Так склалася, што рэспубліканскі конкурс юных чытальнікаў «Жывая класіка», фінал якога штогод трансліруецца на тэлеканале «СТБ» падчас правядзення Дня беларускага пісьменства, заўсёды прыцягвае ўвагу. Інакш і не магчыма — тое, як дзеці вывучаюць творы найлепшых беларускіх паэтаў, як падыходзяць да дэкламавання паэзіі і прозы і да якіх тэкстаў звяртаюцца, здольна зацікавіць настаўніка і доктара, інжынера і будаўніка, юрыста і прадаўца... Дзеці з усёй краіны чытаюць для кожнага. А іх зварот да тых ці іншых радкоў класікаў — спосаб быць пачутымі і ацэненымі, шлях да самапазнання і самавызначэння. Дапамагаюць у гэтым арганізатары конкурсу — Міністэрства інфармацыі і Міністэрства адукацыі, Саюз пісьменнікаў Беларусі і «Сталічнае тэлебачанне».
Размова з найлепшымі
Памятаем: чытанне добрых кніг — гэта размова з найвыдатнейшымі людзьмі мінулых часоў, і падчас гэтай размовы яны паведамляюць нам толькі свае найлепшыя думкі. Так і з «Жывой класікай» — дзеці не проста знаёмяцца з творамі славутых аўтараў і дэкламуюць выбранае, яны імкнуцца асэнсаваць тое, што напісана, спрабуюць — услых ці ў думках — яго абвергнуць ці пагадзіцца... Нейкі верш ці апавяданне юнага чытача нічым не кране, назаўсёды забудзецца, а іншы твор, за якім часта ідзе падрабязнае вывучэнне творчасці асобнага аўтара, можа стаць надзейным арыенцірам у жыцці. Няхай пэўныя радкі памяць не захавае, але сказанае Якубам Коласам, Янкам Маўрам, Змітраком Бядулем, Максімам Танкам, Піменам Панчанкам, Міхасём Лыньковым, Уладзімірам Караткевічам, Нілам Гілевічам ды многімі іншымі майстрамі слова, іх думкі ды ідэі застануцца ў душы назаўсёды.
Менавіта да тэкстаў вышэйназваных пісьменнікаў і паэтаў звярнуліся фіналісты сёлетняга конкурсу «Жывая класіка». Не абмінулі яны ўвагай і творы аўтараў, імёны якіх сёння згадваюцца рэдка, — Леанiда Шыпулі, Iвана Сяркова, Марыі Цімінскай... Відаць, асабліва прыемна апынуцца ў гэтым пераліку сучаснікам, напрыклад, Казіміру Камейшы, Раісе Баравіковай, творчасць якіх маладое пакаленне ўжо сёння лічыць класікай.
Падтрымка настаўніка
Так, вершы ў прачытанні школьнікаў адрасаваны ўсім і чуе іх кожны, аднак асабліва ўслухоўваюцца ў іх настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, місія якіх — фарміраванне ў дзяцей маральных каштоўнасцей і крытычнага мыслення. Чаму важна вывучаць родную мову? У чым неабходнасць размаўляць на ёй? Чаму і класікі, і сучаснікі звяртаюцца менавіта да беларускага слова? Якую ролю ў яго захаванні і развіцці маюць? Усё гэта павінен патлумачыць настаўнік падчас урока, а пасля яго і пачынаецца работа з дзецьмі, якія маюць розныя таленты, у тым ліку дэкламавання паэтычных і празаічных твораў.
Конкурс «Жывая класіка» праходзіць сярод навучэнцаў па некалькіх узроставых групах — 1— 4-я, 5 — 6-я, 7— 8-я і 9–10-я класы. Прадугледжана пяць этапаў яго правядзення: школьны, раённы, абласны і мінскі гарадскі, паўфінал і фінал. Падчас кожнага менавіта педагог рыхтуе вучня і падтрымлівае яго, у тым ліку ў выбары таго ці іншага твора. Ён пэўным чынам і накіроўвае чытальніка, разумеючы, на што будзе звяртацца ўвага слухача. А яшчэ журы спаборніцтва, куды ж без гэтага — без яго высокай ацэнкі выступіць на выдатна і трапіць у лік фіналістаў немагчыма.
Задачу не спрасціць
У конкурсе «Жывая класіка», які праходзіць з 2017 года, сёлета прынялі ўдзел больш за 10 тысяч школьнікаў. У фінале, зразумела, найлепшыя — на думку экспертаў. Сапраўды, на журы ўскладзена вялікая адказнасць. Крытэрыі ацэнкі выступлення, здаецца, зразумелыя — глыбіня пранікнення ў вобраз і сэнс твора, выбар тэксту, артыстызм выканання, і тым не менш задача для спецыялістаў з кожным годам не страчвае складанасці. Гэтым разам вырашалі яе начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Уладзімір
Андрыевіч, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі і дырэктар выдавецтва «Беларусь» Алесь Карлюкевіч, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» паэт Алесь Бадак, дырэктар дырэкцыі спецыяльных праектаў «Сталічнае тэлебачанне» Наталля Надольская, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Коршунава і мастацкі кіраўнік узорнага тэатра-студыі юнацкай творчасці пры НЦМТМ, актрыса, рэжысёр Наталля Рачкоўская.
Старшынёй журы сёлета выступіў Алесь Бадак, які шмат гадоў ацэньвае майстэрства юных чытальнікаў у рамках «Жывой класікі». Ён адзначае, што дыскусіі падчас вызначэння пераможцаў заўсёды непазбежныя: хтосьці не згодны з высокай ацэнкай калег, іншыя ж не могуць назваць найлепшага ў пэўнай узроставай катэгорыі. І сёлета ў кожнай намінацыі некалькі чалавек, як палічыла журы, заслугоўвалі высокай ацэнкі... Аднак кожны эксперт — прафесіянал сваёй справы, гэта набліжае да аб’ектыўнасці і дапамагае ў прыняцці агульнага рашэння.
— Тое, што «Жывая класіка» жыве столькі гадоў, гаворыць толькі аб адным — праект запатрабаваны і цікавы дзецям ды іх бацькам, настаўнікам, гледачам, якія назіраюць, журы, якое ацэньвае, — разважае Алесь Мікалаевіч. — Гэта не проста конкурс чытальнікаў — асаблівасць творчага спаборніцтва заключаецца ў тым, што дзеці могуць цудоўна прадэманстраваць сваё акцёрскае майстэрства. Паглыбленне ў вобразы дазваляе ім ствараць міні-спектаклі. Вельмі радуе, што добра ведаюць
беларускую мову і вельмі стараюцца вучні малодшых класаў. Яны ніколі не памыляюцца. А прачытаць урывак з твора, асабліва празаічнага, складана, у тым ліку з-за хвалявання, якога не пазбегнуць і падчас фіналу, калі праходзяць здымкі. Сцэна і тэлекамеры, што амаль усе ўдзельнікі бачаць упершыню, могуць давацца цяжка, аднак мы бачым, што яны не палохаюцца.
Выбіраюць дзеці сапраўды жывую класіку, лічыць Алесь Бадак. Часцей за ўсё яны звяртаюцца да твораў знаёмых ім па школьнай праграме пісьменнікаў.
Працягам гэтай сцежкі...
Для журы заўсёды прыемна, калі ўдзельнікі не спыняюцца на конкурсе, а, напрыклад, збіраюцца быць акцёрамі, паступаюць у адпаведныя навучальныя ўстановы. Дарэчы, Дзень беларускага пісьменства дазволіць бліжэй пазнаёміцца з чытальнікамі мінулых сезонаў «Жывой класікі», якія заваявалі прыхільнасць журы. Ды конкурс расце і мяняецца... Так, на галоўнай фестывальнай пляцоўцы ў Лідзе ўпершыню будзе праходзіць гала-канцэрт пераможцаў розных гадоў. А адзін з іх — гэта Радзівон Дземянчук з Брэста — будзе выступаць як акцёр у традыцыйнай пастаноўцы на адкрыцці свята. Юныя артысты маюць патрэбу ў падтрымцы не толькі падчас правядзення конкурсу, але і пасля, калі спрабуюць свае сілы ў творчай прафесіі, упэўнены Алесь Бадак.
- А 7 верасня у эфіры «СТБ» будзе дэманстравацца праграма, у якую ўвойдуць візітоўкі ўдзельнікаў сёлетняга конкурсу ды іх конкурсныя выступленні (яшчэ напрыканцы жніўня ў Мінску адбыўся фінал, дзе было прадстаўлена 17 нумароў ад навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі). З творамі класікаў і сучаснікаў выступаюць Міра Багдановіч, Платон Моніч, Аліса Хамёнак, Сафія Маркутава, Яўген Рафаловіч, Сцяпан Мальцаў, Лізавета Раманюк, Марыя Сарган, Іван Цімашэвіч, Анастасія Ананчанка, Ульяна Зубоўская, Цімур Лукін, Вячаслаў Канаразаў, Ганна Андрайчук, Дзяніс Сурма, Максім Чудак, Сафія Мухіна і Палiна Князева. Праграма атрымалася надзвычай выразная — многія творы, якія чытаюць школьнікі, прысвечаны тэме Вялікай Айчыннай вайны.
— Праведзена велізарная арганізацыйная работа, якая ішла болей як два месяцы, — заўважае прадзюсар «СТБ» Ірына Вайтцэль. — Было складана скаардынаваць усіх выкладчыкаў, бацькоў і дзяцей, бо лета і ўсе ў адпачынках... Большую частку часу заняло стварэнне відэавізітовак. Згодна з задумай, дзеці павінны былі паказаць сябе на фоне славутасцей. Так, былі выбраны помнікі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне і Перамозе, мясціны, якія раскрываюць канцэпцыю Года добраўпарадкавання. Яшчэ адной тэмай стала 500-годдзе выдання «Апостала» Францыска Скарыны. Заданне — не з лёгкіх, было шмат пытанняў. Мы адказвалі на іх, дапамагалі, вырашалі арганізацыйныя праблемы... Агульнымі намаганнямі паспяхова правялі фінал. А праніклівае чытанне дзецьмі вершаў і прозы, як заўсёды, выклікала моцныя эмоцыі і глыбокія адчуванні.
...Плён намаганняў удзельнікаў, якія дайшлі да фіналу, — іх выступленні ўбачыць уся Беларусь. А пасля прызёры атрымаюць падарункі і пуцёўкі ў Нацыянальны дзіцячы цэнтр «Зубраня».
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота з сайта nchtdm.by