыя творчыя навучальныя ўстановы горада. Не прапусціце магчымасць трапіць у свет беларускага кіно!

Алена ДРАПКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю