Згодна з выбраным творчым метадам і ўласнай манерай адлюстравання жыцця, кожны мастак выяўляў мір — беларускую зямлю неўзабаве пасля заканчэння вайны па-свойму. Вядома, камусьці быў блізкі паказ працэсу ўрбанізацыі, а хтосьці звяртаўся да пейзажа, адны мастакі імкнуліся на першы план паставіць калектыў — народ, іншыя ж схіляліся да выяўлення характару чалавека, да засяроджання на ролі асобы. Аднак кожны так ці інакш занатоўваў свае ўяўленні аб прыгажосці і справядлівасці і, самае галоўнае, аб значэнні барацьбы за шчаслівае жыццё. Многія тагачасныя жывапісцы паступова адыходзілі ад драматызму і напружанасці ў сюжэтах, ад змрочнасці і палымянасці фарбаў, ад дынамічнасці кампазіцыі. Гармонія і спакой ва ўсіх праявах — усё гэта яны стараліся прыўнесці рознымі шляхамі ў свае палотны. Аднак зварот да маштабнасці часта захоўваўся — задумы патрабавалі адпаведных памераў карціны. А як іначай перадаць перажыты боль і радасць жыцця, якая асвятляе ўсё навокал?

Мікалай Залозны «Вызваленая зямля», 1965 г.
Канцэпцыя выстаўкі «На вызваленай зямлі» магла прадугледжваць уключэнне самых розных твораў — ад лірычных пейзажаў да тэматычных палотнаў — прысвячэнняў значным падзеям у жыцці савецкіх рэспублік. Гэтага, зразумела, хапае ў фондах Беларускага саюза мастакоў, аднак стваральнікі экспазіцыі вырашылі спыніцца на творах, якія аб’ядноўваюць матывы асцярожнага шчасця і цішыні.
Пра тое, як пераасэнсоўваюцца падзеі блізкага і далёкага мінулага і самімі мастакамі, і іх героямі, расказваюць палотны «Вызваленая зямля» (1965) Мікалая Залознага, «Першая вясна» (1980) Сяргея Цуканава, «Страдная пара ў саўгасе „Сітцы“» (1976) Натана Воранава, «Кавалі» (1972) Барыса Аракчэева... Асаблівай глыбінёй думкі вызначаюцца «Сейбіты» (1981) Гаўрыіла Вашчанкі, а характэрная для яго творчасці стрыманасць (каларыстычная і кампазіцыйная) захапляе.

Фрагмент экспазіцыі.
Пераадоленню трагедыі, гучнаму рэху вайны прысвечаны работы Яўгена Зайцава («Памяці загінулых», 1985–1987), Уладзіміра Міхайлоўскага («Набат Хатыні», 1977), Акіма Шаўчэнкі («У гераічным мінулым», 1975–1976) ды іншых. Побач — згадкі пра свята: «Мінск. Дзень Перамогі» (1985) Станіслава Гарачова і «Дзень Перамогі. Легенда» (1990) Аляксандра Кішчанкі.

Мікалай Назаранка «Рабінавая пара», 1988 г.
Значную частку экспазіцыі «На вызваленай зямлі» склалі пейзажы, дзе асаблівую важнасць набывае пабудова прасторы... Большасць прапанаваных работ характарызуецца статыкай — прырода на палотнах «Азёрны край» (1976) Вячаслава Кубарава, «Супакаенне» (1982) Паўла Масленікава, «Восень» (1980) Алега Даўгялы, «Вясна» (1968) Уладзіміра Гардзеенкі і асабліва «Стажок. Сенакосная пара» (1977) Антона Бархаткова амаль нерухомая. У рамках канцэпцыі выстаўкі гэта счытваецца не іначай як дэманстрацыя жадання чалавека не спудзіць цішыню і ўсё тое ж асцярожнае шчасце.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота аўтара