Top.Mail.Ru

Шматгранны вобраз жанчыны ў беларускім жывапісе

16.07.2025 | 08:41
Жанчына. Вобраз. Эпоха.

Маштабны праект «Вечная жаноцкасць», які імкнецца адлюстраваць ролю жанчыны ў жыцці грамадства, працуе ў галерэі «Арт-Беларусь». Праз прызму беларускага мастацтва арганізатары даследуюць шырокае паняцце «жаноцкасць» і спрабуюць дайсці да вытокаў гэтай моцнай сілы. 

Да тэмы жаноцкасці, месца і ролі жанчыны ў свеце звярталіся мастакі і пісьменнікі розных эпох. Пад знакам «Вечная жаноцкасць» створаны цэлы пласт твораў, якія складаюць значную частку агульнай культурнай спадчыны. Жаночыя вобразы часта былі вызначальнымі ў творчасці многіх мастакоў: ад Вілендорфскай Венеры да «Нараджэння Венеры» Сандра Бацічэлі, ад іканапісных абразаў Божай маці да жаночых вобразаў Амедэа Мадыльяні. Постаць жанчыны-маці, дачкі, сяброўкі, гераіні чырвонай ніткай праходзіць праз сусветную гісторыю мастацтва, захоўваючы актуальнасць і ў ХХІ стагоддзі. 

На працягу ўсяго існавання чалавецтва вобраз жанчыны нёс у сабе таямнічае спалучэнне прыроднай сілы і боскага пачатку. Спрадвеку жанчына была сімвалам роду — стваральніцай усяго жывога. Стыхіяй, якая адначасова і палохала, і зачароўвала. З развіццём навукова-тэхнічнага прагрэсу, пашырэннем жаночай эмансіпацыі па ўсім свеце роля жанчыны набыла новыя сацыяльныя грані, для якіх больш няма меж.

На выстаўцы «Вечная жаноцкасць» прадстаўлена звыш 70 твораў, сярод якіх можна ўбачыць работы Юдэля Пэна, Марка Шагала, Леаніда Шчамялёва, Мікалая Залознага, Аляксандра Кішчанкі, Уладзіміра Стэльмашонка, Зоі Літвінавай і іншых. Маштабы праекта ўражваюць — у адной выставачнай прасторы сабраны карціны вядучых майстроў беларускай мастацкай традыцыі. Радуе і разнастайнасць прадстаўленых жанраў: партрэт, міфалагічныя сюжэты з легендаў і паданняў, бытавыя сцэны і гістарычныя замалёўкі. Партрэт прадстаўлены ў большай ступені, паколькі праз персаналіі можна перадаць не толькі характар канкрэтнай асобы, але і атмасферу ўсёй эпохі. У цэнтры экспазіцыі размясціўся партрэтны жывапіс Юдэля Пэна і яго знакамітага вучня Марка Шагала з фондаў Мастацкага музея горада Віцебска.

Жанчыны, якія трапілі на палотны беларускіх мастакоў, — прадстаўніцы розных прафесій, сацыяльных пластоў і нават эпох. Тут можна ўбачыць рамантычнае ўвасабленне жанчын ХVIII стагоддзя, міфалагічныя вобразы багінь, ахутаных атмасферай таямніцы, вядомых гістарычных асоб і простых жанчын, якія плячо да пляча будавалі светлую будучыню краіны. Шэраг работ прысвечаны савецкаму перыяду, калі прызнанне ролі жанчын у грамадстве набыло небывалы дагэтуль маштаб. Для іх адкрыліся зачыненыя стагоддзямі дзверы, і яны нарэшце змаглі праявіць сябе як руплівыя працаўніцы і актыўныя грамадзянкі. Гэтаму перыяду свае работы прысвяцілі такія вядомыя мастакі, як Фёдар Бараноўскі («На будоўлі», 1972), Уладзімір Сахненка («Партрэт калгасніцы», 1971), Міхаіл Сяўрук («Збор ураджаю»), Хаім Ліўшыц («Калгасніцы»), Канстанцін Касмачоў («На калгаснай працы», 1950) і іншыя. 

Здзіўляе і разнастайнасць стылістычных кірункаў, што сведчыць пра актуальнасць тэмы ў розныя часы і нязгасную зацікаўленасць мастакоў. У экспазіцыі дэманструюцца работы, выкананыя як у традыцыйных кірунках: рэалізм, рамантызм, сентыменталізм, так і ў больш эмацыянальных экспрэсіянізме, постімпрэсіянізме, сюррэалізме і іншых. 
Праект можна наведаць да 24 жніўня. 

Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Рыгор Глюкман «Аголеная, якая сядзіць», 1928 г.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю