Да 1 лістапада ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» можна наведаць маштабную выстаўку «Паміж мінулым і будучым: грані адзінства», прымеркаваную да 50-годдзя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Праект знаёміць з багатай гісторыяй установы і дэманструе сучасныя тэндэнцыі ў беларускім мастацтве.
У экспазіцыі прадстаўлены работы як студэнтаў, так і педагогаў БДУКМ. Менавіта праз творчы дыялог розных пакаленняў праект расказвае пра багатую і шматгранную гісторыю ўніверсітэта: выкладчыкі заклалі традыцыі, на якіх грунтуецца сучаснае беларускае мастацтва, а студэнты прыўносяць дух эксперыментатарства ў класічныя формы творчасці.
Асноўная мэта выстаўкі — адлюстраваць пераемнасць пакаленняў, а таксама высокі ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі людзей, якія ў будучым прадставяць айчыннае мастацтва ў Беларусі і за яе межамі.
Сярод прафесійных аўтараў — такія вопытныя майстры, як Уладзімір Рынкевіч, Тамара Васюк, Ала Непачаловіч і Рыгор Шавура. Іх работы з’яўляюцца неад’емнай часткай спадчыны Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў і заслугоўваюць асаблівай увагі. Педагагічная і мастацкая дзейнасць гэтых вядомых творцаў стала фундаментам для фарміравання прафесійных кампетэнцый новага пакалення.
Адкрываюць выстаўку акварэльныя работы Уладзіміра Рынкевіча. Вялікае значэнне мастак надаваў спецыфічным уласцівасцям акварэлі, якая адкрывае для творцы яшчэ нерэалізаваныя магчымасці. Дзякуючы яе лёгкасці і шматслойнасці аўтар запрашае гледача паглыбіцца ў фантастычную гульню адценняў і паназіраць за дынамікай непаўторных формаў і фактур. У экспазіцыі дэманструюцца пейзажы і нацюрморты Уладзіміра Рынкевіча. Таксама тут можна ўбачыць рэлігійную серыю («Хрыстос Спас», «Найсвяцейшая Тройца, памілуй нас», «Малі Бога за нас, Свяціцель Мікалай» і інш.).
У асобнай зале размясціліся работы Алы Непачаловіч, выкананыя ў тэхніцы мастацкага тэкстылю. Простыя формы і арнаментальны ўзор ствараюць вобразы, у якіх прасочваецца нацыянальны стыль. Работы Алы Непачаловіч характарызуюцца сінтэзам традыцыйных матываў і арыгінальнай стылістычнай апрацоўкі. Дапаўняюць яркую мастацкую прастору лаканічныя, але глыбокія творы Тамары Васюк. Большасць скульптурных кампазіцый аўтара прысвечаны гісторыі беларускага краю і нацыянальнай культуры («Альбуцінкі» (2012), «Барбара» (2004), «Сіротка» (2001), «Музыкі» (2022–2024) і інш.).
Дынаміку і перспектывы развіцця беларускага мастацтва ярка адлюстроўваюць работы студэнтаў БДУКМ. У іх творчых пошуках традыцыйнае майстэрства набывае сучаснае гучанне, дзе ў ткацтве пераасэнсоўваюцца нацыянальныя арнаменты, а ў кераміцы нараджаюцца актуальныя формы. У экспазіцыі прадстаўлены работы, створаныя ў разнастайных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — кераміка, ткацтва, саломапляценне, батык, а таксама жывапісныя і графічныя творы. Студэнты імкнуцца спалучыць мінулае і сучаснасць праз сінтэз архаічных матываў і актуальных тэндэнцый. Такі падыход дапамагае актуа-лізаваць забытыя традыцыі мінулага і надаць новыя сэнсы, блізкія сучаснаму чалавеку.
Асноўнымі тэмамі пачынаючых аўтараў сталі славянская міфалогія (Сяргей Кудзікаў «Жылі людзі, верылі ў цмока», Уладзіслаў Смелякоў «Якія сышлі са старых старонак»), класічныя творы беларускай літаратуры (Аляксандра Шлойда «Невыпадковыя людзі»), народная творчасць (Анастасія Селіханава «Святло тэатра», Дар’я Шафак «Батлейка», Вольга Лабанок «Свет продкаў»).
Кожны экспанат — гэта ўнікальнае спалучэнне народнага духу і аўтарскага пошуку, дзе праз прызму сучаснага мастацтва выступаюць вечныя каштоўнасці. Выстаўка «Паміж мінулым і будучым: грані адзінства» не толькі паказвае высокі ўзровень падрыхтоўкі студэнтаў, але і даказвае, што спадчына і будучыня ўніверсітэта знаходзяцца ў надзейных руках новага пакалення творцаў.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота аўтара